Толькі паспеў адбыцца фестываль праваслаўных нядзельных школ "Благавест", як у Язне зноў звонка загучалі мілагучныя галасы, крочыў хрэсны ход падчас святочнага малебну. Па традыцыі разгарнулася выстава мясцовых творцаў, сабраўся люд, каб засведчыць непаўторнасць свайго куточка. Для таго цудоўная нагода—два юбілеі запар: 115 гадоў Свята-Праабражэнскай царкве і 540—мястэчку Язна. 
Людзей, як заўсёды,—паўнюткая зала. Значыць, даспадобы ім тутэйшыя артысты. Значыць, паважаюць мясцовую ўладу. Задавальняе жыццё. Бо толькі гатовыя на шчыры водгук і не надта абцяжараныя бу-дзённымі клопатамі дазваляюць сабе прасякнуцца грамадскім шчасцем. Тым, хто пакорліва стаяў ля дзвярэй, клапатлівыя рупліўцы Дома культуры прапаноўвалі крэслы. У пашане—кожны чалавек. Ці не гэта галоўнае?

Заўсёды Язна трымае высокія пазіцыі на аглядзе мастацкай самадзейнасці. Артысты здзіўляюць новымі сцэнічнымі знаходкамі, вакалам. Славуты фальклорны гурт "Язынка" ведаюць не толькі ў раёне, айчыне, але і бліжнім замежжы. Нездарма ў тамашнія ваколіцы часценька завітваюць абласныя, сталічныя прэса і тэлебачанне. Так, зусім нядаўна язненцы прымалі карэспандэнтаў "Народнага слова", тэлепраграмы "Існасць". Сярод складнікаў поспеху найперш чалавечы фактар. Не пакідаюць раўнадушных дынастыі культработнікаў. У апантанай бібліятэкаркі Ларысы Карпавай сын Міхаіл выкладае ў мясцовай музычнай школе, цудоўна спявае. Вабны голас мастацкага кіраўніка сельскага Дома культуры Вольгі Александроўскай шчодра перадаўся яе дачушцы Анастасіі, якая зараз у дэкрэтным водпуску, але не прамінае падтрымаць творчы калектыў, спявае. Анастасія таксама вучыць тутэйшых дзетак музыцы, як і яе муж, які колісь прыехаў да любай, тут і асталяваліся. Спраўная і дзелавітая дырэктар СДК Ларыса Бервячонак перадала ў спадчыну культурны талент дачушцы Аксане, якая цяпер жыве ў сталіцы, але часта варожыць на язненскай сцэне песнямі, займаецца танцамі. Ці не Бог пацалаваў у цемечка слынную плеяду язненцаў?

Аксамітны, размераны голас, што нібыта бруіцца з глыбіні душы, артыстычныя здольнасці галоўнага ўрача ўчастковай бальніцы Уладзіміра Пашковіча ведае ці не кожны міярчанін. Музычны падкаваны сын Ілья. Творчая-старшыня сельсавета Валянціна Фядзьковіч, у нацыянальным убранні вступала ў ролі гаспадыні падворка. Кагорта аднадумцаў і паплечнікаў уражвае. Канечне, з імі і іншы мясцовы люд. Адмыслоўцаў у Язне лічыць-не пералічыць.

Заўсёды вабіць традыцыйная выстава з новымі набыткамі. Пад чуйнай эгідай выхавальнікаў і загадчыцы Ірыны Балай пастараліся выхаванцы дзіцячага садка: малюнкі, вырабы з паперы, елачка з дожджыку, снегавікі, лясная імітацыя з мохам…і нават вожык з лускі ад шышак. Фотаздымкі з першым саставам калектыву, дамашнія нарыхтоўкі, уласнаручныя лялькі Ліліі Паршута, гліняныя вырабы ад прадстаўніка раённай улады Марыі Баніфатавай, хрызантэмы, вырашчаныя Евай Астроўскай… прадставіў жаночы клуб "Вера. Надзея. Любоў" і яго лідар Саламея Сіняўская. Калектыўныя і персанальныя фотаздымкі ўчастковай бальніцы. Вырабы вязаныя і з бісеру, тапіарыі, малюнкі тутэйшых краявідаў, тканінныя букеты кветак, царкву з картону, пано рамонкаў са скручанай паперы прэзентавалі школьнікі.

