Всегда в творческом поиске
gazeta 28-05-2013, 16:39 0 Юбілей
У росквіце сіл, поўная энергіі, аптымізму і творчых задум сустрэла юбілей настаўнік матэматыкі вышэйшай катэгорыі СШ №3 Людміла Францаўна Якаўлева, таленавіты чалавек, майстар сваёй справы. "Мая задача — не толькі растлумачыць хітраспляценні матэматычнай навукі. Яна значна шырэйшая — выхоўваць чалавечнасць, вучыць дзяцей самастойна думаць", — кажа жанчына і менавіта ў гэтым бачыць сваё прызначэнне.
Малая радзіма Людмілы Францаўны — вёска Лявонаўцы нашага раёна, дзе ў маі 1958 года яна з'явілася на свет у сям'і механіка МТС в. Клётаў Двор Франца Уладзіміравіча і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Клаўдзіі Сямёнаўны Мацук.
Клаўдзія Сямёнаўна пасля заканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута па размеркаванні прыехала працаваць на Міёршчыну. Вучыла роднай мове і літаратуры школьнікаў Ніўніцкай і Каменполлеўскай сямігодак, Міёрскіх СШ №2 і СШ №3.
Вы калі-небудзь заўважалі, што калі ў сям'і хто-небудзь працуе настаўнікам, то ўсё жыццё родных круціцца вакол яго работы? Магчыма таму ўжо ў раннім дзяцінстве быў вызначаны будучы выбар прафесіі Людмілы Францаўны.
У Лявонаўцах дзяўчына закончыла пачатковую школу. Але і цяпер яна ўзгадвае яе і сваю першую настаўніцу з цеплынёй у сэрцы. Вучобу прадоўжыла ў СШ №2, і менавіта ў гэтай школе яна атрымала шчаслівы білет у жыццё. Сям'я тады жыла ў Клётавым Двары, і на заняткі дзяўчынка хадзіла разам з маці, якая там працавала. Пазней пераехалі ў Міёры, дзе атрымалі жыллё.
У школе Люда была старшынёй савета атрада, членам савета дружыны піянерскай арганізацыі. Да гэтага часу памятае трапяткі і ўрачысты момант уступлення ў камсамол.
Пасля выпускнога балю сумненняў наконт выбранай прафесіі не было: ішла па шляху маці. Пяць гадоў паспяховай вучобы на фізічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава праляцелі імгненна. Прычым, удзельнічала і ў грамадскім жыцці, паездках на сельгасработы, турпаходах і студэнцкіх "капусніках". На трэцім годзе вучобы выйшла замуж за аднакурсніка. І вось ужо больш за 30 год ідзе па жыцці разам з Юрыем Генадзьевічам — каханым мужам і клапатлівым бацькам. З дыпломам настаўніка фізікі і матэматыкі Людміла Францаўна разам з другой «палавінкай» прыязджаюць у родныя мясціны. З таго часу ў яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс — Міёрская СШ №3.
Матэматыка… Многія лічаць, што гэта сухая мова лічбаў, пэўныя азначэнні, строгія аксіёмы і тэарэмы. Аднак на кожным уроку Людміла Францаўна пераконвае вучняў у тым, што гэта навука можа быць захапляльнай і займальнай, "прыгожая сваёй прастатой", а ўменне знайсці рашэнне цяжкай задачы — сапраўднае мастацтва. Яе ўрокі не звычайныя, а кожны — як творчы пошук і радасць адкрыццяў.
Настаўніца стварае праблемныя сітуацыі, прапануе вучням заданні, якія патрабуюць не простага ўзнаўлення ведаў, а ўмення знаходзіць пераканаўчыя доказы, розныя спосабы і метады.
Людміла Францаўна ніколі не спыняецца на дасягнутым. У сваёй рабоце яна пастаянна выкарыстоўвае дасягненні сучаснай педагагічнай навукі, праводзіць заняткі з элементамі развівальнага і дыферэнцыраванага навучання, рэалізуе міжпрадметныя сувязі. Шмат гадоў настаўніца працавала ў класах з паглыбленым і павышаным узроўнямі вывучэння матэматыкі. Надае вялікую ўвагу таленавітым вучням. Высокі прафесіяналізм, дасканалае веданне матэматыкі і вера ў здольнасці дзяцей дапамагаюць ёй штогод адкрываць новыя "зорачкі". Сістэмны падыход у рабоце з высокаматываванымі школьнікамі дае вынік — яны становяцца прызёрамі раённых матэматычных алімпіяд, паспяхова выступалі на абласных, перамагалі ў навукова-практычных канферэнцыях.
Заняткі Людміла Францаўна праводзіць на базе створанага ёю кабінета матэматыкі, багатае прадметна-развівальнае асяроддзе якога дазволіла заняць першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе прадметных кабінетаў.
Людмілу Францаўну паважаюць калегі, вучні і іх бацькі за інтэлігентнасць, добразычлівасць, аптымізм, а галоўнае — за прафесіяналізм і адданасць той справе, якой яна служыць. Настаўніца імкнецца быць цікавай дзецям, вучыць іх сябраваць, быць шчырымі ў адносінах адзін да аднаго. Вясёлая, энергічная, яна заўсёды разам са сваімі выхаванцамі — і на мерапрыемствах, і на суботніках, і на экскурсіях.
Жанчына актыўная ў прафсаюзным жыцці школы, выступае на спаборніцтвах па шашках.
Дзеці Людмілы Францаўны таксама выбралі педагагічныя спецыяльнасці.
"Годнасць чалавека вызначаецца тым, якім шляхам ён ідзе да мэты, а не тым, ці дасягнуў ён яе", — сцвярджае Абай Кананбаеў, казахскі паэт, філосаф, мысліцель. Менавіта гэтаму і вучыць сваіх вучняў Людміла Францаўна Якаўлева, з'яўляецца для іх прыкладам і адкрывае шлях у няпростае дарослае жыццё.
Паважаная Людміла Францаўна, хай яшчэ доўга ляцяць над Вашым лёсам гады-птушкі, скідаючы вясною і восенню цёплае пер'е жыццёвай стойкасці, здароўя, светлага настрою і поспеху.
І. КАШКУР,
намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.