В гостях у Любови Грановской из деревни Конахи Миорского сельсовета

В гостях у Любови Грановской из деревни Конахи Миорского сельсоветаШасцёра дзяцей, трынаццаць унукаў і дзесяць праўнукаў (калі не памыляюся ў падліках!) у Любові Фёдараўны Граноўскай з вёскі Канахі Міёрскага сельсавета. Усе сыны і дочкі для яе вялікая радасць. За кожнага дзякуе Богу і адзначае, што нялёгка давялося, пакуль раслі, затое цяпер цешыцца.

Працавітасць — у спадчыну

Са слоў жанчыны, у шматдзетнай сям'і выхаванне грунтавалася на падпарадкаванні малодшых дзяцей старэйшым. Яны разам спяшаліся ў школу і дружна завіхаліся па хатняй гаспадарцы. На падворку, між тым, гадавалася шмат жыўнасці: дзве каровы, цяляты, 3-4 свіней, трусы, куры. Зімовыя харчовыя запасы дзеці папаўнялі ягадамі і грыбамі. Прадукты харчавання з падсобнай гаспадаркі дазвалялі эканоміць грошы, якія дарослыя члены сям'і зараблялі ў калгасе. Калі ў доме адчуваўся фінансавы дэфіцыт, прадавалі вырашчаную жывёлу. Таму маглі дазволіць сабе і дорагакаштуючыя рэчы. Напрыклад, у ліку першых у вёсцы набылі чорна-белы тэлевізар, што стала вялікай радасцю для сям'і.

В гостях у Любови Грановской из деревни Конахи Миорского сельсоветаУ расповядзе субяседніца неаднаразова падкрэслівала, што дзеці ў яе вельмі руплівыя, што, верагодна, перадалося ў спадчыну ад старэйшых пакаленняў. Бацька Любові Фёдараўны да вайны ўласнымі рукамі пабудаваў дом, а маці ўмела шыць, ткаць, прасці, вязаць і  нават плесці лапці. Многаму навучыла.

—Вось і цяпер не лянуюся,—кажа жанчына.—Летам на агародзе шчырую, а зімой праду ніткі з воўны. Сын Валодзя ў Верхнядзвінску летась шмат яе начасаў, таму электрычны "калаўрот" выкарыстоўваю часта. Ніткі раздаю дзецям для вязання. Зрэдку і сама бяру ў рукі пруткі.
На нагах Любові Фёдараўны цёплыя шкарпэткі—вынік яе працы. Паказала вялікія скруткі ваўняных нітак, хоць прадзіва ручное, але яны вельмі роўненькія.

Вытокі сямейнага шчасця
Бацька Любові Фёдараўны падчас вайны капаў акопы пад Масквой і цяжка захварэў. Заўчасна памёр, галоўнай у доме стала маці.  У вясковай сям'і без мужчыны цяжка. Калі ў Любы з'явіўся жаніх, не пярэчыла замужжу: ў студзені пазнаёміліся, а ў лютым—аб'ядналіся ў сям'ю. Між тым дзяўчыне было толькі 19, аднак ужо зарабляла. Працавала паштальёнам: дастаўляла часопісы, газеты, пісьмы і пасылкі з Міёр у Канахі, Свярдлы, Падгайцы, Картавыя... Ведала ўсіх у ваколіцы, акрамя Аляксандра Граноўскага, з якім пазнаёмілася, калі той дэмабілізаваўся з арміі. Адзіная сустрэча звязала маладых назаўжды. 
Старшыня калгаса "Парыжская камуна" Іосіф Майдзін запрасіў Аляксандра Граноўскага на працу ў гаспадарку, прапанаваў яму ўзначаліць брыгаду, а Люба пакінула паштовую работу і стала яго памочнікам—вяла ўліковую дакументацыю. Калі сям'я стала павялічвацца, абодва перайшлі з раслінаводчай галіны ў жывёлагадоўлю: даглядалі на ферме маладняк буйной рагатай жывёлы. Праца цяжкая, затое заробак мелі  добры. І сёння жанчына хваліцца, што работа яе была плённай, а таму  і пенсію выплачваюць добрую. Адзін за другім нараджаліся дзеткі: Аляксандра, Тамара, Іван, Ала, Ірына, Уладзімір. Паміж самай старэйшай дачушкай і меншым сыночкам розніца ў 19 гадоў.   

