Связь с родными местами через "Миорские новости"
gazeta 8-02-2026, 10:26 5 113 Юбілей / На Віцебшчыне
Фёкла Браніславаўна Козел – адна з апошніх жыхароў вёскі Рунды, што ў Завуццеўскім сельсавеце. Дзявяты год, як пераехала да сына ў Віцебск. Сувязь з роднымі мясцінамі трымае праз «Міёрскія навіны». Змена месца жыхарства не паўплывала на традыцыю выпісваць раённую газету.
4 студзеня Фёкле Браніславаўне споўнілася 90 гадоў. Адметны юбілей адзначыла ў шырокім коле блізкіх людзей. За сталом сабраліся госці з Папшулёў, Полацка, Мінска. У бабулі пяцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў: малодшаму два гады, старэйшы – студэнт. Павіншаваць доўгажыхарку ў рамках рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» прыходзілі вучні СШ № 16 г. Віцебска. Гэта таксама стала прыемным сюрпрызам.
Нарадзілася Фёкла Браніславаўна ў вёсцы Кісялі Завуццеўскага сельсавета. Расла без бацькі. Памятае, як са слязамі на вачах бегла за ім, праводзячы на фронт у 1944 годзе. Дадому не вярнуўся і працяглы час лічыўся зніклым без вестак. Тое, што пахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі Польшчы, пасля вызначылі з дапамогай пошукавага партала.
Скончыўшы сем класаў Завуццеўскай школы, Фёкла пайшла працаваць паштальёнам. Калі выйшла замуж у вёску Рунды, уладкавалася паляводам у калгас. Была найлепшай звеннявой па лёне. Пасля даіла кароў. Муж Пётр Пятровіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – быў брыгадзірам. 23 гады, як яго няма. У сямейным архіве захоўваюцца каштоўныя ўзнагароды: ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені і «Знак пашаны». Давялося Фёкле Браніславаўне праводзіць у апошні шлях дачку і сына і вучыцца жыць з болем цяжкіх страт.
На прапанову сына Леаніда паехаць да яго на пастаяннае месца жыхарства пагадзілася неахвотна. У пажылым узросце вельмі няпроста развітацца з мясцінамі, з якімі звязана ўсё жыццё. Нават калі застаешся ў бязлюднай вёсцы і ўжо не тыя сілы, каб спраўляцца з бытавымі клопатамі.
З малых гадоў выхаваная ў працы, Фёкла Браніславаўна сумавала па звыклых сельскіх справах. У свой час, акрамя работы ў калгасе, завіхаліся і дома: трымалі вялікую гаспадарку, садзілі агароды. Свае працоўныя гады і згуртаванасць вяскоўцаў прыгадвае з цеплынёй. Заўважае, што за працай адпачывала.
Цяпер дні доўгажыхаркі ідуць больш павольнай хадой. Займалася вязаннем, але пачалі стамляцца вочы. Аднак чытаць працягвае. Чакае свежыя нумары раённай газеты «Міёрскія навіны». Перш-наперш цікавіць сельскагаспадарчая тэматыка: надоі, нарыхтоўка кармоў, уборка ўраджаю. Рада ўбачыць на старонках выдання знаёмых людзей і мясціны. Так на адлегласці ў больш за паўтары сотні кіламетраў застаецца на сувязі з родным краем.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва сям’і КОЗЕЛ.



