Миорской школе искусств исполняется 50 лет
gazeta 27-09-2017, 14:20 1 316 Культура
7 верасня 1967 года ў Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў празвінеў першы званок. Педагогі і вучні рыхтуюцца да свята. Прыгадваюць гісторыю, перабіраюць фотаархіў, шукаюць адрасы выпускнікоў, рэпеціруюць нумары. Аснова сцэнарыя да юбілейнай урачыстасці гатова. Свой залаты ўзрост Міёрская дзіцячая школа мастацтваў адзначыць трэцяга лістапада.
Невялікі драўляны будынак з пячным ацяпленнем на вуліцы Камуністычнай (у месцы паміж сучаснымі павільёнамі і скульптурай журавоў). Чацвёра педагогаў і 56 вучняў. З інструментаў — фартэпіяна, домра, баян і акардэон. Такой была музычная школа пяцьдзясят год таму.
Прывабная трохпавярхоўка на плошчы Леніна побач з раённым Домам культуры. Трыццаць чатыры выкладчыкі, 409 выхаванцаў, два філіялы ў раёне. Дзевяць самадзейных калектываў, у тым ліку ўзорны і народны. Навучанне па чатырох напрамках. Гэта школа мастацтваў сёння.
Імёны і даты школьнага летапісу
Першы дырэктар музычнай школы Фёдар Новікаў прыступіў да абавязкаў 15 жніўня 1967 года. Граць на фартэпіяна вучыла Галіна Петрачэнка. Як зладзіць з баянам і акардэонам, паказваў Эдуард Таўкінь. Домру выхаванцы асвойвалі з Іраідай Дзерынг.
Педкалектыў павялічваўся. У 1978 годзе працуе чатырнаццаць выкладчыкаў. Мікалай Рагоўскі і Надзея Абалевіч заставаліся ў школе да заслужанага адпачынку. Ігар і Тамара Ваўчкі, Лідзія Алеська і цяпер у сваіх класах.
На пасадзе дырэктара да пачатку 80-х змянілася шэсць супрацоўнікаў. Сем год—з 1970 да 1977-га—кіраваў школай Мікалай Далгалёў. Заснаваў аркестр народных інструментаў.
Стваральніца ансамбля народнай музыкі і песні "Мерыца" Зінаіда Пучкоўская ўзначаліла ўстанову ў 1983-м. Творчы калектыў з'явіўся ў 1992-м, пасля атрымаў званне народнага. У ім спявалі і танцавалі педагогі музычнай і агульнаадукацыйных школ, таленавітыя жыхары горада і раёна. Іх было семнаццаць.
Разам з 50-гадовым юбілеем школа святкуе дваццаць пятую гадавіну наваселля. У тым жа 1992 годзе змяніла імя. З музычнай ператварылася ў школу мастацтваў. Распачало работу мастацкае аддзяленне. З першых дзён на ім выкладае цяперашні дырэктар Баляслаў Чарняўскі. На кіраўніцкім пасту з 2006-га.
Ад званка да званка
Першыя выпускнікі развіталіся з музычнай школай ў 1971 годзе. Іх трое—Зінаіда Кіслая, Міхаіл Дземідзёнак, Рыма Васілёнак.
З гадамі, калі не кожны другі, то кожны трэці вучань гарадскіх школ пасля літаратуры і матэматыкі спяшаўся на ўрокі ігры на гітары, баяне, скрыпцы і так далей. Выхаванцы ішлі ў прафесію па сцяжынцы мастацтва. Напрыклад, Сяргей Аляксееў, Галіна Шокель, Таццяна Бялевіч, Ірына Болтач, Аляксандра Катышава, Вячаслаў Адзінец, Ігар Бунта, Святлана Атопкіна, Антоній Блажэвіч, Сяргей Матэленак, Яўгенія Баговіч. Як заўважае дырэктар Баляслаў Чарняўскі, цяперашні педкалектыў—у большасці выпускнікі школы. У тым ліку і сам кіраўнік. Цяперашні кіраўнік аркестра баянаў і акардэонаў Ігар Лавец таксама вучыў нотную грамату ў Міёрскай музычнай школе. Трыццаць пяць год таленавіты музыка і чулы педагог грае са сваімі вучнямі. Калектыў, які з 2002 года носіць званне ўзорнага, выступае на гарадскіх і абласных мерапрыемствах, вяртаецца лаўрэатам з рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
За межамі класных кабінетаў
Калі скласці ўсе ўзнагароды выхаванцаў і педагогаў, атрымаецца высокі-высокі стос. Навучэнцы фартэпіяна-скрыпічнага аддзялення перамагалі ў конкурсе юных піяністаў "Натхненне" ў Наваполацку. Народнае аддзяленне пастаянна ў лідарах фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў імя Пятрэнкі ў Полацку, удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе імя І. Жыновіча. У ліку лаўрэатаў рэспубліканскага творчага спаборніцтва Павел Лавец і Арсеній Філіпаў, якія звязалі жыццё з музыкай. Арсенія добра ведаюць у музычных колах Беларусі і Расіі. Работамі мастакоў любуюцца на шматлікіх конкурсах і выставах у горадзе і за межамі раёна. У праграмах святочных канцэртаў у РДК і на паўвостраве шмат нумароў ад педагогаў і выхаванцаў школы мастацтваў. У тым ліку ансамбль скрыпачоў пад кіраўніцтвам Ірыны Кісляк, дзіцячы хор Зінаіды Пучкоўскай, гітарысты Таццяны Бялевіч, ансамблі Ігара Лаўца, танцоры Аляксандры Катышавай і Наталлі Варанько, салістка Святлана Атопкіна, ансамбль "Каліна" Дзісенскага філіяла. Выступаюць на фестывалі нацыянальных культур, фестывалі беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, на "Славянскім базары" ў Віцебску, абласных "Дажынках".
Урокі, што трэба любіць
У дзіцячай школе мастацтваў вучаць іграць на баяне, акардэоне, фартэпіяна, скрыпцы, гітары, балалайцы і домры. Раскрываюць сакрэты ўдалых пейзажаў і нацюрмортаў. Развіваюць акцёрскія здольнасці. Навучаюць пластычным танцавальным рухам.
Вызначыцца са схільнасцямі дапамагае студыя эстэтычнай адукацыі. Прымаюць дзяцей любога ўзросту.
Як зразумець і адчуць гармонію музыкі, танца, карціны? Што для гэтага трэба? Здольнасці, жаданне, цікавасць. І галоўнае — любоў. Да мастацтва, якое акрыляе, натхняе і аб'ядноўвае.
P.S. Пяцідзесяцігадовая гісторыя школы мастацтваў аб'ядноўвае сотні людзей. Успаміны, фота, дыпломы. Напэўна, у выпускнікоў школы, выкладчыкаў-ветэранаў захаваліся цікавыя здымкі, узнагароды. Ім знойдзецца месца на святочных стэндах. Выкладчыкі будуць рады сустрэчы з былымі выхаванцамі і ўдзячны за фотаздымкі і дапамогу ў падрыхтоўцы да свята. Успамінамі можна падзяліцца па тэлефоне 4 15 93, фотаздымкі прынесці ў школу на вядомы кожнаму адрас.
На здымках: Настаўнікі і вучні ў двары музычнай школы. Выпуск 1973 года. Вучні харэаграфічнага аддзялення. У педкалектыве любяць жартаваць. Ансамбль народнай музыкі і песні "Мерыца" з кіраўніком Зінаідай Пучкоўскай.
Фота з архіва дзіцячай школы мастацтваў.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.