Авторизация
 

Пра ўсё і ўсіх Міёрскай дзіцячай бібліятэкі

 — У чым сакрэт поспеху?
— Не ведаю, — з усмешкай адказвае загадчык Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Валянціна Лакотка. — У нас дружны калектыў, прыемная атмасфера, на працу ідзём з задавальненнем і любім тое, чым займаемся.

АЎТОРАК, каля чатырох гадзін вечара. У бібліятэцы ціха. Гэтая цішыня прыемная, але для супрацоўнікаў нязвыклая. Хочацца чуць дзіцячы гоман і шамаценне кніжных старонак. Раптам грукнулі дзверы і прагучала бадзёрае прывітанне. Прыйшлі за кніжкамі сябры-шасцікласнікі Жэня Цітовіч і Паша Цімафееў. "А пра танкі што-небудзь ёсць?" — пытаюцца.


 — Мяне ў пяць год мама сюды прывяла,— расказвае Жэня. — У школе шмат задаюць, але пачытаць час застаецца. Люблю літаратуру пра ваенную тэхніку.


Неўзабаве сябры з цікавасцю гарталі маляўнічую кніжку, якую прапанавала бібліятэкар.


 — Найбольш наведвальнікаў у нядзелю. Нават чэргі збіраюцца, — заўважае Валянціна Лакотка. — Прыходзяць дзеці, іх бацькі, дзядулі і бабулі. Мы рады чытачам любога ўзросту.


 ПА БУДНЯХ бібліятэка працуе да шасці вечара. Часта назіраюць такую сітуацыю: на гадзінніку 17.45, забягаюць запыханыя школьнікі і з радасным воклічам-пытаннем: "Мы яшчэ паспелі?!" накіроўваюцца да кніжных паліц.
Канечне, паспелі. Чытаць, як і вучыцца, ніколі не позна. Асабліва важна падтрымліваць і заахвочваць цікавасць дзяцей да кнігі, калі правяць баль гаджаты і інтэрнэт.

Прыемны палон друкаваных радкоў

НА БІБЛІЯТЭКАРАЎ магія смартфонаў, планшэтаў і электронных кніг не дзейнічае. Ім жыццёва неабходна дакранацца да цвёрдых і мяккіх кніжных вокладак, бегаць вачыма па акуратных друкаваных радках, удыхаць водар кнігі з ноткамі дабрыні і мудрасці. Для чатырох супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі месца працы стала другім домам. Утульным, цёплым, камфортным.


 ЗАГАДЧЫК установы Валянціна Лакотка атрымала пастаянную прапіску ў Міёрскай дзіцячай бібліятэцы ў 1981 годзе. У 1983-м яе ўзначаліла. З часам любоў да абранай справы ўсё больш разгаралася. Прыходзілі новыя чытачы, папаўняўся кніжны фонд, таўсцела папка з дыпломамі і граматамі. Як заўважае загадчык, да ўзнагарод не імкнуцца. Проста старанна і з душой выконваюць свае службовыя абавязкі.
У ЧЫТАЛЬНАЙ зале займаецца з чытачамі Галіна Рачыцкая. На абанеменце сустракае Таццяна Вішнеўская.


— Мой абавязак самы лепшы — зносіны, — гаворыць Таццяна Львоўна. Яе бібліятэчны стаж налічвае амаль трыццаць год, з якіх пятнаццаць звязаны з дзіцячым кніжным домам. Ветліва ўсміхнецца хлопчыку і дзяўчынцы, пацікавіцца іх настроем, справамі ў школе і ўражаннямі аб прачытаных творах, уважліва выслухае пажаданні юных чытачоў, прапануе кнігі на іх густ.


ДВА гады назад пайшла на заслужаны адпачынак бібліятэкар абанемента Ірына Томка. На пасту яе змяніла малады спецыяліст Анастасія Драба. Прапанавала ідэі, якія падтрымалі вопытныя калегі. Цяпер частка літаратуры на паліцах абанемента размеркавана не ў алфавітным парадку, а згодна з тэматыкай. Так чытачам прасцей арыентавацца. У сацыяльнай сетцы "Укантакце" з'явілася старонка Міёрскай дзіцячай бібліятэкі. Пакуль што 175 сяброў, на сцяне — анонсы і фотасправаздачы з мерапрыемстваў, інфармацыя пра пісьменнікаў, прэзентацыі кніг. Для юных чытачоў бібліятэчныя паліцы сталі цікавым фонам для фотасесій.

 Хочаш быць лепшым — чытай

НА ЎВАХОДЗЕ ў бібліятэку справа на сцяне — вялікі плакат ката Леапольда з дзіцячымі фотаздымкамі. Гэта своеасаблівая Дошка гонару. Тут фота лепшых чытачоў.


— Каб трапіць на Дошку гонару, трэба за год прачытаць дваццаць і больш кніг. Дзеці ахвотна далучаюцца да спаборніцтва, — заўважае Валянціна Лакотка. — Хтосьці можа і схітрыць: узяць невялікія па аб'ёме кнігі. Але галоўнае — цікавяцца і чытаюць.


