Узорны аркестр баянаў і акардэонаў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў у чарговы раз сказаў сваё гучнае "Я", заняў другое месца ў абласным конкурсе. Спаборніцтва праходзіла ў Дуброўне і ўвайшло ў праграму міжнароднага фестывалю песні і музыкі "Дняпроўскія галасы".
Кіраўнік калектыву Ігар ЛАВЕЦ адзначае, што падобныя конкурсы праходзяць усяго раз у чатыры гады. Міярчане рэгулярна прымаюць удзел і стабільна трымаюцца ў лаўрэатах. Пацверджаннем шматлікія дыпломы і падарункі, якія, як самая пачэсная памяць, упрыгожваюць класны кабінет выкладчыка. У Дуброўне на фестываль песні і музыкі ў складзе калектыву пабывалі 45 чалавек. І пераважная з іх колькасць—вучні, якія займаюцца бадай што на ўсіх музычных аддзяленнях. Ад удзельнікаў вялікая ўдзячнасць дырэктару ДШМ Баляславу Чарняўскаму, які паклапаціўся пра транспарт і іншыя арганізацыйныя моманты.
Упершыню аркестр прадставіў сябе ў 90-х гадах у Паставах. Несумненна, па словах музыкантаў, конкурсы тым карысныя, што не даюць стаяць на месцы, падштурхоўваюць да развіцця. Калекцыю ўзнагарод на гэты раз папоўніў пераможны Кубак і дыпломы. У якасці маральнага задавальнення—прыемныя словы ад беларускага кампазітара, старшыні журы Леаніда Маліноўскага.
Убачыць і пачуць прамяністую праграму аркестра вы, паважаныя чытачы, зможаце 31 мая на выпускным вечары дзіцячай школы мастацтваў. У прынцыпе, узорны аркестр баянаў і акардэонаў на мерапрыемстве выступае традыцыйна, але на гэты раз праграма раскрыецца шырэй.