Половина жизни посвящена школе

Половина жизни посвящена школе Шчырыя, цёплыя словы ўдзячнасці гучаць з вуснаў былых вучняў Міёрскай CШ №3 у адрас настаўніка матэматыкі Іосіфа Станіслававіча Кашкура, які 3-га сакавіка адзначае юбілей. Наступныя радкі як нельга трапней вызначаюць яго прызванне: "Хай заслужана ганарацца сваімі адкрыццямі навукоўцы, хай ганарацца сваімі патэнтамі вынаходнікі, хай не без падставы лічаць сваю місію асабліва важнай медыкі, святары, дзяржаўныя дзеячы, але ... калі ў клас заходзіць настаўнік і пачынаецца святое дзейства, імя якому ўрок, руль планеты і лёс чалавецтва, яго будучыня — менавіта ў руках настаўніка".

 

Верны прызванню
Іосіф Станіслававіч — таленавіты выкладчык, майстар сваёй справы. Ён не толькі здолеў перадаць веды вучням, але і паказаў ім дарогу да новых пазнанняў. Інтэлігентны, тактоўны, стрыманы, глыбока валодае сваім прадметам. Педагог пакінуў яркі след у жыцці многіх дзясяткаў выпускнікоў. Прыходзяць яны сустрэцца са сваім настаўнікам, каб праз гады выказаць словы ўдзячнасці за трывалы багаж ведаў, што так спатрэбіўся ў жыцці. Для іх гэта кумір, узор ідэальнага настаўніка.


Іосіф Станіслававіч больш за 30 год педагагічнай дзейнасці прысвяціў Міёрскай СШ №3. Пачатак быў перыядам росту, назапашвання вопыту і выпрацоўкі ўласнага педагагічнага почырку. Высокую ацэнку атрымалі адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, якія педагог даваў перад інспектарамі раённых аддзелаў адукацыі вобласці і работнікамі Міністэрства адукацыі. Вывучыў і прымяняе на практыцы тэхналогію ўзроўневай дыферэнцыяцыі і ўключанага навучання С. Л. Рубінштэйна. Асвоіў тэхналогію інтэнсіфікацыі навучання на аснове схематычных і знакавых мадэляў настаўніка матэматыкі, педагога-наватара В.Ф. Шаталава. Для гэтага ў ліку вядучых матэматыкаў раёна ў 1987 годзе Іосіф Станіслававіч быў накіраваны ў г. Данецк.


З 1983-га па 1988-ы з'яўляўся яшчэ і класным кіраўніком. Цёпла, з любоўю ўспамінае свой адзіны выпускны клас, бо ў 1991-ым вопытны педагог узначаліў арганізацыю навучальнага працэсу. У той перыяд у школе ўжо існавалі класы з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі.
"У класа, — успамінае Іосіф Станіслававіч, — было па 8 урокаў матэматыкі ў тыдзень". Несумненна, гэта спрыяла паспяховаму самавызначэнню навучэнцаў, і такія магчымасці давала адзіная школа ў раёне. У ВНУ нашы выпускнікі адрозніваліся глыбінёй і трываласцю ведаў.


У 1998-1999 навучальным годзе перайшлі на профільнае вывучэнне матэматыкі, фізікі, інфарматыкі. З 2002-2003 навучальнага года адкрываецца першы гімназічны клас і пачынаюць працаваць ліцэйскія. Пазней на павышаным узроўні выкладаюцца руская, беларуская, анг-лійская мовы, гісторыя. Такім чынам, у працы з дзецьмі арганізавана не толькі ўнутраная (на ўроку), але і знешняя (павышаны ўзровень вывучэння прадметаў) дыферэнцыяцыя, што дае магчымасць атрымаць глыбокія веды па прадметах, а настаўнікам раскрыць свой прафесійны патэнцыял. Паступленне вучняў у ВНУ у асноўным стопрацэнтнае.


Менавіта таму, калі ў 2013-ым, пасля пяцігадовага перапынку, Міністэрства адукацыі прадаставіла магчымасць зноў вярнуць павышаны і паглыблены ўзроўні вывучэння прадметаў, наша школа выкарыстала такую магчымасць адна з першых. Цяпер тут працуе навуковае таварыства вучняў, дзесяці-класнікі і адзінаццацікласнікі вывучаюць на павышаным узроўні матэматыку, фізіку, рускую і англійскую мовы. Узровень ведаў пацвярджаюць на цэнтра-лізаваным тэсціраванні, стабільна высокім застаецца працэнт паступлення ў ВНУ. Штогод старшакласнікі прыносяць у скарбонку школы дыпломы па прадметных алім-піядах. Адукацыйны працэс арганізаваны выразна і пісьменна. Аднак майстэрства не прыйшло само. Проста ўсялякую справу, за якую бярэцца Іосіф Станіслававіч, ён робіць грунтоўна, што закладзена яшчэ ў дзяцінстве.