СПІС актыўных чытачоў дзіцячай бібліятэкі вялікі. Вось толькі некаторыя імёны. Валерыя, Ліза і Паша Шупейкі, Вераніка і Саша Шамёнкі, Даша і Ксюша Матковы, Маша і Аніта Мацукі, Віка Савейка, Максім і Андрэй Пішчулёнкі, Сафія Красоўская, Віка Осіпава, Насця Чыркова, Улад Грэцкі, Даша Лапіцкая, Паліна Мізер, Насця Найдзёнак, Мікіта Багданаў і іншыя. Адны прыходзяць за кнігамі самастойна, іншыя — разам з татамі і мамамі, дзядулямі і бабулямі.


— Цікавасць да кнігі, любоў да чытання перш-наперш выхоўваюцца ў сям'і, — упэўнены бібліятэкары. —Мы падтрымліваем дзіцячы інтарэс да добрых гісторый і захапляльных прыгод. Прыемна, што нашы былыя чытачы цяпер прыводзяць у бібліятэку ўласных дзяцей.

 За літаратурай і не толькі

МІЁРСКАЯ дзіцячая бібліятэка абслугоўвае звыш 2 100 чытачоў. Ад дашкольнага да пенсіённага ўзросту. Кніжны фонд налічвае каля 25 000 экзэмпляраў.


— Актыўна чытаюць вучні-пачаткоўцы, пяці-шасцікласнікі. У старэйшых класах цікавасць да кніг меншая, звычайна бяруць праграмную літаратуру, — расказвае Валянціна Лакотка.


— Але ёсць і такія чытачы, якія пасябравалі з кнігай аднойчы і назаўсёды, — заўважае Таццяна Вішнеўская.
ЧЫТАЦКІЯ густы разнастайныя. Прыгоды, навука, каханне, фэнтэзі — у бібліятэцы знойдзецца ўсё. Для самых маленькіх у чытальнай зале — кнігі-цацкі, кнігі-пазлы, кнігі-3D і гукавыя. Каб не было сумна іх матулям, побач на паліцы газеты і жаночыя часопісы. У маляўнічых кніжачках серыі "Маленькі прафесар" цікавую і даступную інфармацыю пра навакольны свет знойдуць першакласнікі. Серыя "Дзіцячы дэтэктыў" — для аматараў заблытаных сюжэтаў з нечаканым фіналам. Добрыя і павучальныя гісторыі змяшчае серыя "Сонечны зайчык" ад выдавецтва Беларускага Экзархату. Шмат год гэтае выдавецтва забяспечвае гарадскія бібліятэкі духоўнай літаратурай.


 — Чытаць такія кнігі, нібы мёд піць. Іх можна смела даваць дзецям, — дзеліцца асабістымі ўражаннямі Валянціна Лакотка. — Літаратура духоўнай скіраванасці дапамагла пашырыць кола чытачоў. Дзеці бралі кнігі, на іх звярталі ўвагу бацькі, дзядулі і бабулі. Хутка дарослыя сталі самі прыходзіць.


БІБЛІЯТЭКА — не толькі месца, дзе можна ўзяць дадому кнігі. Тут адбываюцца сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі. У гасцях пабывалі Уладзімір Ліпскі, Алена Масла, Таццяна Дашкевіч і іншыя. Ладзяцца розныя мерапрыемствы, да кожнага абавязкова афармляюць тэматычную выставу літаратуры. Сюды прыходзяць на экскурсіі выхаванцы дзіцячых садкоў і школьнікі, у тым ліку і з сельскай мясцовасці. Сцены актавай залы ўпрыгожваюць работы выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Тут сканіруюць і раздрукоўваюць дакументы і фотаздымкі, даступны інтэрнэт. А яшчэ бібліятэка — своеасаблівы цэнтр псіхалагічнай падтрымкі. Нярэдка наведвальнікам трэба проста пагаварыць.

 Сіла прыцягнення

Нават не верыцца, што калісьці ў запоўненым кніжнымі паліцамі памяшканні размяшчалася апаратура для аўтаматычнай тэлефоннай сувязі. Калі яна перастала быць патрэбнай, сувязісты перадалі свае ўладанні бібліятэкарам.


ПРАСТОРНА, светла, утульна. Цікавыя кнігі і вялікія пышназялёныя кветкі. Акварыум з рыбкамі і лімоннае дрэўца (пакуль без лімонаў). Мяккія цацкі ў куточку для самых маленькіх наведвальнікаў. Уважлівыя і добразычлівыя бібліятэкары. Прыемная атмасфера.


 ПРАЗ некалькі хвілін разумееш, чым вабіць дзіцячая бібліятэка і чаму хтосьці часам прыходзіць проста пагутарыць. Тут спакойна і хораша. Нібы ў добрай казцы. У такіх месцах адпачываеш душой. І сюды хочацца вяртацца. 

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ.
Дзень нараджэння Міёрскай дзіцячай бібліятэкі — 1 ліпеня 1951 года. Першы загадчык — Вольга Платонаўна Лахманава. Напачатку кніжны фонд установы налічваў 150 экзэмпляраў. Працяглы час дзіцячая бібліятэка размяшчалася пад адным дахам з цэнтральнай. У 2009 годзе пераехала на адрас Горкага, 5, дзе знаходзіцца і цяпер.

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта