Когда в Миорах культработники в роли зрителей

 Культработнікаў у глядзельнай зале ўбачыш рэдка. Напрыклад, на сустрэчы з нагоды прафесійнага свята. Яны ўмеюць раскрываць таленты і запальваць усмешкі. Спяваюць на вясковых дварах і пляцоўках "Славянскага базару". Пад спякотным сонцам і на пранізлівым ветры. Па буднях рэпеціруюць, у выхадныя працуюць.

Свята людзей, што дораць іншым радасць творчасці. Так назваў дзень работнікаў культуры начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін. Заўважыў: цяжкасцяў хапае. Менее жыхароў у сельскай мясцовасці. Таму зачыняюць установы культуры. З-за недахопу фінансаў не паўсюль удаецца зрабіць рамонт і купіць камп'ютары. Аднак самае галоўнае — таленавітыя прафесіяналы на сваіх працоўных месцах.


Народныя традыцыі і каштоўнасці захоўваюць у Дзісенскім гарадскім Доме рамёстваў. Высокі ўзровень самадзейнасці дэманструюць на раённым аглядзе-конкурсе Дзісенскі ГЦК, Язненскі, Чэраскі, Цвецінскі, Наўгародскі, Павяцкі, Чапукоўскі, Узмёнскі сельскія Дамы культуры, Паташнянскі, Істаўскі, Мікалаёўскі сельскія клубы. Салісты і творчыя калектывы прадстаўляюць раён на абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Конкурсы народнага касцюма, сацыяльных відэаролікаў пра здаровы лад жыцця, маладых выканаўцаў "Песні юнацтва нашых бацькоў", "Песні Перамогі" — у гэтых і іншых творчых спаборніцтвах удзельнічалі таленты з Міёршчыны.


 Тройчы адзначылі наш раён на сёлетніх абласных "Дажынках". За падворак, каравай, дажыначны сноп. Узнагароду за сноп уручылі яго аўтару, кіраўніку клуба народных майстроў "Святліца" Алене Батарчук.


У глядзельнай зале адпачывалі не ўсе. За ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі харэограф дзіцячай школы мастацтваў Наталля Варанько выйшла з-за куліс. Рыхтавала да выступлення танцавальны калектыў "Дзьмухаўцы". Такую ж узнагароду атрымаў дырэктар Дзісенскага гарадскога Цэнтра культуры Аляксей Астукевіч. Праз некалькі хвілін ён ужо спяваў на сцэне для сваіх калег.


 Ганаровай граматай райвыканкама ацэнена шматгадовая творчая праца загадчыка Істаўскага сельскага клуба Раісы Налівайка. Удзячнасць аб'яўлена бібліятэкару Новапагосцкай бібліятэкі Іне Цярэшка, мастацкаму кіраўніку РДК Алене Шангіной. Узнагароду ад абласной прафсаюзнай арганізацыі атрымала галоўны бухгалтар аддзела Жанна Сушко.
Музычныя падарункі дарылі культработнікам іх выхаванцы і калегі па цэху. 

Аляксандр ТРОНЬКІН: "Шмат мерапрыемстваў штогод праходзіць у нашых установах культуры. Раскрываць таленты дапамагае раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці. Сельскія культработнікі — гэта аснова нашай самабытнасці. Шырокая чытацкая аўдыторыя ў бібліятэк. Прафесіяналы, захопленыя сваёй справай, працуюць у дзіцячай школе мастацтваў. Захоўваюць гісторыю супрацоўнікі музея. Развіваецца супрацоўніцтва з калегамі з бліжняга замежжа. Найбольш цесна — з цэнтрам беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Шчыры дзякуй усім, хто самааддана працуе на культурнай ніве Міёршчыны".

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.

На здымках: Алена Батарчук. Выступае малады спецыяліст РДК Андрэй Ражанскі. Аляксандр Тронькін віншуе Алену Шангіну.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.