Лидия Пальчэх: "Легко управлять хорошим коллективом"
gazeta 1-10-2015, 14:04 0 Юбілей
Пачатак кастрычніка, а сёлетні — асабліва, для Лідзіі Міхайлаўны Пальчэх напоўнены хвалюючымі асабістымі і прафесійнымі датамі, у тым ліку юбілейнымі. 7-га яна адзначае 75-годдзе, з чым яе сардэчна віншуем, 9-га — Сусветны дзень пошты. Да гэтага ж часу прымеркавана 20-годдзе Белпошты. Вось колькі падстаў нагадаць мінулае для былога начальніка раённага вузла паштовай сувязі.
Радкі біяграфіі
Лідзія Міхайлаўна нарадзілася 7 кастрычніка 1940 года ў вёсцы Пялікі Шаркаўшчынскага раёна ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Шаркаўшчынскай сярэдняй школы ў 1957-ым пачала працаваць начальнікам мясцовага аддзялення сувязі. Відаць, выбар жыццёвага шляху аказаўся па душы, бо неўзабаве паступіла на завочнае аддзяленне ў Мінскі электратэхнікум сувязі. Потым у 1962-ім была пераведзена ў Шаркаўшчынскую кантору сувязі ў аддзел падпіскі на перыядычны друк. Толькі паспела атрымаць дыплом, як ліквідавалі Шаркаўшчынскі раён. Была прапанова паехаць у Талачын, але з'явілася магчымасць працаваць і ў суседніх Міёрах, адкуль бліжэй было ездзіць да састарэлых бацькоў, гэта, відаць, і пераважыла іншыя аргументы на карысць выбару.
На новым працоўным месцы Лідзіі Міхайлаўне адразу прапанавалі пасаду намесніка начальніка раённай канторы сувязі, але пабаялася такой адказнасці. Пачала са старшага тэхніка, ды сітуацыя прыспешвала. Праз колькі месяцаў прызначана намеснікам начальніка раённай канторы сувязі ў Міёрах, а ў канцы 1968-га—начальнікам ужо раённага вузла паштовай сувязі, узначальвала яго да 2002-га.
У Міёрах начальнікам канторы сувязі быў на той час Альберт Іванавіч Галіеўскі, ён і стаў маім настаўнікам. На жаль, з-за цяжкай хваробы пайшоў з жыцця ў 40 гадоў, у снежні 1968-га я яго замяніла, а маім намеснікам стала Аляксандра Канстанцінаўна Паплаўская. Яна вельмі старанная, ініцыятыўная, працавітая, умела абыходзілася з калектывам, што і дазволіла праіснаваць нашаму тандэму да 2001 года.
Аляксандра Канстанцінаўна ў асноўным адказвала за паштовую службу. Галоўным бухгалтарам з'яўлялася Вера Аляксееўна Гаплеўская, а яе муж Віктар Аляксеевіч быў тэхнікам радыёвузла. Гэтыя ветэраны працавалі ў калектыве сувязістаў з пасляваенных часін, шкада, што іх ужо няма з намі.Тады, у канцы 60-х, асноўнай задачай сувязістаў было забяспечыць правадным радыёвяшчаннем вёску, паштавікі клапаціліся, каб друкаваныя выданні траплялі ў кожную сельскую хату і дом у райцэнтры. Складана ўсё гэта рабілася, бо калгасы сродкаў не мелі, насельніцтва атрымлівала малыя заробкі. Але зрухі да лепшага адбываліся.У паштавікоў было нямала цяжкай ручной працы, бо слалі тады людзі вельмі шмат пасылак, восенню з садавінай, а зімой—з жывёлагадоўчай прадукцыяй, кожная па 8-10 кілаграмаў. А колькі перадавалі пісем, тэлеграм, асабліва напярэдадні святаў. Пакуль не з'явіўся аўтатранспарт, на чыгуначную станцыю па некалькі рэйсаў на коннай павозцы штодзень рабілі вознікі Станіслаў Малецкі, Уладзімір Шульга ці Аляксей Грэцкі.
Тэлефонную сувязь забяспечвалі паміж абанентамі раёна і па міжгорадзе тэлефаністкі. У пачатку 70-х наспела вострая неабходнасць устанаўліваць новае абсталяванне, а месца для яго ў старых памяшканнях не мелася. Пачалі звяртацца з просьбамі аб узвядзенні новага вузла сувязі. Нарэшце, у 1977-ым зацвердзілі праект, а ў снежні 1980-га справілі наваселле ў самым прыгожым на той час будынку ў райцэнтры.
Уласнымі сіламі эстэтычна аформілі свае рабочыя месцы, кліенцкія залы пошты і тэлеграфа. З'явілася АТС новага пакалення на 500 нумароў, па вуліцах горада пачалі пракладку тэлефонных кабеляў, а ў дамах—устаноўку кватэрных тэлефонаў.У гэты ж час разгарнулася тэлефанізацыя вёскі. І там па дамоўленасці з гаспадаркамі ўзводзілі новыя ці прыстасоўвалі існуючыя памяшканні для АТС, адначасова перасялялі з аварыйных будынкаў у эстэтычна аформленыя аддзяленні сувязі. Вось гэта на даволі працяглы перыяд і было маім асноўным заняткам: будаўніцтва, рамонт, эканоміка, падбор кадраў.