В гостях у Любови Грановской из деревни Конахи Миорского сельсоветаКаласкі аднаго поля
Сёлета былая вясковая працаўніца адзначыла 80-годдзе: з шыкоўным застоллем у кафэ—для родных, і дома—для суседзяў.  У сям'і  цяпер з улікам дзяцей, зяцёў, нявестак, унукаў і праўнукаў каля 40 чалавек. Па ўважлівых абставінах не ўсе змаглі прыехаць на ўрачыстасць, але жанчына не крыўдуе, бо сувязі з роднымі не парываюцца. Лічыць, што яшчэ надарыцца магчымасць пабачыцца і пагутарыць.

—Я і сама магу ў госці да іх завітаць,—сцвярджае пенсіянерка.—У родных ёсць машыны, а таму любая адлегласць хутка пераадольваецца.
Шкадуе Любоў Фёдараўна, што яе муж Аляксандр Васільевіч заўчасна пайшоў з жыцця і не можа цешыцца, як растуць яго ўнукі і праўнукі. 
Сыны і дочкі, нібыта праменьчыкі сонца, саграваюць сэрца матулі. Ужо даўно ўсе жывуць асобна, але па-ранейшаму яны, як каласкі ў снапе, звязаны адным вязьмом. Не забываюць дарогу да матулінага дома. Клічуць жыць да сябе, але пакуль ногі ходзяць і ў сваёй хатцы добра. Адзіноцтва не адчувае, бо дачка Тамара і сын Іван побач у Канахах. У аграгарадку Пад'ельцы атрымала ад мясцовага сельгаставарыства дом дачка Ала. Аляксандра—старэйшая з дзяцей—жыве ў Ветрыне. Ірына—у Бігосаве. Самы малодшанькі Валодзя працуе цяпер на Полаччыне, і пра яго матуля расказвала з асаблівай цеплынёй, прыгадаўшы многае, у чым ён дапамагае. Напрыклад, на агародзе абсталяваў тры парнічкі для памідор. Каб лягчэй набіраць ваду з калодзежа для палівання, вадзяны насос устанавіў. Настойвае, каб правесці ваду ў хату. Наогул, пра кожнага з дзяцей і ўнукаў Любоў Фёдараўна прыгадала нямала цікавага і падзякавала ім за любоў і падтрымку.

В гостях у Любови Грановской из деревни Конахи Миорского сельсовета—Мае дзяўчаткі з дзесяці год мылі ў хаце падлогу і з маленства прывучаны да парадку,—падкрэслівае,—таму і цяпер пасабляюць у многім. Няма ў мяне турбот з мыццём бялізны: з гэтай работай паспяхова "спраўляецца" пральная машына-аўтамат дачкі Алы. 
Аднак жанчына не збіраецца зусім ад працы адмаўляцца, і многае ў доме і на агародзе стараецца зрабіць сама. Клапоціцца, каб вясной бульбачку пасадзіць, а восенню выкапаць. Дапамагаюць у гэтым дзеці і ўнукі. Жывёлу не гадуе, а вось куры на падворку яшчэ ёсць.  
Любоў Фёдараўна запрашае ў агароднінасховішча, дзе яшчэ немалыя запасы морквы, кабачкоў, сталовых буракоў. На паліцах—"закруткі".
—Нарыхтоўкі раблю ў слоікі па розных рэцэптах і з усяго, што расце ў садзе,  на агародзе і ў лесе. За грыбамі не хаджу: сын Іван прыносіць, ён ведае мясціны, дзе растуць баравічкі, падасінавікі, апенкі. Каля 200 слоікаў з рознымі прысмакамі на зіму назапасіла,—расказвае клапатлівая гаспадыня. 

Паказала варэнне са свежай восеньскай маліны. Але мяне найбольш уразіла сваёй велічынёй цыбуля—кожная галоўка з мужчынскі кулак. А сталая жанчына на гэта толькі махнула рукой, маўляў, нічога дзіўнага няма, такая штогод расце. Любоў Граноўская нарыхтоўвае і сваё насенне морквы, агуркоў, капусты, бурачкоў. Адметна, што яно дае дружныя ўсходы і радуе багатым ураджаем. Беражліва захоўвае гаспадыня клубні кветак, якія вясной зноў трапяць у глебу і праз пэўны час забуяюць рознакаляровымі фарбамі, надаўшы асаблівы каларыт вясковаму падворку і жыццёвай восені яго гаспадыні. 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымку: шматдзетная матуля Любоў Граноўская з Канахоў; цыбуля з прысядзібнага ўчастка вясковай агародніцы; уласныя зімовыя нарыхтоўкі. 
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.  

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.