Весомый сноп семейных колосьев
gazeta 2-07-2015, 14:26 0 Юбілей
5 ліпеня Васіль Фёдаравіч і Таццяна Іванаўна Дзяменцьевы са Свярдлоў адсвяткуюць залатое вяселле. Магчыма, гэтая падзея засталася б невядомай шырокаму колу людзей, калі б не руплівасць іх дачушак, якія паспяшаліся выказаць бацькам падзяку не толькі за тое, што вырасцілі, дапамаглі атрымаць прафесію, але і за бязмерную любоў і цеплыню, за турботы, пяшчоту, падораную ўнукам, за штодзённую нястомную працу, якой і цяпер, у шаноўным узросце, не цураюцца.
Васіль Фёдаравіч нарадзіўся і вырас у невялікай вёсачцы Юнцы былога Дварнасельскага сельсавета. Акрамя яго, у сям'і былі два браты—Пётр (цяпер у Літве) і Фёдар (памёр), сястра Фаіна (жыве ў Даўгаўпілсе). Як і большасць сельскіх сем'яў, вялі-кага дастатку не мелі, а таму змалку давялося далучыцца да сялянскай працы. У пачатку 60-ых Васіля прызвалі ў армію, і ў далечыні ад дому ён адслужыў ажно тры з паловай гады. Калі вярнуўся ў родныя мясціны, працаўладкаваўся ў калгас. У халасцяках доўга не затрымаўся. На вясковых танцах пазнаёміўся з дзяўчынай, якая прыехала з Друі пагасцяваць да родных. У наступным годзе яна стала яго жонкай. Дарэчы, Таццяна Іванаўна таксама расла ў шматдзетнай сям'і. Бацькі нарадзілі трох сыноў—Міхаіла, Васіля і Фёдара, і дзвюх дачушак—Таццяну (пра яе і ідзе размова) і Лукер'ю. Самы малодшы з дзяцей—Фёдар, цяпер жыве ў Ангарску Іркуцкай вобласці, што ў Расіі. Каля 15 гадоў не прыязджаў у родныя мясціны. Аднак Дзяменцьевы пастаянна на сувязі. Астатнія родныя Таццяны Іванаўны засталіся на Браслаўшчыне.
У сямейным альбоме ёсць пажоўклы ад часу вясельны фотаздымак, датаваны 1965-ым годам.
—Гледзячы на яго, мама ўсміхаецца: "Вось якой "мініяцюрнай" я была ў 21 год, і Вася—зусім шчупленькі,—расказвае дачка Дзяменцьевых Зінаіда Васільеўна Бунта.—Вяселле бацькі гулялі "на два канцы": у першы дзень—у нявесты, а на другі—у жаніха. Гралі музыканты, шчоўкаў аб'ектыў фотаапарата.
Напачатку маладыя жылі ў бацькоў Васіля, у Юнцах, а затым у чаканні першынца пераехалі ў Друю да родных Таццяны. У гэтым гарадскім пасёлку ў 1966-ым нарадзілася Валянціна. А вось другое дзіцятка з'явілася на свет праз два гады ў Свярдлах, куды яны вярнуліся зноў.
—Спарадкавалі ўраджай і…дачака-ліся другой дачушкі,—расказвае Зінаіда Васільеўна.
Менавіта яна стала той маленькай, якую спавівалі і люлялі бацькі ў невялікай часовай пабудове, што вырасла на сядзібе ў Свярдлах.—А вось Ніну і Галінку прывезлі з раддома ўжо ў новую, пабудаваную тут хату. Зразумела, што ніякіх дзяржаўных дапамог пры ўзвядзенні вясковага жылля маладым не аказвалі, усе будаўнічыя матэрыялы куплялі за ўласныя сродкі. Бацькі на працу ў калгас хадзілі і малых расцілі, і будаваліся. Нялёгка давялося, але справіліся.
