"Доброта, внимание и понимание..."
gazeta 3-02-2012, 15:25 1 948 Юбілей
“Дабрыня, увага і спагада…”
Таццяна Браніславаўна Шамрыцкая адзначыла 60-гадовы юбілей. Жанчына-ўрач добрай энергетыкі, шчыра перажывае яна за хворых, якія па волі лёсу ці абставін трапляюць на бальнічны ложак тэрапеўтычнага аддзялення. На выніковым сходзе медыкаў раёна ўзнагароджана граматай райвыканкама.
36 гадоў Таццяна Браніславаўна аддала працы ў ЦРБ, з іх 19 яна — загадчыца аддзялення. Якое ж крэда гэтай жанчыны, што столькі год нясе службу дзеля здароўя іншых? Адказвае: “Дабрыня, увага і спагада да пацыентаў, а галоўнае — любіць хворага чалавека, адносіцца да яго так, як хацела, каб да мяне адносіліся, калі давялося б трапіць на бальнічны ложак”.
Нарадзілася і вырасла яна на Міёршчыне, малая радзіма — вёсачка Вільнова. У школьныя гады пісала добра сачыненні, шмат якія прадметы падабаліся. Сям’я была веруючая, і таму, каб вызначыцца з будучай прафесіяй, з матуляй звярнуліся да мясцовага святара Яна Грабоўскага за парадай. Яго словы і прадвызначылі далейшы лёс.
Паступіла ў Мінскі дзяржаўны медінстытут, а інтэрнатуру заканчвала ў Барысаве, дзе і сустрэла сваю другую палавінку. Па пэўных абставінах вырашана было пераехаць у Міёры. У сям’і Шамрыцкіх нарадзіліся два сыны. Сёння яны ўжо дарослыя людзі, жывуць і працуюць у Мінску: Аляксандр абраў шлях служэння Богу і людзям — святар, Раман — індывідуальны прадпрымальнік, яго сям’я шматдзетная, а Таццяна Браніславаўна ўжо чатыры разы як бабуля.
Не заўсёды сустрэнеш чалавека, які на працу ідзе з задавальненнем, у заслужанага ўрача на гэта сваё меркаванне, бо яна і на работу, і з яе ідзе з радасцю: ранкам таму, што ведае — яе там чакаюць, яна патрэбная, каб супакоіць і суцішыць чыйсьці боль: а ўвечары — ад выкананай працы, і вынік — выпісаныя здаровыя пацыенты.
Часам трапляюць у бальніцу людзі адзінокія і пажылыя, вось тут асаблівы падыход. Пакінутыя сваімі роднымі, ад якіх адвярнуліся сваякі, ім цяжка не толькі фізічна перажываць нейкія балячкі, але і эмацыянальна. Асаблівым штуршком для паляпшэння стану можа стаць ласкавае слова ці некалькі хвілін увагі. Пад кіраўніцтвам Таццяны Браніславаўны калектыў аддзялення таксама і ў гэтым накірунку працуе зладжана і дружна. Ніхто з персаналу не скардзіцца, што цяжка. Усе з разуменнем і адказнасцю выконваюць сваю работу.
Якая найвышэйшая адзнака для ўрача са стажам?
— Вялікае задавальненне прыносіць разуменне таго, што робіш людзей шчаслівымі, вынікае гэта з іх добразычлівай усмешкі. Часам трапляюць да нас людзі з інсультамі, іх заносяць на насілках. Паступова прыходзяць у сябе, але рухацца не могуць, лечым і нанова вучым іх хадзіць, а дадому часцей за ўсё вяртаюцца на сваіх нагах. Рэабілітацыя і выздараўленне хворых—вось найвышэйшая адзнака.
Медыцына атаясамліваецца ў вас з працай, ці чымсьці большым?
— Для мяне асабіста — гэта жыццё. Цешуся, калі чую ад унучак, што адна, калі вырасце, хоча быць падобнай да мяне і дапамагаць людзям, а крыху маладзейшая кажа: “Буду лячыць дзяцей”. Вельмі ўдзячная Пану Богу за тое, што праз вусны ксяндза Яна ў вырашальны момант накіраваў на гэты шлях. Сябе ў нейкай іншай прафесіі нават не ўяўляю.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.