Стужка лёсу да 90 расцягнулася

 Сустрэць 90-годдзе наканавана не кожнаму. 30 верасня адзначыў гэтую дату самы старэйшы жыхар вёскі Пераброддзе Мар’ян Іосіфавіч ЧАПУЛЁНАК. Здзіўляецца свайму ўзросту і заўважае, што, напэўна, родная зямля, у якую ўклаў свае душу і любоў, пот і мазалі, пакуль не жадае яго адпускаць.

Сэнс жыцця – у Пераброддзі…

У глыбокім узросце заходзіць у госці бяссонніца. У такія моманты Мар’ян Іосіфавіч прыгадвае мінулае, пракручвае ў думках стужку доўгага жыцця. На ёй праяўляецца пражытае і перажытае. Сельскае дзяцінства, з малых гадоў звязанае з дапамогай бацькам-сялянам па гаспадарцы. Школьная пара, што настала ў год фашысцкай акупацыі. Расстанне з татам, якога мабілізавалі на працоўны фронт у горад Іжэўск Удмурцкай АССР. Там захварэў, быў камісаваны, памёр 9 мая 1945 года ў браслаўскай бальніцы. Спаленая ворагамі хата і схованкі ў лесе.

У пасляваенны час Мар’ян Чапулёнак скончыў сямігодку. З 14 гадоў бярэ адлік яго працоўная біяграфія. Пачынаў конюхам, быў заняты на палявых работах. Пасля прызначылі адказным за калгасны радыёвузел. Гэты факт стаў вызначальным для армейскай службы, якую праходзіў на Далёкім Усходзе. Быў радыётэлеграфістам у вучэбнай роце. Памятае абазначэнне літар у азбуцы Морзэ, захоўвае нагрудны знак «Выдатны сувязіст».

Пасля арміі было некалькі варыянтаў перспектыўна ўладкавацца. Прапаноўвалі застацца на звыштэрміновую службу. Запрашалі ў ваеннае вучылішча сувязі ў Ноўгарад. Сваякі з Ленінграда клікалі ў трохпакаёвую кватэру і абяцалі дапамагчы з работай. Цётка з Рыгі гатова была прыняць у двухпавярховым асабняку. Ніводная з прапаноў не прывабіла. Душа адгукалася на адзіны кліч – роднага Пераброддзя. Яно не абяцала камфорту і матэрыяльных выгод. На наступную раніцу пасля вяртання Мар’ян паехаў да старшыні калгаса прасіць зерня – дома не было чаго есці. Выпісалі пуд ячменю. Частку зерня змалолі, маці спякла на патэльні какорыну – ляпёшку з мукі і вады. Да яе – кубачак малака. Так пачаставалі ўчарашняга салдата.

– Ніколі не шкадаваў, што вярнуўся. Я не магу без гэтых лясоў і азёр, без Пераброддзя, – гаворыць Мар’ян Іосіфавіч. – У гэтую вёску мной шмат укладзена. Да пенсіі працаваў у калгасе электрыкам. Праводзіў вяскоўцам электраправодкі, устанаўліваў тэлеантэны, рамантаваў тэлевізары. Хацелася рабіць карыснае для вёскі і яе жыхароў. Тут сэнс майго жыцця. Ніколі не ўзнікала думкі паехаць адсюль за лепшым заробкам. Быў рады, што я дома.

…і ў сям’і

Патрыётамі малой радзімы і ўдзячнымі сынамі выраслі Віктар і Вадзім. Абодва звязалі прафесію з грамадзянскай авіяцыяй, жывуць у сталіцы, аднак не было такога тыдня, каб хтосьці з іх не прыехаў у бацькоўскі дом. Абуладкавалі тут усе выгоды. Простая хата, якую пасля вайны ўзвялі на месцы спаленай, цяпер утульнае і камфортнае жыллё з каналізацыяй, водаправодам, электраацяпленнем.

