К заведующей Волковщинской библиотеки

К заведующей Волковщинской библиотекиНавошта бібліятэкару нумары дарожнай службы, электрасетак і паліўзбыту. Да загадчыцы Волкаўшчынскай бібліятэкі-клуба Таццяны КАЗЛОЎСКАЙ прыходзяць і тэлефануюць, каб расказаць пра непрагрэйдаваную дарогу, пацікавіцца, чаму не гараць ліхтары, паскардзіцца на бадзячых сабак. Старэйшына вёскі  дапамагае сяльчанам з надзённымі праблемамі.

 

На грамадскай пасадзе Таццяна Іосіфаўна дванаццаць год. Жартам называе яе чамаданам без ручкі. І ўсур'ёз абходзіць вясковыя двары, запісвае, каму патрэбны дровы, нагадвае правілы пажарнай бяспекі, сочыць за добраўпарадкаваннем.


—Гэта работа без абмежаванняў, —гаворыць старэйшына.—Перастаў хадзіць аўтобус у нядзелю, не пра-грэйдавалі дарогу, патрэбны нумар якой-небудзь установы—вяскоўцы мне тэлефануюць. І ўдзень, і вечарам. Адны пытанні сама спрабую вырашыць, іншыя ў сельсавет перадаю.
Таццяну Казлоўскую засталі ў бібліятэцы. Насупраць установы будынак былой школы. Раней на перапынках дзеці за кніжкамі прыбягалі. Цяпер наведвальнікаў менш.


У Волкаўшчыне 80 двароў. Па словах старэйшыны, пра парадак на ся-дзібе клапоцяцца ўсе гаспадары. І мясцовыя, і прыезджыя. Два гады таму тут купіла дом сям'я з Браслава.


—Зрабілі рамонт, прыбралі тэрыторыю, кветак насадзілі. Дом атрымаўся, нібы казачны, —эмацыянальна расказвае Таццяна Казлоўская.— У многіх дварах летам квітнеюць лілеі, ружы, петуніі і іншыя краскі. Кветнікі ёсць не ва ўсіх, але смецце па двары ні ў кога не раскідана. Большасць сяльчан трымаюць гаспадарку. Гадуюць па 2-3 каровы. Па адной толькі ў сталых людзей. Выхадных у вёсцы не бывае.
У Таццяны Іосіфаўны раніца пачынаецца ў пяць гадзін. Устае дзвюх кароў даіць і свіней карміць. Дапамагае муж. Ён трактарыст у ААТ "Любінова".
Аднавяскоўцаў Таццяна добра ведае. У Волкаўшчыне жыве з 1988 года. Працавала на пошце, была лабарантам, бухгалтарам і заатэхнікам у мясцовым калгасе. На працу ў бібліятэку ходзіць васемнаццаць год.


—Спецыяльнай адукацыі не маю. Школу скончыла і пайшла працаваць. Што прасілі, тое і рабіла,—гаворыць субяседніца.
Зрабіць, пра што папросяць—абавязак старэйшыны вёскі. Спраўляцца з ім дапамагаюць добрая зрокавая памяць, неабыякавасць да чужых праблем. Таццяна Іосіфаўна ведае, чым цікавяцца сяльчане. Калі сустрэне ў часопісе артыкул з карыснымі рэкамендацыямі, прачытае, а пасля перакажа ім. У бібліятэку тэлефануюць з просьбай знайсці ў перыёдыцы пэўную інфармацыю.


Заробак для старэйшыны вёскі не прадугле-джаны. У якасці разліку—раз у квартал узнагароджанне меншае за базавую велічыню, словы ўдзячнасці ад вяскоўцаў і асабістае задавальненне, што ўдалося камусьці дапамагчы.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.