Аздобіла саломкай святыя лікі Тамара Касатая. Наогул, асоба шматгранная, спявае ў ансамблі, з мужам прымаюць замежных гасцей на аграсядзібе "Клённай"… Вучні нядзельнай школы прыходу Свята-Праабражэнскай царквы адлюстравалі рэлігійную тэматыку. Напрыклад, дзяўчынка моліцца перад іконай, за яе плячыма анёл. Замілаванне.
Валянціна Фядзьковіч уручыла Ганаровыя граматы сельвыканкама за актыўны ўдзел ў жыцці аграгарадка школе (дырэктар Іван Шыкула), дзіцячаму садку (загадчыца Ірына Балай), участковай бальніцы (галоўны ўрач Уладзімір Пашковіч), лясніцтву (ляснічы Андрэй Шчарбіцкі). Сельсавецкая падзяка за добрасумленную і шматгадовую працу, вялікі ўклад у добраўпарадкаванне вуліц, актыўны ўдзел у жыцці аграгарадка аб'яўлена старэйшынам Іі Кавалёнак, Ліліі Спірковіч, Наталлі Шыман, Раісе Наркевіч. Падзяка і іншым шаноўным і неабыякавым да грамадскага жыцця-Ірыне Стома, Тамары Касатай, Міхаілу Кубліцкаму, жаночаму клубу "Вера. Надзея. Любоў". Традыцыйным стала ўшаванаванне лепшых падворкаў. Сёлета вызначыліся Ларыса і Пётр Радзюкі з Камсамольскай, Таццяна і Сяргей Трус з Сонечнай, Святлана І Павел Осіпавы з Кастрычніцкай, Святлана і Анатоль Казловы з Баравой, Святлана і Уладзімір Мысляўцовы з Маладзёжнай, Зоя Шульга з Юбілейнай, Таццяна і Андрэй Прашкевічы з Паркавай, Ала і Пётр Шамшур з Зарэчнай, Таццяна і Пётр Баслак з вуліцы імя Стаканава, Ірына і Леанід Фурс са Звёзднай, Наталля і Сяргей Шчарбіцкія з Лугавой, Жанна Шугальская і Валерый Семянец з Азёрнай, Наталля і Віктар Валынец з Кальцавой, Святлана Вяль і Іван Лаўшоў з Лясной. Пераможцам уручаны грашовы сертыфікат.

Старшыня сельвыканкама шчыра дзякуе за матэрыяльную падтрымку ўрачыстасці гаспадарам мясцовых магазінаў "Ніка". Святар Сергій Гуцко перакананы: дзе людзі працуюць-там жыве Бог. Айцец Сергій за плённую працу на ўлонні царквы ўзнагародзіў прыхаджан: Уладзіміра Пашковіча, Аляксандра Шынкіна, Лілію Спірковіч, Галіну Валынец, Ірыну Бахір, якая шчыруе з дзеткамі ў нядзельнай школе, Зою Шульга, Алу Грыгель і Валянціну Фядзьковіч.
У сцэнарыі шмат вершаваных слоў. Над імі пастараліся справавод сельсавета Марына Селівёрстава і Ірына Балай. Песні прысвячалі мясцовым меліяратарам, камунгаснікам, лясным гаспадарам, сельгаспрацаўнікам, настаўнікам, выхавальнікам, медыкам, сувязістам… Выступалі салісты-школьны завуч Ірына Кухцінская, камунгаснік Аляксандр Сачыўка, эканаміст з "Цітова" Анатоль Дубоўскі, загадчыца гаспадарчай часткі бальніцы Валянціна Быкава, культработнікі Міхаіл Карпаў, Вольга Александроўская, Анастасія Бурштэйн, спявалі таксама Алена Рунда, Аксана Бервячонак, Уладзімір Каханчык.

Тэатральныя матывы ад Ларысы Карпавай, Ларысы Бервячонак. Уладзімір Пашковіч з Валянцінай Фядзьковіч-гаспадары падворка, якім падарыла каравай і вершы Ева Астроўская, вядомая чытачам як "Місіс Журавінка". Змешаная вакальная група акапэльна (без музычнага суправаджэння) звярталася да святой Ефрасінні, выканала песню пра Язна на словы паэта і аўтара-выканаўцы з Гомеля Леаніда Гомельскага і музыку мясцовай творцы Яўгеніі Барок. "Ты часцей у Язна, сябар, прыязджай. Цябе тут сустракаюць людзі Бога". Прасякнуліся аўтэнтэтыкай вясельнага абрада, якім вёска славілася здаўна. Частотнасць цырымоніі якраз прыпадала на восень.
Ладны аграгарадок як малюнак. Руплівыя людзі нібы мурашы. Вакол чысціня і ўтульнасць. Значыць, і на душы-лагода і спакой.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота К.БЛАЖЭВІЧА. [b][/b]