Павел Исакович — лучший комбайнер, отличный тракторист, почитаемый орденами

Павел Исакович — лучший комбайнер, отличный тракторист, почитаемый орденамиКалісь імя Паўла Ісаковіча гучала не толькі ў раёне. Лепшы камбайнер, выдатны трактарыст, ушанаваны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, удзельнік з'езду калгаснікаў Беларусі, дэлегат пленума ЦК КПБ, на якім слухаў самога Пятра Міронавіча Машэрава…

 

Такое не забываецца, хаця Павел Якаўлевіч даўно на заслужаным адпачынку. Днямі кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Масал наведалі былога механізатара калгаса імя Гастэлы, каб павіншаваць яго з 75-годдзем і ўручыць Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, адпаведныя выпадку сувеніры. Да дэлегацыі з раёна далучыўся дырэктар ААТ "Папшулі"—правапераемніка колішняй "гастэлаўскай" гаспадаркі—Васіль Кухцінскі, таксама не з пустымі рукамі.

 

Пра Паўла Якаўлевіча пісалі неаднаразова па розных уважлівых прычынах. Але ці ж можна нават у некалькіх публікацыях вычарпаць падрабязнасці жыцця гэтага надзвычай працавітага чалавека, бацькі дзесяцярых дзяцей. І ў гэты хвалюючы для юбіляра дзень давялося пачуць у яго ўспамінах новыя падрабязнасці мінулага.

 

Павел Якаўлевіч нарадзіўся апошнім, дзявятым, у шматдзетнай сялянскай сям'і ў ваенным 1941 годзе. Роды праходзілі цяжка, а медыкаў паблізу не было. У маці сіл хапіла толькі на тое, каб глянуць у тварык немаўляці і пераканацца, што гэта хлопчык. Шанцаў выжыць без матчынага малака ў суровых умовах акупацыі няшмат, але ён выкараскаўся. У час блакады партызанскай зоны бацьку паранілі карнікі-латышы, а вось франтавымі дарогамі ён прайшоў без адзінай драпіны, хаця надавалася рознае, нават пабыў некалькі дзён у палоне, а потым—"адмываўся" ў штрафбаце.
Пасляваеннае дзяцінства было нялёгкае, на 5-гектарах зямлі з такой колькасцю едакоў не нашыкуеш. Але ў той час каму было лягчэй. Прыгадвае Павел Якаўлевіч, якімі былі смачнымі за сямейным сталом салёныя агуркі і кіслая капуста з гарачай бульбачкай. Працаваць па гаспадарцы даводзілася нямала. Але гэта, напэўна, і загартоўвала, хваробы не бралі.


У моладзі была вялікая цікавасць да ўсяго новага. Вось Павел з трыма такімі ж хлопцамі-аднавяскоўцамі скіраваліся вучыцца на трактарыстаў. Як вярнуўся ў родную гаспадарку летам 1963 года, аказалася, што вельмі патрэбны машыніст на першы, толькі што атрыманы зерняўборачны камбайн СК-3. Па тым часе ён здаваўся складаным і магутным. Па рулявым коле на мосціку атрымаў назву "стэпавы карабель". Але колькі меў недахопаў. Нават цяпер памятае Павел Якаўлевіч, як намучыўся ломам адкручваць вось барабана малацілкі, якая часта забівалася, калі абмалочваў валкі збажыны, што ўраслі ў траву пасля дажджоў.


Адным словам, набіраўся вопыту на асабістых няўдачах і памылках, бо камбайнерскіх навыкаў у тагачасных механізатараў не было. Невыпадкова ветэран, як толькі надалася магчымасць, папрасіўся хаця б пасядзець у кабіне сучаснага камбайна. Не столькі кандыцыянер з функцыяй устанаўліваць жаданы мікраклімат, колькі наяўнасць аўтаматыкі, што простым дотыкам да кнопак дазваляе выконваць аперацыі, для якіх раней патрабаваўся лом, прывялі Паўла Якаўлевіча ў захапленне.


Даводзілася суткамі працаваць у напружаныя перыяды сельгасработ. Нагадвае, што менавіта так рыхтавалі глебу да веснавой сяўбы на ДТ-54 з прыцэпшчыкам на дысках. Кабіна без абагрэву, няспынны моцны рокат матора, бо ў выхлапной трубы не было глушыцеля. Пасля 24-гадзіннай змены сон навальваўся адразу, варта было толькі пакласці галаву на падушку. А неяк адпусціў зменшчыка на вяселле, дык вылез з кабіны трактара толькі на трэція суткі.


Запомнілася, што кожную зіму, а яны здараліся халодныя, масава нарыхтоўвалі ў якасці арганічнага ўгнаення тарфакрошку. Добра, пакуль вазілі яе з Жадаў, гэта блізка. А як з балота ля Юндзялова, там і пагрэцца няма дзе. Як толькі на ДТ-54 са спецыяльнай рыдлёўкай-каўшом закончыць пагрузку машын і трактарных прычэпаў, грэў ногі ў тарфяных буртах, што захоўвалі летняе цяпло.


А дома чакала ўласная гаспадарка, у якой акрамя іншых гадаванцаў былі 2-3 каровы. Накошваў для іх сена ручной касой. Сцвярджае, што пакласці ў пракосы за раз 80 сотак травастою было для яго звычайным. Калі памяць не падводзіць, дзённай нормай выпрацоўкі ў калгасе было сотак 40-50. Лічыць, што і зараз забяспечыць статак кормам для яго не праблема. Дапамагае спраўляцца са справамі конь, на якім сын звычайна збірае ад насельніцтва малако.


Здзіўляецца цяпер ветэран, што асабліва тады не стамляўся, на ўсё хапала сіл.
У механізатара-працаўніка такімі ж падрасталі дзеці. Усе пяць сыноў яшчэ школьнікамі прайшлі курс памочнікаў камбайнераў у час канікул у бацькі. Потым сталі хто трактарыстам, хто вадзіцелем: "Усе пры справе і пры машынах".
І цяпер Павел Якаўлевіч трымаецца малайцом, хаця здароўе іншы раз падводзіць. Любіць збіраць грыбы. За журавінамі можа скіравацца на Жады. Чырвонымі ад ягад баваюць вялікія купіны ля Стрэчна. "Там збіраеш журавіны стоячы, а ногі ў вадзе". Вельмі чыстае возера Ілава. Па тых мясцінах павадзіў восенню сына, які прыехаў пагасцяваць да бацькі з Наваполацка. Гарадскога жыхара тутэйшыя балоты і лясы не стамілі, а чыстае паветра надало новых сіл. Сцвярджаў, што добра адпачыў.


Ветэран прыгадвае: працоўнае жыццё правёў вясной у полі на трактары, летам—на залатой ніве на камбайне, а зімой—на торфараспрацоўках на балоце. Ганарыцца, што мае 10 дзяцей, 19 унукаў і 9 праўнукаў. Як збярэцца ўся сям'я—паўсотні чалавек. Не можа зразумець, чаму іншы раз на дзяржаўную падтрымку прэтэндуе чалавек, які не імкнецца забяспечыць сябе і дзяцей шчырай працай. Але гэта ўжо іншая тэма.
Мяне асабіста па-сапраўднаму здзівіў Павел Якаўлевіч некалькі гадоў таму, калі пабачыў яго ў ролі спевака на занальным туры раённага агляду мастацкай самадзейнасці. Вось сапраўды—і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Таму і ў 75— маладзец.


Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.