Областной семинар заведующих детских библиотек в Миорах

 Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

 

Два дні—21 і 22 чэрвеня—у Міёрах праходзіў абласны семінар загадчыкаў дзіцячых бібліятэк. Дзяліліся вопытам работы, раскрывалі сакрэты, чым захапіць юных чытачоў і іх бацькоў.

 

Месца сустрэчы— дзіцячая бібліятэка. Прасторная, светлая, утульная. Тут добразычлівыя супрацоўнікі і шмат цікавых кніг. Госці бліжэй пазнаёміліся з установай падчас аглядавай экскурсіі.


Пляцоўкай для абмену вопытам Міёры выбралі невыпадкова. Намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна Вольга Камендантава заўважыла, што работа міёрскіх бібліятэк пастаянна атрымлівае высокую ацэнку.


Віталі ўдзельнікаў семінара намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін. Як заўважыла Таццяна Алегаўна, у час СМІ і інтэрнэту бібліятэкі на Міёршчыне не згубілі свайго чытача. Дзеці і дарослыя прыходзяць памяняць кнігі, падзяліцца радасцямі і перажываннямі. Аляксандр Сяргеевіч не стаў адмаўляць праблемы: недахоп камп'ютараў, аптымізацыя. Да апошняй падыхо-дзяць рацыянальна, вывучаюць сітуацыю.


Пра структуру і формы работы Міёрскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы расказала дырэктар Ала Скавародка. Звярнула ўвагу, што функцыі бібліятэкі даўно выйшлі за рамкі кнігавыдачы. Ла-дзяцца мерапрыемствы рознай тэматыкі. Гэтаму спрыяе супрацоўніцтва з райкамітэтам БРСМ, раённай ветэранскай арганізацыяй, раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, мясцовай праваслаўнай царквой і іншымі. Надаецца ўвага прававому, экалагічнаму выхаванню юных чытачоў, фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця, развіццю творчых здольнасцей.


"Чытачом трэба даражыць, захапляць яго і служыць яму",—прагучала ў дакладзе загадчыцы Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Валянціны Лакотка. Ва ўстанову разам з дзецьмі за кнігамі і на мерапрыемствы прыходзяць іх бацькі, дзядулі і бабулі. Улюбёны метад работы бібліятэкараў—кніжныя выставы. Калі ладзіцца сустрэча з нагоды Дня праваслаўнай кнігі, падбіраюць духоўную літаратуру і творы праваслаўных пісьменнікаў. Калі запрашаюць у госці сем'і, выстаўляюць на паліцах казкі, аповесці і раманы пра свет чалавечых узаемаадносін. Пра поспех мерапрыемства мяркуюць па тым, колькі кніг з выставы ўзялі дадому наведвальнікі. І ў звычайны дзень асобныя стэлажы адведзены для выстаў. Цікавасць да беларускай кнігі выклікаюць прэзентацыі навінак і серыйных выданняў, сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі, у тым ліку землякамі. Юныя чытачы райцэнтра пазнаёміліся са Славамірам Даргелем і Аленай Масла. Прыязджалі ў госці Уладзімір Ягоўдзік і Таццяна Дашкевіч.


Слушныя парады, як зрабіць візіт чытача ў бібліятэку карысным і запамінальным, прагучалі ад удзельнікаў семінара. Спецыяліст рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці Юлія Дзірко пазнаёміла з дзіцячым прававым сайтам. Інфармацыя, размешчаная па інтэрнэт-адрасе www.mir.pravo.by,—багаты матэрыял для мерапрыемстваў па прававым выхаванні. Супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Сапега правяла майстар-клас "Буквіца" для малодшых школьнікаў. Дзеці спрабавалі намаляваць загалоўную літару друкаваных тэкстаў, а пасля паказаць яе сваім целам. Цікавыя для дзяцей і падлеткаў кнігі прадставіла камерцыйны дырэктар мінскага выдавецтва ААТ "МЕТ" Ала Корбут.


За круглым сталом гаварылі пра папулярызацыю дзіцячай кнігі і развіццё цікавасці да чытання. Працоўнымі набыткамі і знаходкамі падзяліліся бібліятэкары з Лёзна, Наваполацка, Браслава, Докшыц, Глыбокага, Пастаў.


У праграме семінара адвялі месца знаёмству з Міёрскім краем і адпачынку. Госці паглядзелі фільм пра эканамічна-сацыяльнае развіццё Міёршчыны і яе прыродныя адметнасці, пабывалі ў візіт-цэнтры "Ельня", сустрэліся з гісторыкам і краязнаўцам Вітольдам Ермалёнкам у музеі кнігі СШ №3 імя Ягора Томкі.

 

 

У дзіцячых бібліятэках на Віцебшчыне займаюцца прававым, экалагічным, духоўным выхаваннем, вучаць здароваму ладу жыцця і здымаюць буктрэйлеры.

 

Каментарый загадчыцы Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Валянціны ЛАКОТКА:

—Абласны семінар загадчыкаў дзіцячых бібліятэк прымалі ўпершыню. Гэта пачэсна і хвалююча. Такія сустрэчы—магчымасць падзяліцца вопытам, абнавіць скарбонкі творчых ідэй. І дзецям, і дарослым спадабаўся майстар-клас "Буквіца" ад Таццяны Сапега з Нацыянальнай бібліятэкі. Аказваецца, пра гісторыю кнігадрукавання можна расказаць крэатыўна, у дзеянні. Цікавымі і змястоўнымі былі выступленні калег з іншых раёнаў. У Докшыцах рэалізуецца грантавы праект "Духоўна-культурны цэнтр "Добрае слова", у Глыбокім робяць акцэнт на сямейны адпачынак з кнігай. Маладыя калегі здымаюць буктрэйлеры—рэкламныя ролікі пра цікавыя выданні. Мы таксама загарэліся ідэяй гэта паспрабаваць.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.