З вытокаў
Нарадзіўся ў вёсцы Чамяры Павяцкага сельсавета. Пайшоў у Міжрэчанскую пачатковую школу. З асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае педагог сваіх першых настаўнікаў Марыю Мікалаеўну і Антона Феліксавіча Пупіных, якія выхавалі любоў да кнігі і цягу да ведаў. Затым працягваў навучанне ў Павяцкай СШ. У сценах гэтай школы, дзякуючы настаўнікам Але Іосіфаўне Селядзеўскай і Алене Іванаўне Рачыцкай, з'явілася любоў да матэматыкі. Менавіта яны прадвызначылі прафесійны шлях руплівага вучня. Сваю працавітасць, адказнае стаўленне да справы праявіў і ў сценах Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава. Старанне і імкненне студэнта да ведаў былі адзначаны Ленінскай стыпендыяй і фатаграфаваннем у 1975 годзе ля Сцяга Перамогі ў Маскве, поспехі ў навуковай працы—дыпломамі на рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсах студэнцкіх навуковых работ, а ўдзел у будаўнічых атрадах—медалём "За працоўную адзнаку". Выдатная вучоба на працягу ўсіх гадоў студэнцтва адзначана дыпломам настаўніка матэматыкі і фізікі з адзнакай.
Іосіф Станіслававіч пачынаў педагагічную дзейнасць у родным Міёрскім раёне ў Паташнянскай васьмігодцы. Тут ў 1980 годзе стварыў сям'ю з настаўніцай пачатковых класаў Вандай Станіславаўнай Катовіч. Увесь свой настаўніцкі талент яны аддалі роднай Міёршчыне. Праца педагогаў неаднаразова адзначалася граматамі раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. У 2007 годзе за высокі прафесіяналізм, шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі Іосіфу Станіслававічу прысвоена ганаровае званне "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь".


Слова пра калегу
Несумненна, у педагагічным калектыве Іосіф Станіслававіч карыстаецца вялікім аўтарытэтам.
Алена Мечыславаўна Сівіцкая, намеснік дырэктара:
— З першых дзён сумеснай працы Іосіф Станіслававіч з'яўляецца для мяне мудрым настаўнікам, да якога можна звярнуцца ў любы час і атрымаць неабходную параду. Ён выдатны сем'янін, надзейная апора для жонкі і адказны бацька для сваіх дочак, а таксама ласкавы дзядуля. Карацей кажучы, гэта выдатнік ва ўсім. 
Алена Іванаўна Панізнік, намеснік дырэктара:
— Іосіф Станіслававіч — цудоўны педагог і чалавек. Гэта сапраўдны прафесіянал, эрудыраваны і ўлюбёны ў сваю справу настаўнік. Як намеснік дырэктара, Іосіф Станіслававіч заўсёды патрабавальны, але ніколі не адмовіць у дапамозе. Дзеліцца сваім багатым педагагічным вопытам з калегамі. Строгасць, адказнасць, але ў той жа час дабрыня, разуменне, тактоўнасць і пачуццё гумару—характэрныя для яго.
Раіса Васільеўна Казлова, старшыня прафсаюзнага камітэта:
— За гады сумеснай працы не перастаю захапляцца такімі якасцямі яго характару, як арганізаванасць, патрабавальнасць да сябе, адказнасць і ўменне ставіць канкрэтныя мэты, якія дапамагаюць планаваць работу такім чынам, каб дасягаць канкрэтных вынікаў у любой справе. Такія людзі сёння—рэдкасць. Кампетэнтны, умерана эмацыйны, працаздольны—сапраўдны настаўнік і адміністратар. 
Наталля Міхайлаўна Ермаковіч, настаўніца матэматыкі:
— Гэта педагог, які сумяшчае ў сабе велізарны выкладчыцкі вопыт, аб'ём ведаў і творчы падыход да працэсу навучання. Свае ўрокі Іосіф Станіслававіч будуе так, каб вучні змаглі самарэалізоўвацца і самаўдасканальвацца. На яго ўроках пануе атмасфера пошуку, дасягненняў і творчых адкрыццяў. Ён умее знайсці індывідуальны падыход да лю-дзей. Валодае ўнікальнай здольнасцю незаўважна для сваіх выхаванцаў і калег мэтанакіравана кіраваць імі, пры гэтым не навязваючы свой пункт гледжання, дапамагае знайсці выйсце з любой жыццёвай сітуацыі.
Ларыса Антонаўна Грыгор'ева, настаўніца фізікі:
— У характары гэтага чалавека арганічна спалучаюцца строгасць і патрабавальнасць да сябе, уменне зразумець свайго калегу і своечасова прыйсці на дапамогу.
Іна Мікалаеўна Гернат, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
— Прыстойнасць, тактоўнасць, уменне працаваць з калегамі і вучнямі, востры розум і пачуццё гумару выклікаюць глыбокую павагу і жаданне супрацоўнічаць.
Паважаны Іосіф Станіслававіч!
Хай здзейсніцца ўсё, пра што яшчэ марыцца, жыццё падае вам толькі прыемныя сюрпрызы, навальніцы ніколі не грукочуць над Вамі, сонца асвятляе і сагравае цяплом Вашу сям'ю, блізкіх і любых.
Няхай жа доўжыцца
настаўнiцкi Ваш век,
Працуйце і далей
над самаразвiццём.
Бо праўду кажуць,
што настаўнiк—чалавек,
Якi за парту сеў
на ўсё жыццё.


Валянціна АТРОШКА,
дырэктар СШ №3.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.