Праздновали миорские библиотекари

 Міёрскія бібліятэкары падрыхтавалі падарункі чытачам да дня  бібліятэк і адзначылі свята разам з добрымі сябрамі і творчымі асобамі. Букеты кветак, паветраныя шары, кампліменты на каляровых лістках, гарбата з лугавымі травамі, літаратурнае варэнне. І вядома, кнігі і цікавыя зносіны. Дажджлівым днём 15 верасня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы было цёпла і сонечна.

Наведвальнікі затрымліваліся ў фае на ўваходзе ля століка з кнігамі. Іх прынеслі чытачы з уласных паліц для іншых кнігалюбаў. Звароту раманы і дэтэктывы не належалі. Яшчэ сюрпрызы—бясплатныя кнігі з камерцыйнага фонду і выстава кніжных навінак.
Чытачы прымацоўвалі на стэлаж лісткі з пажаданнямі і кампліментамі, віншавалі бібліятэкараў добрымі словамі і кветкамі. Пышная дыфенбахія ад клуба "Бажэна" размясцілася ў чытальнай зале. Там праходзіла галоўнае мерапрыемства святочнага дня. Сабраліся пастаянныя чытачы, міёрскія паэты і актывісты клуба "Залаты ўзрост" з Дзісны на чале з кіраўніком Аленай Ільічовай.


 Дырэктар бібліятэкі Ала Скавародка заўважыла, што дзверы ўстановы адкрыты для кожнага чытача, а 15 верасня—агульнае свята. Гасцінныя гаспадары частавалі гарбатай з лугавымі травамі, дамашнімі бублікамі і фірменным варэннем. Ягадныя ласункі нарыхтоўваюць з лета. Вараць па рэцэптах класікаў літаратуры. Сунічнае, як любіў Іван Тургенеў, малінавае, якім частаваўся Леў Талстой, з агрэсту—якое гатавалі для Аляксандра Пушкіна.


Падарункі і культурную праграму прывезлі дзісенскія госці. Песні дарылі Ядвіга Ганебная і Людміла Тарубарава. Захоплена слухалі вершы кіраўніка аб'яднання "Алый парус" Джэмы Пугачэўскай. Пра жыццёвы і творчы шлях расказаў пісьменнік Славамір Даргель. Падзяліліся літаратурнымі набыткамі паэты з Міёр Святлана Захарэвіч, Ларыса Барок, Юлія Вітко, Аляксей Рачыцкі.
За круглым сталом многія ўбачыліся ўпершыню. Здавалася, што сабраліся добрыя знаёмыя. Так бывае, калі сустракаюцца творчыя і нераўнадушныя, таленавітыя і захопленыя. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.