Іван Антонавіч і Ганна Францаўна ЛАСТОЎСКІЯ з Ідолта адзначылі залатое вяселле

 Знаёмы з дзяцінства, у маладосці напаткалі ўзаемнае каханне і пранеслі яго праз 50 гадоў сямейнага жыцця. Іван Антонавіч і Ганна Францаўна ЛАСТОЎСКІЯ з Ідолта адзначылі залатое вяселле.

Родам Іван Антонавіч і Ганна Францаўна з невялікіх вёсачак у Павяцкім сельсавеце. Там жа 25 жніўня 1973 года пабраліся шлюбам. Праз паўвека яны зноў жаніх і нявеста. На гэты раз месца ўрачыстасці – аддзел загса райвыканкама.

Гучыць марш Мендэльсона, з хваляваннем і радасцю заходзяць у залу ўрачыстых рэгістрацый залатыя маладыя. За імі – сям’я, што за 50 гадоў вырасла ў некалькі разоў, блізкія і сябры.

Свой паўвекавы сямейны саюз Ластоўскія пацвердзілі подпісамі ў кнізе ганаровых юбіляраў Міёршчыны. Тут жа засведчылі бацькоўскае каханне з найвышэйшай пробай золата іх дзеці Сяргей, Ула-дзімір, Алена. Галоўны спецыяліст аддзела загса Вольга Юнок уручыла сямейнай пары юбілейнае пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу. Цёплы пацалунак, танец для дваіх, кветкі і віншаванні.

– Хвалюемся, можа быць, нават больш, чым 50 гадоў таму, – дзеліцца нявеста. – Усё наша жыццё звязана з роднымі павяцкімі мясцінамі. Я працавала бухгалтарам у саўгасе «Міёрскі», муж механізатарам у гэтай жа гаспадарцы. Самыя яркія падзеі сямейнага жыцця – нараджэнне дзяцей.

Радуюцца дзядуля і бабуля ўнукам. Іх трое. Надзі 14 гадоў, Дзіму – шэсць. Самай малодшай Алісе паўгодзіка.

Сакрэт трывалай сям’і ў Ластоўскіх просты: саступаць і дараваць адно аднаму.

Пасля рэгістрацыі залатога вяселля павянчаліся ў касцёле ў Ідолта. 50 гадоў таму таксама засведчылі сямейны саюз перад Богам, толькі ўпотай, бо адносіны да рэлігіі ў грамадстве былі іншымі. Цяпер вырашылі зрабіць гэта адкрыта.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.