Чацвёра дачушак у сям'і… Няўжо не перажываў Васіль Фёдаравіч, што няма сына? Кажуць, што крыху хваляваўся, калі ў чацвёрты раз нарадзілася дзяўчынка, але з гадамі пераканаўся, што жанчыны ў доме—вельмі надзейны тыл. Валя, Зіна, Ніна і Галіна сваёй уважлівасцю да бацькоў хутка гэта даказалі.
Старэйшая Валя закончыла Даўгаўпілскі чыгуначны тэхнікум. Цяпер жыве і працуе ў Калінінградзе. У яе дзве дачушкі, якія школьніцамі штогод летам прыязджалі ў Свярдлы да бабулі з дзядулем. Цяпер Волечцы—25, яна працуе эканамістам. Маладзейшая на пяць гадоў Наташа—студэнтка другога курса ўніверсітэта.
Зінаіда атабарылася ў суседняй ад бацькоў вёсцы Пестуны. Атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце, але працаваць па спецыяльнасці не давялося.
—Я па прафесіі хімік-тэхнолаг. Аднак пасля вучобы адразу выйшла замуж за мясцовага хлопца і вярнулася ў родныя мясціны, —расказвае Зінаіда Васільеўна. —Спачатку загадвала Канахоўскім сельскім клубам, затым—Дварнасельскім, а цяпер працую там жа ў бібліятэцы. Маю дваіх дзетак. Дачка Таня, як я, закончыла хіміка-тэхналагічны факультэт Полацкага ўніверсітэта і паралельна атрымала дыплом эканаміста. Цяпер працуе ў Полацку на "Нафтане". Летась выйшла замуж. Дзядуля з бабуляй былі шаноўнымі гасцямі на вяселлі ўнучкі. А мой малодшы сын Ваня—курсант камандна-інжынернага інстытута МНС. Унукам дзядуля ганарыцца асабліва, бо ў вялікай сям'і ён адзіны прадстаўнік роду Дзяменцьевых.
У Полацку жыве яшчэ адна дачка Дзяменцьевых—Ніна. Працуе ў банку, мае адпаведную адукацыю. Закончыла тэхнікум па юрыдычнай спецыяльнасці. Уласную сям'ю не стварыла. Усю сваю любоў аддае родным, у тым ліку і пляменнікам, трое з якіх яе хрэснікі.
Калі праз восем гадоў пасля нараджэння трэцяй дачушкі Таццяна Іванаўна зноў зацяжарыла, думалі, нарэшце Бог "паслаў" хлопчыка. Аказалася—дзяўчынку. Самую малодшанькую вельмі любілі. Дзіцячага садка ў вёсцы не было і ў сям'і меншых дзяцей няньчылі старэйшыя. Радаваліся не толькі бацькі, але і сёстры, калі яна сказала першыя словы, зрабіла першыя крокі, у першы клас адправілася. І цяпер усе родныя завуць яе: "Наша Галінка!".
Спачатку вывучылася на бухгалтара, а пазней атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. Зараз яна спецыяліст па фінансавым мененджменце міжнародных праектаў. Жыве ў сталіцы, выхоўвае дачушку Наташу, якой сёлета споўнілася чатыры гадкі.
Малая крыху адхілілася ад сямейнага "графіка нараджэння" ўнукаў, бо ўсе з'явіліся на свет у чэрвені, а яна ў красавіку. Радуе бабулю і дзядулю, што Наташа ўжо ўмее чытаць і піша друкаванымі літарамі. Летась сама падпісала віншавальную паштоўку бабулі да 70-годдзя. Умее карыстацца камп'ютарам і весці набор на клавіятуры.
