Миорской детской школе искусств 50!

 Стварыць і падарыць свята — гэта майстэрства. У Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў ім валодаюць дасканала. Багатая фотагалерэя, бліскучая лічба 50 на майках юных танцораў, сувеніры для гасцей, цёплыя віншаванні, запамінальныя нумары — усё гэта складнікі юбілейнай урачыстасці, якая адбылася 4 лістапада ў раённым Доме культуры.

 Светлая настальгія

Займаць месцы ў глядзельнай зале госці не спяшаліся. У фае вабілі фотагалерэя і выстава творчых работ. На чорна-белых і каляровых здымках многія знаходзілі сябе. "Пазнаеш тут сваю маці?" — пытаецца ў дачушкі выпускніца 1999 года Марына Драба.


— Мы з Мінска. У Міёры прыязджаем да бацькоў. У школе мастацтваў займалася на харэаграфічным аддзяленні. Вучылася ў Святланы Зянонаўны Касцюкевіч, Наталлі Генадзьеўны Варанько. Выкладаю харэаграфію ў мінскай школе,—расказвае Марына.—Прыемна, што запрасілі на свята. Рада сустрэчы з настаўнікамі і дзяцінствам.


Юныя артысты ў яркіх касцюмах і з лічбамі 5 і 0 рыхтуюцца да выступлення. За імі назірае малады спецыяліст Юлія Лабуць.
— Падабаецца працаваць у гэтай школе. Дружны калектыў, дзеці мяне любяць, — гаворыць Юлія. — Школу мастацтваў скончыла ў роднай Шаркаўшчыне. Пасля віцебскага вучылішча размеркавалі ў Міёры.
Выхаванцы тэатральна-харэаграфічнага аддзялення змянілі на сцэне ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў, які распачаў святочны канцэрт.

 Пра мінулы дзень

Сучасная школа мастацтваў — гэта 34 выкладчыкі, 410 вучняў, навучанне па чатырох напрамках, дзевяць самадзейных калектываў. Пачыналася ўсё з драўлянага будынка з пячным ацяпленнем, чацвярых педагогаў і 56 выхаванцаў. Мінулае школы, імёны выкладчыкаў, этапы станаўлення прыгадалі ў гістарычным экскурсе вядучыя Аляксей Гайдзель і Наталля Варанько. Падкрэслілі, што фундамент установы — педагагічны калектыў. Падмурак трывалы. Дзясяткі год прысвяцілі дзецям і творчасці Мікалай Рагоўскі, Надзея Абалевіч,Тамара і Ігар Валчкі, Зінаіда Пучкоўская, Лідзія Алеська. Адны на заслужаным адпачынку, іншыя па-ранейшаму спяшаюцца на заняткі. 

— У школы мастацтваў зайздроснае мінулае, добры сённяшні дзень і бліскучая будучыня, — падвялі вынік вядучыя.

 Віншаванні, падарункі, узнагароды

Цёплыя словы педагогам, вучням, выпускнікам адрасавалі паважаныя госці свята. У прывітальным лісце ад старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова падкрэслівалася, што школа мастацтваў— нязменны спадарожнік важных падзей у раёне. Школай, якая дорыць толькі пазітыў, назвала ўстанову намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Пра ўменне скарыць дзяцей абаяльнасцю і раскрыць іх таленты гаварыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін заўважыў, што ў школы ёсць усе ўмовы для творчасці, поспехаў і перамог.


З добрымі словамі і прыемнымі сюрпрызамі завіталі на свята дырэктар СШ №2 Уладзімір Ханецкі, намеснік дырэктара СШ №3 Вольга Федуковіч, калектыў УП ЖКГ "Азярніцы", калегі з Браслава і Шаркаўшчыны.


Для школы мастацтваў — каштоўныя падарункі. Для выкладчыкаў — заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана творчая дзейнасць кіраўніка народнага аддзялення Ігара Лаўца. Ганаровую грамату райвыканкама ўручылі загадчыцы выяўленчага аддзялення Наталлі Даргель. Узнагароду ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі атрымала выкладчык фартэпіяна-скрыпічнага аддзялення Ірына Болтач.


Віншаванняў і цёплых слоў прагучала шмат. З відэаэкрана звяртаўся да былых калег адзін з колішніх дырэктараў школы Мікалай Рыгоравіч Далгалёў. Час, праведзены ў атмасферы творчасці, назваў лепшым перыядам у сваім жыцці, а музыку — лякарствам ад усіх хвароб. Яго сын — кампазітар Дзмітрый Далгалёў — віншаваў школу з юбілеем са сцэны РДК.
Відэавіншаванне і прызнанне школе ў любові з ЗША даслаў Сяргей Аляксееў. З японскай сталіцы Токіа вітала калег Святлана Касцюкевіч.

 На сцэне выпускнікі

Прыемны падарунак для педагогаў — поспехі колішніх выхаванцаў. Як адзначыў дырэктар установы Баляслаў Чарняўскі, з 1100 выпускнікоў 20% звязалі сваю прафесію з творчасцю. У святочны канцэрт уключылі нумары былых вучняў.


— Я пайшоў па жыцці правільнай сцежкай. Люблю сваю работу, — гаварыў выпускнік 1978 года Сяргей Воранаў, выкладчык філіяла Полацкай дзіцячай школы мастацтваў.


Педагог Наваполацкага музычнага каледжа Аляксандр Шабуцкі школу мастацтваў у Міёрах скончыў у 1996 годзе.


Не мог не завітаць на свята Сяргей Філіпаў. Са школы пуцёўку ў творчасць атрымалі ўсе трое дзяцей таленавітай сям'і. Марына спявае ў джазавым калектыве. Арсеній заканчвае акадэмію музыкі імя Гнесіных у Маскве. Лаўрэат шматлікіх конкурсаў Анастасія прыехала з музычным падарункам.


Па-дамашняму ўтульным можна назваць творчы нумар ад сям'і Капцюг, таксама былых навучэнцаў.


***
Выступленні выпускнікоў пацвердзілі словы пра зайздроснае мінулае. У паспяховым сённяшнім дні ўпэўнілі нумары Дашы Каральковай і Сашы Мацвеевай, ансамбля "Гармонія" дзісенскага філіяла, народнага ансамбля песні "Мёрыца", дзіцячага хору і іншых таленавітых і яркіх вучняў і педагогаў.
У бліскучым будучым няма сумненняў.

Больш фота гл. у групах у сацыяльных сетках.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.