Пасля рэарганізацыі Глыбоцкага ЭТУС, недзе ў 1986-ым, уся электрасувязь была перададзена вузлу сувязі, а займацца ёй стаў галоўны інжынер Пётр Міхайлавіч Хілько. Раней ён узначальваў лінейна-эксплуатацыйны ўчастак, дзе праявіў сябе ведаючым, дзелавым і адказным работнікам. Вось так у нас утварыўся штат больш чым з двухсот чалавек, у якім за палавіну складалі паштальёны і каля 80% —жанчыны. Працавалі дружна, зладжана, па прынцыпе "адзін за ўсіх—усе за аднаго". А як было інакш, калі пошту па бездарожы дастаўлялі на калгасных конях, а па вёсках—пешшу. Значна пазней у паштальёнаў з'явіліся веласіпеды, выдавалі іх на 5 гадоў, аднак больш за 2-3 сезоны гэты транспарт не вытрымліваў.У раёне функцыяніравалі 29 сельскіх і 2 гарадскія (у Міёрах і Дзісне) аддзяленні сувязі.
Аператарамі, паштальёнамі нярэдка станавіліся маладыя дзяўчаты, якія не змаглі нікуды паступіць пасля школы. Да іх падбору я заўсёды адносілася сур'ёзна, бо работа матэрыяльна адказная. Відаць, рабіла гэта нядрэнна, бо многія заставаліся ў сістэме назаўсёды, станавіліся выдатнымі работнікамі, спецыялістамі, кіраўнікамі, паступалі ў нашы навучальныя ўстановы, пераважна ў Віцебскі электратэхнікум (цяпер каледж) сувязі. Такі выбар далёка не заўсёды вызначаўся заробкам, больш—задавальненне прыносіць радасць людзям. З той кагорты Галіна Антонаўна Курыльчык, цяпер намеснік начальніка вузла паштовай сувязі, Станіслава Іванаўна Якубоўская—вядучы бухгалтар.
З вялікай удзячнасцю за старанную працу ўспамінаю пра цяперашніх ветэранаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Гэта Міраслава Аркадзьеўна Ермаловіч— былы галоўны бухгалтар, Часлава Мар'янаўна Гарноўская—інструктар па падпісцы на друк, Тамара Канстанцінаўна Сцепулёнак—эканаміст. Пазней эканамістам стала Ніна Мікалаеўна Валеўка, на жаль, яе ўжо няма з намі. Прыемна было працаваць з Данатай Пятроўнай Арцімовіч—начальнікам участка апрацоўкі пошты, Вольгай Пятроўнай Шук—інструктарам па рознічным гандлі, Клеапатрай Пятроўнай Мізер—начальнікам Міёрскага аддзялення сувязі, Казімірам Эдуардавічам Мізерам—электрамеханікам.Заўсёды можна было разлічваць на начальнікаў аддзяленняў сувязі Галіну Іосіфаўну Шараг (Мікалаёва), Ірыну Іванаўну Сасноўскую (Павяцце), Элу Антонаўну Самуль (Забалацце), Наталлю Трафімаўну Гайлеш (Ідолта). Фанатамі сваёй справы былі Ніна Дзянісаўна Віткоўская ў Дзісне і Маргарыта Антонаўна Фядотава ў Новым Пагосце, якіх ужо няма сярод нас.Калектыў вялікі, усіх не пера-лічыць, аднак удзячна усім за сумленную, старанную працу. Мы з павагай адносіліся да ветэранаў працы, арганізоўвалі злёты перадавікоў, падтрымлівалі мастацкую самадзейнасць, спорт. Гэтым пераважна займаўся прафсаюзны камітэт, які працяглы час узначальвала Людміла Уладзіміраўна Варанцова, яна ж вяла кадры.
Прыемна ўспамінаць, што калектыў РВС неаднаразова выходзіў пераможцам абласнога і рэспубліканскага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў сувязі, а ў раёне—сярод арганізацый сферы абслугоўвання.У студзені 1996 года раённы вузел сувязі падзялілі на два. Электрасувязь узначаліў П.М. Хілько. Паштавікі працягвалі займацца сваёй нялёгкай і, лічу, пачэснай справай.У заключэнне адзначу, што як кіраўнік, я імкнулася заўсёды паважаць працу падначаленых, лічыцца з людзьмі.
Асабістае
У 1964 годзе выйшла замуж за Часлава Фёдаравіча Пальчаха, які працаваў другім сакратаром райкама камсамола, потым ён адкрыў і працяглы час узначальваў аўтапарк №15. Разам вырасцілі дваіх сыноў, якія стварылі ўласныя сем'і, жывуць і працуюць у Міёрах. Маю траіх унукаў.Старэйшая ўнучка Анастасія сёлета закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, малодшая Наталля вучыцца на чацвёртым курсе радыётэхнічнага ўніверсітэта, а Максімка—яшчэ першакласнік.Жывём дружна, дапамагаем дзецям, яны—нам. Трымаем невялікую гаспадарку. У вольную хвіліну любім чытаць перыёдыку і класіку, вядома—і "раёнку", дзякуем, яна цяпер цікавая. Маладому калектыву работнікаў паштовай сувязі жадаю здароўя, далейшых поспехаў, узаемаразумення, а ветэранам—даўгалецця і дабрабыту.
Падрыхтаваў да друку Леанід МАТЭЛЕНАК.
Здымкі з сямейнага альбома Л.М. Пальчэх.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.




