За все благодарна Богу малолетняя узница из Миор Диана Крук
gazeta 16-01-2024, 15:39 3 131 Юбілей / Беларусь памятае / НавіныБыл январь 1944 года. Заснеженный, морозный, военный. В землянке родилась девочка Диана. Ее семья вместе с другими сельчанами скрывалась от фашистских карателей. Маленькая кричала от холода и голода. Шансов выжить у нее, казалось, не было. Сегодня Диане Иосифовне Крук исполнилось 80 лет.
Быў студзень 1944 года. Заснежаны, марозны, ваенны. У зямлянцы нарадзілася дзяўчынка Дзіяна. Яе сям’я разам з іншымі сяльчанамі хавалася ад фашысцкіх карнікаў. Маленькая крычала ад холаду і голаду. Шанцаў выжыць у яе, здавалася, не было. Сёння Дзіяне Іосіфаўне Крук споўнілася 80 гадоў.
«Кідай яе, жыць не будзе»
Гісторыю свайго з’яўлення на свет і пра сваё маленства Дзіяна Іосіфаўна ведае з расповядаў блізкіх. Яна была чацвёртай дачушкай у сям’і Іосіфа Пракопавіча і Феадосіі Лаўрэнцьеўны Шчасных. Іх родную вёску Еськава (тагачасны Асвейскі раён) гітлераўцы спалілі ў лютым 1943-га падчас карнай аперацыі з цынічнай назвай «Зімовае чараўніцтва». Забілі жыхароў месцейка. Каму раней удалося ўратавацца, хаваліся ў ваколіцах.
– Я нарадзілася ў зямлянцы паблізу Каханавіч. Халодная, галодная, цела гнаілася. «Кідай яе, жыць усё роўна не будзе, а нас крыкам выдасць», – наказ- валі маёй маці. На той час пакінутыя дзеці былі не дзівам, – расказвае Дзіяна Іосіфаўна. – Аднак у мамы, напэўна, і ў думках не было ад мяне пазбавіцца. Яны з татам у Бога верылі. Ніколі не сварыліся. Ні паміж сабой, ні з іншымі. Ніколі не чула ад іх непрыстойных слоў. Па Бібліі жылі.
З дачушкай на руках Феадосія Лаўрэнцьеўна адставала ад іншых. Пасля шукала іх па слядах. З верхня- дзвінскіх лясоў пакрысе перабіраліся ў расонскія. Хаваліся пад разгалістымі елкамі, у высокіх гурбах снегу.
– Уратавацца не ўдалося. Латышскія карнікі знайшлі і забралі ў лагер дзесьці на мяжы Беларусі і Латвіі. Нашу сям’ю там раздзялілі. Старэйшыя сёстры Ніна і Сафія засталіся працаваць у латышоў. 14-цігадовую Еўдакію на параходзе павезлі ў Германію, – распавядае суразмоўніца. – Тату і маму разам са мной таксама накіравалі ў нямецкі канцлагер. На нашым параходзе плыў святар. Ён мяне Зінаідай пахрысціў. У лагеры бацькі з іншымі палоннымі капалі траншэі. Хтосьці з жанчын заставаўся побач з маленькімі дзецьмі. Па чарзе дзяжурылі. Маці тады ўсе вочы праплакала. Не ведала, дзе яе старэйшыя дочкі, што з імі, ці жывыя.
Мірныя старонкі
Выжылі ўсе. Апошняй у жніўні 1945-га вярнулася Еўдакія. Мірнае жыццё Шчасныя пачыналі на Міёршчыне. Спачатку ў Станулеве жылі, затым у Пад’ельцах. У 1954-м вырашылі вярнуцца ў верхнядзвінскія мясціны і пераехалі ў Каханавічы. Там Дзіяна Іосіфаўна скончыла школу, паступіла вучыцца на таваразнаўцу ў гандлёвы каледж у Полацк.
– Час бедны, пасляваенны. Маці сваю апошнюю ватовачку аддала мне на вучобу ехаць. Аднак жылі студэнты весела, – прыгадвае яна. – Працаваць у Міёры прыехала. Тут сястра Еўдакія засталася, у яе ўжо сям’я была. Пасля і я замуж выйшла. Муж Міхаіл Адамавіч мясцовы, але на той час працаваў на шахтах у Данецку. Пражылі там пяць гадоў, пасля ў Міёры вярнуліся. Ужо дачушка ў нас была.
Па вяртанні Дзіяна Іосіфаўна ўладкавалася на працу ў раённую нарыхтоўчую кантору. Адтуль выйшла на пенсію.
З мужам лёс наканаваў 17 сумесных гадоў. Калі Міхаіла Адамавіча не стала, яго маці засталася жыць у яго сям’і. Дзіяна Іосіфаўна даглядала свякроўку. Пасля на працягу трынаццаці гадоў клапацілася пра старэйшую сястру Еўдакію. Сталі жыць разам, калі тая засталася без мужа.
– Другі год, як сястры няма, – гаворыць суразмоўніца. – У вайну ёй больш за ўсіх нягод перажыць давялося. Але Бог нас збярог.
Каштоўны падарунак
Свой 80-гадовы юбілей Дзіяна Іосіфаўна сустракае з дачкой Аленай. Дружна жывуць разам у кватэры, якую некалі атрымалі ад будаўнічай арганізацыі, дзе працаваў муж.
Прымае званкі з віншаваннямі ад сваякоў. З усімі святамі віншуе стрыечны брат Павел Прохаравіч Бацёха з аграгарадка Каханавічы Верхнядзвінскага раёна, чыё маленства таксама апалена вайной. Пяцігадовым хлопчыкам ён трапіў у канцлагер «Саласпілс» у Латвіі. Аднак у размовах блізкія людзі рэдка ўзгадваюць ваенную пару. Больш цікавяцца здароўем адзін аднаго і паўсядзёнымі справамі.
– Адчуваю сябе адпаведна з узростам, – цёпла ўсміхаецца імянінніца. – Канешне, маленства ў холадзе і няволі з часам адбіліся на здароўі. Але ўжо тое, што я тады выжыла – Божы цуд.
Дзякуй Богу за ўсё. Гэты выраз падчас нашай размовы Дзіяна Іосіфаўна паўтарала не раз. Як і яе бацькі, яна жыве з верай у сэрцы. Ходзіць у царкву, любімы тэлеканал – праваслаўны «Саюз». На пытанне пра каштоўны падарунак на юбілей заўважае:
– Самае дарагое – гэта мір на зямлі. І, канешне, здароўе. Усё астатняе прыкладаецца.
Кацярына Рынкевіч.
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.