Дзеці залатых юбіляраў, хаця і раз'ехаліся па свеце, між сабой сябруюць. І калі ў кагосьці адбываецца якая-небудзь значная падзея, дзякуючы тэлефоннай сувязі літаральна праз некалькі хвілін пра гэта ведаюць у Свярдлах, Пестунах, Калінінгарадзе, Полацку, Мінску. Выходзяць і на відэасувязь. Таццяна Іванаўна і Васіль Фёдаравіч звязваюцца па скайпе з роднымі ў Вільнюсе, Даўгаўпілсе. Падумваюць дочкі і ўнучкі, каб забяспечыць іх ноўтбукам, але тыя настойліва адмаўляюцца. Гэтак жа актыўна яны некалі супраціўляліся мікрахвалевай печы, радыётэлефону, што не змогуць асвоіць усе "мудрасці" ўключэння лічбавага тэлебачанння. Цяпер жа бацькі толькі ўдзячны дочкам за праяўленую ініцыятыву і настойлівасць.
—А што запомнілася вам з дзяцінства?—цікаўлюся ў Зінаіды Васільеўны.
—Прыгадаць можна шмат эпізодаў. Напрыклад, як мы з мамай штогод летам на калгасным полі палолі па 40 сотак буракоў. Неяк вырас такі добры ўраджай, што мы са сваёй дзялкі сабралі ажно 40 тон караняплодаў, якія трэба было да наступлення марозаў вырваць, выцерабіць і здаць.
А хіба можна забыцца пра тое, як мама, вярнуўшыся раніцай з фермы, заплятала нам косы ў школу. Даяркай яна шчыравала шмат гадоў, была ў ліку першых пяцітысячніц на Міёршчыне, прадстаўляла і раён у вобласці. Мы з Нінай нярэдка дапамагалі ёй гаспадарыць на ферме: раскладвалі ў кармушкі буракі, падмяталі ў жывёлагадоўчых памяшканнях праходы.
—Ну, а бацьку у чым-небудзь дапамагалі?
—Напачатку ён працаваў у будаўнічай брыгадзе, а затым сеў за рычагі гусенічнага трактара. 20 гадоў налічвае яго механізатарскі стаж. Зразумела, што мы, дзяўчаты, не маглі яму дапамагаць на рабочым месцы. А вось дома ў многім падстаўлялі плячо. Былі свае абавязкі: схадзіць на поле за каровай ці авечкамі, набраць і пасячы бацвіння для свіней, накарміць курэй і г. д. Грамадой капалі бульбу, сушылі сена. Хаця мы штодзённа хадзілі са Свярдлоў на вучобу ў Дварнасельскую СШ, а вярнуўшыся, выконвалі школьныя заданні. Іншы раз, калі зімой заносіла снегам дарогу, тата садзіў нас у кабіну гусенічнага трактара і вёз аж да школы. Гэта адклалася ў памяці на ўсё жыццё.
І цяпер бацькі стараюцца хоць чым-небудзь дапамагчы дзецям. Напрыклад, гадуюць курэй, каб яйкі не толькі самім есці, але і забяспечваць імі дзяцей і ўнукаў. Карову ўжо не трымаюць, але дапамагаюць сушыць сена Зінаідзе. Калі дзеці просяць "не нагружаць" так сябе, яны з жартам адказваюць: "Чым нам заняцца?" Удваіх даглядаюць пасаджаную паблізу сядзібы агародніну, корпаюцца ў парніку з памідорамі.
Ужо не чуваць у доме Дзяменцьвых ранейшага гоману, бо павырасталі дзеці і нават большасць унукаў. Але наступіў іншы, не менш радасны перыяд—залатой восені, якая радуе кожнага, хто прыклаў шмат намаганняў, каб атрымаць "добры ўраджай", каб быў важкім сноп сямейных каласкоў.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымках: Таццяна Іванаўна і Васіль Фёдаравіч Дзяменцьевы з вёскі Свярдлы.
Дарэчы!
Летась у раёне праведзена 12 юбілейных вяселляў, у тым ліку ў Міёрскім аддзеле загса — 11, з іх тры фарфоравыя (20 гадоў сумеснага жыцця), тры палатняныя (35 гадоў), 4 рубінавыя (40 гадоў) і 1 залатое (50 гадоў). А агульная колькасць такіх «віноўнікаў», несумненна, была намнога большай, толькі не ўсе праводзілі ўрачыстую рэгістрацыю.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.




