На конкурсе юных пианистов "Вдохновение" в Новополоцке выступали миорчанки

 Выхаванцы Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў паспяхова выступілі на конкурсе юных піяністаў "Натхненне" ў Наваполацку. Дзяўчаты трымаюць дыпломы. Гэта вынік іх старанняў. Яшчэ адна прыступка ў самаразвіцці. Набыты вопыт, новыя ўражанні. На конкурсе Міёрскую дзіцячую школу мастацтваў прадстаўлялі Даша Каралькова, Саша Мацвеева, Віка Матэленак, Паліна Фяцковіч і Насця Вярковіч.

РЭГІЯНАЛЬНЫ конкурс юных піяністаў "Натхненне" праходзіць раз у два гады на базе Наваполацкага музычнага каледжа. Спаборнічаюць выхаванцы полацкіх і наваполацкіх школ мастацтваў, шмат удзельнікаў з райцэнтраў. Таму музыка гучыць два дні. У першы іграюць мясцовыя, на другі пераймаюць эстафету канкурсанты з раёнаў.


— Так атрымалася, што сёлета мы трапілі на першы конкурсны дзень, 16 сакавіка. Выступаць разам з Полацкам і Наваполацкам нашмат складаней. Яны ў сябе дома, могуць рэпеціраваць у конкурснай зале, — расказвае кіраўнік фартэпіяна-скрыпічнага аддзялення Міёрскай ДШМ Галіна Шокель. — Перад нашымі дзяўчатамі задача стаяла сур'ёзная. Усе атрымалі высокую ацэнку журы, адзначаны дыпломамі.
 ПАДЧАС спаборніцтва выкладчыкі Галіна Шокель і Ірына Болтач хваляваліся ў глядзельнай зале, прапускалі праз сябе кожную ноту. Выступленне аднаго ўдзельніка доўжылася пятнаццаць хвілін. Старэйшыя канкурсанты ігралі чатыры творы, у сярэдняй і малодшай групах — па тры. Падтрымаць міярчан прыйшлі землякі, якія вучацца ў каледжы.


Выступалі дзяўчаты ў розных узроставых групах. Не тояць, што справіцца з хваляваннем няпроста. Іграць у незнаёмай зале на чужым фартэпіяна — выпрабаванне на майстэрства і ўпэўненасць у сабе.


 З ПЯЦЯРЫХ канкурсантак толькі Саша Мацвеева раней удзельнічала ў "Натхненні". На гэты раз узяла трэцяе месца. Музычную бронзу заваявала і Паліна Фяцковіч. Найбольш канкурэнтаў было ў самай малодшай удзельніцы Насці Вярковіч. Сярод дваццаці двух выступоўцаў паказала высокі ўзровень. Заслужаныя апладысменты ў Вікі Матэленак. Калісьці паміж скрыпкай і фартэпіяна яна выбрала апошняе і цяпер не шкадуе. Даша Каралькова сёлета заканчвае 9 клас агульнаадукацыйнай і развітваецца са школай мастацтваў. Вырашыла паступаць у Наваполацкі музычны каледж.


— Калі добра іграеш, ад гэтага і гледачы атрымліваюць задавальненне, і сам выступоўца, — заўважае Галіна Шокель. — Мы рады за дзяўчат. Яны малайцы. І вельмі ўдзячны іх бацькам за разуменне і падтрымку. Да конкурсу рыхтаваліся задоўга, штодня рэпеціравалі.
ЗАНЯТКІ ў школе мастацтваў не перашкаджаюць дзецям атрымліваць добрыя адзнакі на ўроках у звычайнай школе. Якраз наадварот. Па словах выкладчыкаў, іх выхаванцы развіваюцца не толькі ў творчым і эстэтычным планах, але і вучацца граматна арганізоўваць свой час, каб усё паспець.


Цяпер на фартэпіяна-скрыпічным аддзяленні займаюцца 38 навучэнцаў. Гэтаму майстэрству дзетак пачынаюць вучыць з шасці год. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.