В библиотеке знакомились с вышитыми картинами миорчанки Марии ГАЙЛЕВИЧ
gazeta 12-03-2018, 13:31 1 618 Культура
Царква на беразе возера, букет васількоў у плеценым кошыку, акружаны елкамі вадаспад, рамонкі ў вазе і вішні на сподачку. Усё гэта вышыта каляровымі ніткамі па белай канве. Карціны сагрэты цеплынёй рук і душы. Таму імі хочацца
доўга любавацца. Міёрская цэнтральная бібліятэка працягвае праект "Адкрый у сабе талент". На чарговай творчай сустрэчы знаёміліся з вышыванымі карцінамі Марыі ГАЙЛЕВІЧ.
РАБОТЫ Марыі Гайлевіч упрыгожылі стэлажы бібліятэчнага абанемента напрыканцы лютага. Трынаццаць вышытых карцін. Іх разглядалі чытачы, калі прыходзілі мяняць кнігі. Яшчэ адна выстава пад назвай "Зроблена з любоўю" размясцілася ў чытальнай зале. Дэкаратыўныя куфары і кошыкі з газетных трубачак, карціны з поўсці, дрэўцы з бісеру — гэта вырабы ўдзельніц праекта "Адкрый у сабе талент". У першы дзень вясны яны завіталі ў бібліятэку на сустрэчу "Творчасці цудоўныя імгненні". Расказвалі пра свае захапленні, дзяліліся ідэямі.
ВУЧЫЦЦА шыць, вышываць, вязаць, плесці і так далей ніколі не позна. Марыя Гайлевіч па-сапраўднаму захапілася вышыўкай на заслужаным адпачынку. У мінулым яна намеснік дырэктара СШ №2 і настаўніца матэматыкі. Цяпер — заўзятая майстрыца.
— Вышываю дзесьці сем год. Наўрад ці падлічу ўсе работы. Цікавасць да гэтага занятку запалілі маладыя калегі, — расказвае Марыя Аляксандраўна. — Калі вышываеш, рукамі аддаеш цеплыню. Мне прыемна дарыць свае карціны блізкім, сябрам.
ЗА круглым сталом і няспешным чаяпіццем майстрыцы абменьваліся творчым вопытам. Надзея Атопкіна, як звычайна, здзівіла вышыўкай. А яшчэ стракатым тортам "Разбітае шкло". Бліжэй хацелася разгледзець чайны домік Галіны Урбановіч. Ад драўлянага вырабу, аздобленага дэкупажам са спецыяльнай рысавай паперы, вее ўтульнасцю. Яркімі колерамі і ўзорамі вабяць плеценыя з газетных трубачак вырабы Алы Грэцкай. У гэтым відзе рукадзелля спрабуе сябе Сафія Садоўская. Поўсць — матэрыял, з якім працуе Галіна Паўлоўская. Валяе дэкаратыўныя рэчы і "малюе" карціны.
ТВОРЧАСЦЬ — адна з крыніц радасці. Адчуванне асалоды не пакідае за работай, узрастае яшчэ больш, калі бачыш вынік, і перадаецца па нябачных каналах сувязі ўсім, хто затрымлівае позірк ці дакранаецца да рэчы, створанай умелымі цёплымі рукамі.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.