Рашэннем райвыканкама намечана сёлета правесці раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці і народнай творчасці ў красавіку-маі пад назвай "Жыццё маё песняй спавіта…" Арганізацыя мерапрыемства даручана аргкамітэту пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Стальмачонак.
У склад аргкамітэта ўключаны начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін (намеснік старшыні) і яго намеснік Аксана Ашурка, кіраўнік клуба народных майстроў "Святліца" Алена Батарчук, старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Барэйка, вядучы спецыяліст Алена Бандарук, намеснік дырэктара РДК Аляксей Гайдзель і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Баляслаў Чарняўскі.
15 красавіка на базе Павяцкага СДК выступаюць калектывы мастацкай самадзейнасці Узмёнскага СДК і Даўгінаўскай сельскай бібліятэкі-клуба, Павяцкага СДК, Перабродскага СДК і Забалоццеўскай сельскай бібліятэкі-клуба, Паташнянскага СК, Ідолтаўскага СК, Лявонпальскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку.
22 красавіка на сцэне Чэраскага СДК дэманструюць сваё майстэрства калектывы мастацкай самадзейнасці Чэраскага, Наўгародскага, Туркоўскага, Чапукоўскага СДК і Волкаўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба, Новапагосцкага і Дварнасельскага сельскіх клубаў. 29 красавіка агляд-конкурс працягваецца ў Дзісенскім гарадскім цэнтры культуры. Выйдуць на сцэну калектывы мастацкай самадзейнасці Язненскага і Цвецінскага СДК, Цвецінскага сельскага Дома фальклору, Істаўскага, Папшулёўскага і Мікалаёўскага сельскіх клубаў. 6 мая эстафету агляду-конкурсу прымае раённы Дом культуры. Выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці сярэдніх школ і дашкольных устаноў, прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў райцэнтра, адбудзецца выстава народнай творчасці майстроў Міёршчыны.