Золотыми нитями скатерть семейная тканая
gazeta 19-02-2016, 15:10 0 Юбілей

Галоўнае багацце гэтых мудрых людзей: чатыры дачкі, тры ўнучкі і тры ўнукі, адзін праўнук. Адгарнём іх тоўсты сямейны альбом на некалькі гадоў таму…
Нарадзіліся Альдэфонс Пятровіч і Стэфаніда Альфонсаўна ў суседніх вёсках. Ён—у Дэмскіх 20 сакавіка 1939 года, а яна—у Паташні 6 красавіка 1941-га. Дзяцінства іх апалена Другой сусветнай вайной, калі панаваў голад, разбурэнні, нястачы… У нялёгкіх умовах даводзілася адраджаць гаспадаркі і ўсталёўваць жыццё.
Стэфаніда Альфонсаўна пасля заканчэння мясцовай сямігодкі пайшла працаваць у калгас даяркай. Не выпала ёй магчымасці вучыцца далей, бо маці адна гадавала траіх дзяцей, трэба было дапамагаць.
У той жа час у суседняй вёсцы хлопец Альдэфонс працаваў на ферме жывёлаводам. Рана застаўся без маці, а ў сям'і шасцёра дзяцей. Пасля службы на Ваенна-марскім флоце на Камчатцы праз тры гады вярнуўся дадому. Тата Альдэфонса атрымаў інваліднасць, пакінуць яго хворага нельга было. Астатнія дзеці раз'ехаліся па гарадах.
Хлопец і дзяўчына часта сустракаліся на вечарынах, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Аднойчы на чарговым спатканні, на другі дзень Калядаў, кавалер зрабіў прапанову рукі і сэрца Стэфанідзе, і папярэдзіў, каб чакала сватоў ужо ў наступную суботу. Абое паходзілі з веруючых сем'яў, а найважнейшым заўсёды лічылі шлюб, прыняты ў касцёле. 17 лютага 1966 года павянчаліся ў Ідолце, а праз дзень гулялі вяселле.
Жаніх быў камуністам, як абавязвала ў тыя часы партыя, а таму прыняць вянец у касцёле лічылася вялікай правіннасцю. У 24 гадзіны, у самы разгар вяселля, старшыня калгаса загадаў выключыць святло ў сталоўцы. Аднак госці не разышліся, працягвалася свята пры рамантычных агеньчыках газавых лямп і доўжылася тры дні.
Афіцыйна шлюб зарэгістравалі пазней, калі з'явілася першая дачушка Ліля, якраз пад свята Божага Нараджэння. Атрымлівалі ў сельсавеце падсведчанне аб нараджэнні дзіця і паставілі штампы ў пашпартах.
У Мяніцкіх чатыры дачкі. Праз шэсць год пасля Лілі з'явілася Ніна, праз два гады—Марыя і пасля пэўнага перапынку—Ірына. Усе дзяўчаты атрымалі адукацыю і працуюць на карысць роднай старонкі. Ліля вывучылася ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Жыве і працуе ў Папшулях бухгалтарам. Разам з мужам Анатолем вырасцілі дзвюх дачок, у якіх ужо свае сем'і: Валя жыве ў Віцебску і выхоўвае сыночка Жэню, Іра працуе ў Міёрскім судзе сакратаром.
Ніна закончыла Мінскі педуніверсітэт імя М. Танка. Працуе завучам у Мілашоўскай школе. З мужам Юрыем выхоўваюць Арнольда—студэнта-першакурсніка і чацвертакласніка Багдана. У хлопцаў добрыя музычныя здольнасці, старэйшы асвоіў баян у Міёрскай школе мастацтваў, а малодшы яшчэ адольвае музычную навуку.
Марыя жыве ў Міёрах і працуе настаўнікам-дэфектолагам у Цэнтры карэкцыйна- развівальнага навучання і рэабілітацыі. Самая малодшая Ірына па адукацыі настаўніца, яна ў райвыканкаме галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Пакуль у водпуску па доглядзе за дзіцяці. Анечцы яшчэ гадок, а старэйшаму яе сыну Раману сёлета споўнілася 5. Дзетак выхоўваюць разам з мужам Міхаілам. Радуе Мяніцкіх, што тры дачкі ў Міёрах жывуць на адной вуліцы, таму ў горы і радасці заўсёды разам.
Калі дзяўчаты былі малымі, а затым школьніцамі і студэнткамі—бацькам хапала клопатаў: стараліся прыгожа іх апрануць і смачна накарміць, для гэтага шчыра працавалі ў калгасе. Дома трымалі кароў, свінняў, курэй, авечак. Зараз, калі ў дачок свае сям'і, гаспадарка значна скарацілася. Пасля аперацыі гаспадыні давялося развітацца з кароўкай і свіннямі. Цяпер, як жартуюць Альдэфонс Пятровіч і Стэфаніда Альфонсаўна: "Жывём нібы ў горадзе, з падапечных толькі куры, сабака ды кот".
Ля дома ёсць яшчэ агародчык, дзе любіць улетку корпацца бабуля. Зімой вяжа ўнучкам цёплыя шкарпэткі. Дзядуля чытае малечы кніжкі.
Убацькоўскім доме сям'я збіраецца не толькі на гадавыя рэлігійныя святы Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Дэмскія ад Міёр усяго за 25 кіламетраў. Памагатыя заўсёды тут як тут. Не толькі водпуск праводзяць часта ў вёсцы ў дарагіх бацькоў, але і садзяць агарод, збіраюць ураджай.
Альдэфонс Пятровіч, калі яшчэ касілі сена, заўсёды з поля прыносіў жонцы букет палявых кветак. І ля дома ўлетку радуюць вока прыгожыя лілеі, хрызантэмы і астры.
Раней, калі сіл было больш, бацькі наведваліся да дзяцей у госці з ласункамі і віншаваннямі. Зараз найчасцей завітвае дачка Марыя. Таму ўсе прэзенты ўнукам перадаюцца праз яе. Раман і Багдан вельмі любяць прыязджаць у вёску, дзе ёсць прастора разгуляцца!
Вялікая сям'я Мяніцкіх мае добрую традыцыю віншаваць бацькоў з днём нараджэння на свята Вялікадня, бо адзін нарадзіўся ў сакавіку, а другі—у красавіку, а найчасцей гэтыя дні прыпадаюць на Вялікі пост, калі гулянні забаронены. Таму падарункі бацькі прымаюць у вялікае рэлігійнае свята.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота з сямейнага альбома Мяніцкіх.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.