Авторизация
 

Тэатральна-харэаграфічнае аддзяленне Міёрскай школы мастацтваў

 Тэатральна-харэаграфічнае аддзяленне Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў роўна напалову маладзей за саму ўстанову. Яму споўнілася 25 год. Выхаванцы тэатральна-харэаграфічнага адзялення ДШМ — пастаянныя ўдзельнікі гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Штораз юныя танцоры ўносяць у святочную канву яркія фарбы і пластычныя рухі. За гэтым стаіць нястомная праца педагогаў і дзяцей.

У танцы самае складанае — усмешка
ПРАСТОРНЫ кабінет на першым паверсе з вялікімі люстэркамі і поручнямі уздоўж сцен. Педагог Наталля Варанько вядзе ўрок народнага танца ў шостым класе. У агульнаадукацыйнай школе яе вучаніцы — сямі-васьмікласніцы.
— Усе памятаюць, што трэба зрабіць пасля блінчыкаў, каб перайсці на пераскок? — пытаецца настаўніца.


Дзяўчаты дружна ківаюць і па чарзе кружацца па зале, расставіўшы рукі ўбокі і перабіраючы нагамі.
НА УРОКУ можна пачуць шмат цікавых выразаў, сэнс якіх зразумелы толькі самім танцорам. "Трымаць сябе лакцямі", "пакруціць блінчыкі", "не спісваць з чужых ног", "трымаць кропку". Блінчыкі на мове харэаграфіі — танцавальны рух. Трымаць кропку азначае на штосьці арыентавацца, каб не збіцца з траекторыі.


На заняткі дзяўчаты прыходзяць штодня, нягледзячы на шэсць-сем урокаў у звычайнай школе. Гавораць, што музыка і рух праганяюць негатыўныя эмоцыі, прымушаюць забыцца на непрыемнасці. Адзначаюць, што самае складанае ў танцы — усмешка.
ВУЧАНІЦЫ малодшай групы пагаджаюцца, што танцаваць і ўсміхацца — няпроста. Асабліва падчас выступлення на сцэне. Пакуль у іх звычайны ўрок класічнага танца з Аляксандрай Катышавай. Замест прывітання — паклон. Затым паўтарэнне асноўных рухаў.
— Танец — гэта прыгожа, — адказвае юная танцорка на пытанне пра абранае захапленне.
— Мне на сцэне выступаць падабаецца, — дадае другая.
— Праз танец можна адлюстраваць свае пачуцці, — усміхаецца трэцяя.

 Сем нот для танцора
У ГЭТЫМ навучальным годзе ў тэатральна-харэаграфічным аддзяленні 128 выхаванцаў.
— Набіраем дзетак з шасці год. Дзейнічае падрыхтоўчая студыя для маленькіх танцораў ад чатырох год. Цяпер дзесяць груп. У кожнай свая назва — "Дзьмухаўцы", "Задорынкі", "Тапатушкі" і іншыя, — расказвае загадчыца аддзялення Аляксандра Катышава. — За сем год навучання дзеці двойчы здаюць экзамены. Перавадны пасля чацвёртага класа і выпускны — у сёмым. Згодна з вучэбнай праграмай, павінны ведаць усе віды танцаў. І тэарэтычна, і на практыцы.


У РАСКЛАДЗЕ заняткаў — асновы класічнага танца, гісторыка-бытавы танец, гісторыя харэаграфічнага мастацтва, народна-сцэнічны танец. Да таго ж, выхаванцы аддзялення вывучаюць музычную грамату і на выбар музычны інструмент. Як правіла, большасць аддае перавагу фартэпіяна.


Аляксандра Яраславаўна падрабязней знаёміць з прадметамі вучэбнай праграмы. Становіцца зразумелым, што нумары, з якімі выступаюць дзіцячыя калектывы—толькі вяршыня харэаграфічнага айсберга.


— Асновы класічнага танца — для дзяцей навука складаная. Між тым, гэта як сем нот у музыцы. Ведаеш іх — будзеш якасна іграць і спяваць. Так і з танцам. Трэба вучыцца цягнуць насок пад вызначаным вуглом, прыгожа адводзіць руку, правільна трымаць спіну і так далей. Гісторыка-бытавы танец — прадмет пазнавальны. Вывучаем віды танцаў, пачынаючы ад 16 стагоддзя. Не толькі рухі, але і танцавальныя касцюмы, — расказвае педагог. — Дзецям найбольш падабаюцца сучасныя танцы. Іх няма ў праграме. Ідзём насустрач выхаванцам і знаходзім час для заняткаў. Пасля ўрокаў рыхтуемся да канцэртаў. Вельмі ўдзячны бацькам, што адпускаюць дзяцей на дадатковыя рэпетыцыі.
Разам з класічнымі і сучаснымі танцамі ў харэаграфічнай скарбонцы беларускія народныя "Лявоніха", "Крыжачок", "Бульба", усе разнавіднасці полькі, рускія "Барыня", "Калінка" і "Кадрыль", украінскі "Гапак".


КОЖНЫ ТАНЕЦ — не да аўтаматызму завучаныя рухі і не дзяжурная ўсмешка. Гэта працяглая работа, жаданне вучыцца, перамога над сабой. Гэта асалода, якую адчуваеш, калі рух і музыка зліваюцца ў адзінае гарманічнае цэлае.


— Танец выхоўвае працавітасць, вынослівасць, дысцыплінуе і вучыць заўважаць тых, хто побач з табой, — гаворыць Аляксандра Катышава. — Танцавальны нумар доўжыцца тры з паловай хвіліны. Рыхтуемся да выступлення ад трох да шасці месяцаў. Заўсёды прыемна, калі гучаць апладысменты.

 Час у рытме танца
ХУТКА і незаўважна, як канцэртны нумар, пралятаюць дні ў настаўнікаў тэатральна-харэаграфічнага аддзялення. На чарговым выпускным ім зноў не верыцца, што са школай развітваюцца ўчарашнія першакласнікі.


Для некаторых выхаванцаў танец становіцца прафесіяй. Ганарацца ў школе Леанідам Сарокіным, удзельнікам ансамблю танца, музыкі і песні "Талака". Любаваліся яго выступленнем на сёлетнім мерапрыемстве да дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Павіншаваць родную школу з юбілеем прыязджала выкладчык харэаграфіі Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Лідзія Блажэвіч.


ПАМЯТАЮЦЬ калегі былую загадчыцу аддзялення Святлану Касцюкевіч. Нямала год вучылі дзетак танцам цяперашнія галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Пяткевіч і супрацоўніца раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Платонава (Савейка). У сталіцы працягвае харэаграфічную справу Марына Драба.


— Кожны педагог вылучаўся прафесійным майстэрствам, пакінуў у школе часцінку сваёй душы, — адзначае Аляксандра Яраславаўна.
ЦЯПЕР у тэатральна-харэаграфічным аддзяленні трое выкладчыкаў. Танцавальныя вопыт і стаж Аляксандры Катышавай і Наталлі Варанько вымяраюцца не адным дзясяткам год і сотнямі выступленняў. Юлія Лабуць — малады спецыяліст.


Можна не сумнявацца, што ў новым годзе выхаванцы і педагогі тэатральна-харэаграфічнага аддзялення не раз парадуюць гледачоў яркімі і запамінальнымі нумарамі. З сінхроннымі рухамі і шчырымі ўсмешкамі. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 625
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 94 909
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 671
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 642
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 721
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 764
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 922
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2020
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2020


Госці краін

free counters
Партнеры сайта