Вячаслаў ШАМШУР — наш зямляк, мастак і навукоўца, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Нарадзіўся восьмага жніўня 1942 года ў вёсцы Пціцкія. Сёлета справіў 75-гадовы юбілей.
"Дарагія мясціны майго дзяцінства не даюць спакою. Іх цудоўныя сонечныя вобразы заўсёды стаяць у маіх вачах і вельмі часта з'яўляюцца ў снах", — не хавае патрыятызму мастак. У адным са сваіх вучэбна-метадычных дапаможнікаў піша: "Лёсам наканавана нарадзіцца мне на Міёршчыне, у сціплым, але па-свойму прыгожым куточку Віцебшчыны, які называецца Беларускім Паазер'ем".
Першую персанальную выставу ў 1991 годзе Вячаслаў Шамшур арганізаваў менавіта ў Міёрах і прысвяціў маме. Ён заўважае, што на радзіме самы шчыры, чулы і добразычлівы глядач. Мастак экспанаваўся ў Міёрах і потым. "Калі для сваіх людзей выставай я магу зрабіць прыемнае, то буду проста шчаслівы".
У родныя Міёры таленавіты зямляк прыязджае штогод улетку. Асабліва любіць тут парыбачыць, збірае ягады і грыбы. З дзяцінства захапляецца прыродай. Яшчэ хлапчуком не мог адарвацца ад кнігі "Па слядах Рабінзона" акадэміка Вярзіліна, дзе падрабязныя апісанні пейзажаў і розныя парады. Напрыклад, як спячы хлеб з каранёў гарлачыкаў, як з кары бярозы зрабіць гуталін…
Любіла прыроду і мама мастака, ведала назвы раслін і вучыла гэтаму сына. Гартавала творчае мысленне дзедава кузня. Хлопчык назіраў, як жалеза ператваралася ў карысныя рэчы — падковы, клямкі, качэргі.
Карункавы вопыт
— Мама апранула мне беленькую новую кашульку і адправіла паскакаць па канаўках, лужынах, нібы мятлічак. Заадно дала нажніцы, каб занёс навастрыць да дзеда ў кузню. Я выканаў заданне. Але ж трэба праверыць: ці добра навостраны? І пачаў на кашулі выразаць карункі.
Яшчэ творчы хлопчык марыў стаць геолагам — збіраў па полі камяні. Так ці інакш усе яго захапленні звязаны з прыродай. Цікавасць да малюнка з'явілася ў школе. Вячаслаў наведваў гурток, дзе праводзіў заняткі гісторык Пётр Нікіфаравіч Салоха, пасля — завуч школы Аляксандр Іосіфавіч Капітанаў, які таксама захапляўся мастацтвам. Ім Вячаслаў Шамшур асабліва ўдзячны.
Да паступлення ў інстытут будучы прафесар рамантаваў дарогі, грузіў жвір, працаваў піянерважатым у дзіцячым доме ў вёсцы Александрова. Скончыў сярэднюю вячэрнюю школу працоўнай моладзі і ў 1962 годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава. Праз два месяцы прызвалі ў войска. "Але і ён упарты, і каб свайго дабіцца" праз тры гады вярнуўся ў інстытут і паспяхова яго скончыў.
Паслужны спіс багаты
Затым аспірантура Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Зямляк стаў кандыдатам навук, неўзабаве—прафесарам. З 1970 года выкладае ў роднай альма-матар. Амаль 20 гадоў загадвае кафедрай мастацтваў, з 2010-га—прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі.
Даследуе гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, творчасць сучасных віцебскіх мастакоў. Аўтар манаграфіі, вучэбнага дапаможніка, раздзелаў у "Гісторыі беларускага мастацтва", артыкулаў у "ЭЛіМБел", навуковых часопісах, перыядычным друку. Удзельнік шматлікіх выстаў, пленэраў, у тым ліку міжнародных і рэспубліканскіх. Сярод мноства ўзнагарод мае спецыяльны прыз ад Полацка-Віцебскай епархіі за серыю лінагравюр па адраджэнні духоўнасці. Сябра Беларускага саюза мастакоў, "Выдатнік народнай асветы БССР".
"Мой родны кут, як ты мне мілы"
Як і ў дзяцінстве, Вячаслаў Шамшур аддае перавагу пейзажам. Шмат напісаў карцін з мясцовымі краявідамі. Напрыклад — наша Набярэжная, фэст у Чэрасах, мяккая міёрская зіма. Акрамя прыроды, натхняльны імпульс даюць асацыяцыі, успаміны, а некаторыя сюжэты нават прыходзяць у сне. Аўтар вучыўся ў часы сацыялістычнага рэалізму, таму цяпер імкнецца пазбавіцца канкрэтнасці і прамой выяўленчасці, стварае абстракцыі, пераасэнсоўвае колеры і формы.
Многія карціны земляка захоўваюцца ў прыватных калекцыях Галандыі, Амерыкі, Польшчы, у розных музеях, у тым ліку міёрскіх. Больш за сотню навінак пакуль у майстэрні і чакаюць экспазіцыі. Усіх твораў не пералічыць, гэтага і не ставіў мэтай аўтар. Ганарымся таленавітым выхадцам Беларускага Паазер'я!
Мастак пад стогам сена. - Фота аўтара.
Алена БАСІКІРСКАЯ.