Няўмольна бягуць гады. 25 кастрычніка Любоў Трафімаўна СЦЕПУЛЁНАК адзначае 85-гадовы юбілей. З ёй я 30 гадоў адпрацавала ва Узмёнскай школе. Зараз жыву ў Полацку, але з асаблівай асалодай прыгадваю сумесны час.
Выкладала юбілярка біялогію і хімію. Шмат намаганняў аддавала працы з вучнямі на прышкольным участку. Вырошчвала тоны капусты, буракоў, агуркоў, морквы. Установа адукацыі не раз займала першае месца ў раённым гароднінным спаборніцтве. Пра гэта часта расказвала, змяшчала фотаздымкі раённая газета. За грошы ад рэалізацыі вучні бясплатна харчаваліся ў сталоўцы, ездзілі ў шматдзённыя экскурсіі ў Маскву, Ленінград, Кіеў, Белавежскую пушчу, Пушкінскія Горы, па іншых памятных мясцінах.
Любоў Трафімаўна любіла калег, дзяцей, вызначалася дабрынёй, чуласцю, гасціннасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў цяжкія хвіліны. Ва Узмёнах жыве больш за 60 гадоў. Нарадзіла і вырасціла чатырох сыноў, мае чатырох нявестак, васьмёра ўнукаў і адну праўнучку. Напаткала няшчасце: памёр муж.
Паважаная Любоў Трафімаўна, віншую Вас з юбілеем і жадаю здароўя, падтрымкі і душэўнай цеплыні ад дзяцей, толькі радасных звестак ад унукаў і ўсяго, што будзе падтрымліваць Ваш тонус.