Спасли пол-Европы
gazeta 10-08-2012, 14:45 2 994 Юбілей
Вёска Лінкаўшчына, а непадалёку ад дарогі ў акружэнні дрэў месціцца хутарок. Усё ў зелені і кветках. У гэтым прыгожым куточку жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Рыгоравіч Зуеў. Нарадзіўся ён у 1922 годзе. 1 ліпеня яму споўнілася 90. З гэтай нагоды і завіталі да франтавіка. Засталі яго ў роспачы.
— Прапала кароўка, — бедаваў ён, — карміцелька мая. Ніякія малочныя прадукты з магазіна не магу спажываць.
Высветлілася, што чорна-пярэстая рагуля была навязана непадалёку ад хаты. Напэўна, камары ды авадні паспрыялі таму, што жывёла разарвала ланцуг...
Што з ёй сталася — невядома. У хлеў не прыйшла. Суседзі, якія былі ў ягадах, гаварылі, што бачылі сляды. Сітуацыя для ветэрана вызначаецца складанасцю і тым, што карова не застрахавана. А купіць іншую жывёлу патрэбна прыкладна 12 мільёнаў рублёў.
Спакваля перайшлі з Васілём Рыгоравічам на ваенную тэматыку. У ліпені 1944-га яго мабілізавалі ў дзеючую армію. Вучэбная падрыхтоўка ў Маскоўскай вобласці, а потым трапіў у 1920-ы гаўбічны артылерыйскі полк 191-й брыгады.
— Гэта штурмавая часць, — тлумачыў ветэран, — кідалі ў першую чаргу на прарыў. На ўзбраенні былі 85, 122, 152 мм гаўбіцы. Магутная артылерыя.
Салдат быў наводчыкам. Ад яго ўмення і руплівасці залежыла многае. Успамінае свайго капітана, Героя Савецкага Саюза: “Калі ты, Зуеў, няправільна пашлеш снарад, то гэта значыць, што страчана кароўка”. Параўнанне ў фінансавым плане.
Баявое хрышчэнне артылерыст атрымаў у баях на Сандамірскім плацдарме. Немцы ператварылі гэтую тэрыторыю ў суцэльную паласу абароны. Паўгода вяліся кровапралітныя баі, а прарваць умацаванні не ўдавалася. Тады камандаванне падрыхтавала аперацыю з выкарыстаннем вялікай колькасці артылерыйскіх сістэм рознага калібру.
— На 1 квадратны метр клаліся тры снарады, — гаворыць Рыгор Васільевіч. — Магутны агнявы налёт зрабіў сваю справу. Кожнаму артылерыйскаму разліку былі даведзены цэлі і колькі мінут па іх страляць. Праціўнік не вытрымаў, пакінуў свае пазіцыі.
Потым была Германія, пераправы праз Одэр, Шпрэю, дарога на Берлін. У памяці ветэрана баі за сталіцу Германіі.
— Вось дзе праявілі сябе гаўбіцы, — адзначае франтавік. — Снарад важыў больш за 100 кілаграмаў. Такую артылерыю выкарыстоўвалі для падаўлення агнявых кропак праціўніка.
Удар па логаве фашыстаў быў ашаламляльны. Рэактыўныя мінамёты “Кацюшы”, танкі, самалёты “ІЛы, “ЯКі”, дальнабойная артылерыя. Уся агнявая магутнасць франтоў была скіравана на галоўную цэль.
— За горад склалі галовы сотні тысяч нашых салдат, — расказвае Васіль Рыгоравіч. — Узялі варожы бастыён. Ведалі, што вайна завяршаецца. Некаторых адпраўлялі на Далёкі Усход. Мой год у тую “камандзіроўку” не трапіў. Пасля аб’яўлення Перамогі далі адпачыць тры дні. А потым паступіў загад рухацца на Прагу. Баі там былі сур’ёзыя. Частка гітлераўскіх войск не захацела капітуліраваць, агрызаліся шалёна. Разумееце, дачакаліся Перамогі, а тут, пасля яе, гінуць людзі. Шчыміла сэрца, але што зробіш, ты — салдат, павінен выконваць загад.
Артылерысты зрабілі сваю справу. Варожая групоўка была разгромлена, сталіца Чэхаславакіі вызвалена.
Не раз артылерыст трапляў у складаныя сітуацыі. Аднойчы дапамагла інтуіцыя. Калона гаўбіц была на маршы, салдаты сядзелі на машынах, у якіх знаходзіўся і боезапас. Натрэніраванае вуха салдата ўлавіла гук набліжаючагася варожага снарада. Паспеў крыкнуць: “Хлопцы, на зямлю!” Саскочыў з машыны, распластаўся, а тут выбух. У аўтамабіль, дзе толькі што сядзелі артылерысты, трапіў снарад. Яшчэ там ляжалі 32 скрынкі з боепрыпасамі.
— Асколкі як макам пасеклі маіх таварышаў, — гаварыў Васіль Рыгоравіч, — уцалелі тыя, хто паспеў зрэагаваць і своечасова пакінуў кузаў аўтамабіля.
Пасля вайны франтавік не адразу вярнуўся дамоў. Два гады яшчэ артылерысты дыслакаваліся ў горадзе Эгер, што ў Венгрыі.
Вярнуўся ў родныя мясціны ў 1947-ым. Ратны шлях франтавіка адзначаны шматлікімі медалямі, сярод якіх “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”
Былы салдат працаваў у калгасе, набыў спецыяльнасць механізатара, а затым 19 гадоў кіраваў гусенічным трактарам ДТ-54. Па стане здароўя папрасіў лягчэйшы занятак. У той час у Лінкаўшчыне была ферма, дзе працавала жонка Васіля Рыгоравіча. Вось туды і накіравалі, стаў падвозіць кармы для жывёлы.
Жыццё не раз выпрабоўвала франтавіка на стойкасць: памерла жонка, у 42 гады не стала сына, цяжка хварэе дачка, якая жыве ў Рызе. Цяпер побач з былым франтавіком Матрона Цімафееўна Пятрова. Моцна баліць правая рука, на якой утварыліся болькі. Урачы прапаноўваюць аперацыю, але ветэран пакуль не прыняў рашэнне.
Л. КАСАТЫ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