Адзін з самых цёплых успамінаў у Мар’яна Іосіфавіча – іх вяселле з настаўніцай Эміліяй Іванаўнай. Простае і сціплае, яно стала пачаткам размеранага і шчаслівага сямейнага жыцця. Лёс адмерыў ім сумесныя 42 гады. Апошнія тры з паловай месяцаў азмрочыла хвароба жонкі – пасля інсульту яна не ўставала. Клапатлівы муж увесь час быў побач, дзяжурылі сыны. Разам годна вытрымалі гэты іспыт на вернасць і адданасць.

– У нас добрыя сыны. Ніколі не было за іх сорамна. Абодва скончылі школу з залатымі медалямі, знайшлі сябе ў жыцці, – гаворыць бацька. – Лекцый ім не чыталі. Выхоўвалі ўласным прыкладам. У хаце панавалі згода і спакой, ніколі  не гучала папрокаў і абраз.

Сакрэт доўгажыхарства – у дабрыні і жыццялюбстве

Мар’ян Іосіфавіч сцвярджае, што за ўсё жыццё не вымавіў ніводнага нецэнзурнага слова. Чуў іх навокал, а з вуснаў ніколі не зрываліся. Нават калі замест цвіка ўдар малатка выпадаў на палец. На чужое здзіўленне заўважаў, што праводзіць эксперымент, ці можна абысціся без брыдка- слоўя. Аказваецца, можна.

Размаўляем з вяскоўцам-доўгажыхаром на беларускай мове. Для яго яна блізкая і дарагая. Любімыя тэлеперадачы – «Веды ў кубе» і «Сваімі словамі».

– Па радыё чуў, што ЮНЭСКА аднесла беларускую мову ў спіс тых, што знікаюць. Балюча і горка, што яна мала каму патрэбная, – кажа суразмоўнік. – Дзе цяпер у вёсцы яе пачуеш? Прыйдзеш у магазін, павітаешся «Добры дзень!» ці «Добрай раніцы!» – як на дзівака глядзяць. Мне ж хочацца размаўляць па-беларуску.

Мар’ян Чапулёнак улюбёны ў родную мову, мілае сэрцу Пераброддзе, у жыццё. На пытанне пра сакрэт даўгалецця на хвіліну задумваецца. Затым гаворыць:

– Перш чым штосьці зрабіць, заўсёды думаў, добра гэта ці дрэнна. Стараўся весці здаровы лад жыцця. Алкаголем не злоўжываў. У 13 гадоў сябар прапанаваў закурыць. Зрабіў зацяжку – галава закружылася, ногі не трымаюць. На ўсё жыццё хапіла. Прытрымліваюся рэжыму дня: устаю ў сем раніцы, спаць кладуся ў дзесяць вечара, у вызначаны час сняданак, абед і вячэра. Галоўны прадукт на стале – бульба. Без яе ні дня не абыходзіцца. Канешне, цела пра ўзрост нагадвае, сілы не тыя, а ў душы гадоў на сорак сябе адчуваю. Культура цікавіць, люблю музычныя тэлеперадачы.

Дні Мар’яна Іосіфавіча праходзяць ва ўтульнай хаце, на прасторным падворку. Любіць прагуляцца па роднай вёсцы, палюбавацца яе непаўторнымі краявідамі. Гэта крыніца яго жыццялюбства, сіл і душэўнай радасці.

***

У свой юбілей сяльчанін прымаў цёплыя віншаванні. У тым ліку ад старшыні Перабродскага сельвыканкама Віктара Дзеравянчыка.

– Даўно знаёмы з Мар’янам Іосіфавічам. Адзін з важных сакрэтаў яго доўгажыхарства – гармонія з сабой, з людзьмі, з прыродай, – гаворыць Віктар Мікалаевіч. – У ім няма зла, якое паліць чалавека знутры. Ён умее радавацца і прымаць жыццё такім, якое яно ёсць. Усе мы розныя, аднак трэба імкнуцца быць дабрэй і жыць у гармоніі. Для мяне Мар’ян Іосіфавіч у гэтым прыклад.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.