50 гадоў з кнігай у руках бібліятэкар Ірына КАЧАНОЎСКАЯ з Міёрчыны

 Звычайна ў жніўні прыступаюць да працы маладыя спецыялісты. У гэтым месяцы прыйшла ў прафесію бібліятэкар Ірына КАЧАНОЎСКАЯ. Было гэта 50 гадоў таму.

З-за школьнай парты ў бібліятэку

– Чытаць кнігі з дзяцінства любіла, захапленне перадалося ад таты. Вабілі творы Пушкіна і Лермантава, Купалы і Коласа. Бібліятэкарам стала па збегу абставін, – заўважае суразмоўніца.

Малая радзіма Ірыны Качаноўскай – вёсачка Харакова. Вучылася ў Туркоўскай школе, настаўнікі якой былі для дзяўчынкі і яе равеснікаў прыкладам адказнасці, дысцыплінаванасці, адданасці сваёй справе.

– У пачатковых класах нас вучыла Марыя Аляксандраўна Протас. Яна сябравала з маёй маці, што працавала ў школе тэхработнікам. Аднак у вучобе для мяне ніякіх паблажак не было, – прыгадвае Ірына Анатольеўна. – Неяк у школу праверка прыехала з раёна. У нас спыталі, кім хочам стаць, і ўсе ў адзін голас адказалі – настаўнікамі.

Вусны іспыт па рускай літаратуры ў сталічным педінстытуце абітурыентка не прайшла. Вярнулася дадому. У жніўні 1973-га ўладкавалася на працу ў бібліятэку ва Узмёнах. Праз два месяцы перавялі ў Сіцькова, а вясной 1974-га стала працаваць у Мікалаёўскай сельскай бібліятэцы, дзе і цяпер сустракае чытачоў.

Добрыя людзі побач

Работа бібліятэкара цесна звязана са стасункамі, аднак публічнай асобай Ірына Анатольеўна сябе не лічыць. Прапанова даць інтэрв’ю яе бянтэжыць. І ўсё ж пагаджаецца расказаць пра пяць дзясяткаў гадоў у бібліятэчнай справе.

– Старалася працаваць па сумленні. Завочна скончыла бібліятэчны тэхнікум у Магілёве. І цяпер ніяк не магу вырашыцца пайсці на пенсію, – заўважае яна. – У свой час была магчымасць змяніць месца жыхарства, але не пакінула месцейка, да якога прывязалася душой, дзе знайшла добрых сяброў. Ды і вёска мне заўсёды была бліжэй, чым горад. Ні пра што не шкадую.

Са слоў Ірыны Анатольеўны, ёй пашчасціла з калегамі. Цёпла адгукаецца пра былых дырэктараў раённай бібліятэкі Зінаіду Фамінічну Альхоўка і Алу Аляксееўну Скавародка. Падтрымку і разуменне знаходзіць у цяперашняга кіраўніка Таццяны Міхайлаўны Цыцылінай.

І побач працавалі ўважлівыя і добрыя людзі. З удзячнасцю ўзгадвае колішніх старшыню Мікалаёўскага сельвыканкама Іосіфа Пятровіча Спасібёнка, бухгалтара Зінаіду Іосіфаўну Ко-дзіс, начальніка ваеннага ўліку Фаіну Іванаўну Жук, сакратара Валянціну Рыгораўну Крот, старшынь калгаса Алену Аляксееўну Скрабатун і Васіля Пятровіча Шастакова, дырэктара школы Галіну Баляславаўну Спасібёнак. Усе яны падтрымлівалі і дапамагалі ў вырашэнні рабочых пытанняў. У самым пачатку 18-гадоваму замужняму бібліятэкару былі вельмі дарэчы іх слушныя парады ў вырашэнні бытавых пытанняў.

– Работа, сям’я, дзеці, уласныя агарод і гаспадарка – пастаянна ў клопатах. І на ўсё хапала часу і энергіі. Маладая была, – усміхаецца суразмоўніца. – Пакуль агарод палю, сцэнарый мерапрыемства прыдумаю, пасля ўсё запішу.

Песня да месца

Пэўны час бібліятэчныя клопаты Ірына Анатольеўна на палову стаўкі сумяшчала з работай загадчыка клуба. А гэта агеньчыкі на 8 Сакавіка, навагоднія прадстаўленні, святы да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і іншых дат календара.

Падчас аднаго з канцэртаў з залы на сцэну гледачы перадалі запіску з просьбай, каб Ірына Качаноўская пра-

спявала свае любімыя песні. Падабалася аднавяскоўцам, як у яе выкананні гучаць кампазіцыі гурта «Залатое кальцо». Хтосьці прыгадае яе сабаку – героя адной з навагодніх вечарын, які пачынаў выць, пачуўшы свіст. Іншым прыйдзе на памяць певень, што выйшаў на сцэну раней, чым планавалася па сцэнарыі, чым добра павесяліў публіку.

– Цікава было, весела, – гаворыць суразмоўніца. – Работнікаў арганізацый далучалі да сельгасработ. То на лён, то на буракі едзем. Як сядзем у машыну ў Мікалаёве, так да самых Брушак, што за дзесяць кіламетраў, песні спяваем. І на зваротным шляху таксама.

Чытачы чакаюць і прыходзяць

Мікалаёўская сельская бібліятэка ў сярэдзіне 70-х налічвала каля 300 чытачоў. Знахо- дзілася ў драўляным будынку з пячным ацяпленнем на месцы, дзе цяпер царква, у якой Ірына Анатольеўна падчас Богаслужэнняў спявае на клірасе.

У 1983-м установа пераехала на першы паверх будынка, дзе да гэтага часу суседнічае з адміністрацыяй мясцовай гаспадаркі, сельвыканкамам, клубам.

Чытацкіх фармуляраў цяпер 230. Аднак пашырылася зона абслугоўвання, куды ўвайшлі населеныя пункты, што раней адносіліся да зачыненай бібліятэкі ў Сіцькове. Туды Ірына Анатольеўна выпраўляецца два разы на месяц, папярэдне дамовіўшыся з чытачамі, якія кнігі прывезці. Чакаюць літаратуру педагогі-пенсіянеры Вера Мікалаеўна Яленская, Галіна Пракоф’еўна Панкрат, Вера Ула-

дзіміраўна Латушка, былы намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Уладзіміраўна Пад’ельская і іншыя аматары кнігі.

У Мікалаёве на працягу многіх гадоў у кагорце пастаянных чытачоў Сямён Пятровіч Красько, Лідзія Міхайлаўна Шымуковіч, Таццяна Мікалаеўна Кліменцьева, Вольга Мікалаеўна Пазняк. Разам з унукамі, якія прыязджаюць на лета, ідуць у бібліятэку Валянціна Зыгмундаўна Красько, Таццяна Пятроўна Атміновіч, Наталля Паўлаўна Красько, Ірына Ануфрыеўна Томка.

У свой час прыходзілі ў бібліятэку і ўнукі Ірыны Анатольеўны. Займаліся ў нядзельнай школе, што дзейнічала ва ўстанове. Усе чацвёра ўжо дарослыя, знайшлі сваю справу, у аднаго свая сям’я.

Дзверы адчынены 

– Калісьці за кнігамі дзеці ў чарзе стаялі. Чыталі не толькі творы школьнай праграмы, але і іншую літаратуру, – прыгадвае бібліятэкар. – Час ідзе, свет змяняецца. Прыйшлі гаджаты. З імі трэба лічыцца, але і пра кнігу не забываць. Інакш мы развучымся размаўляць. У нас не будзе багатага слоўнікавага запасу і граматнага маўлення.

Дзверы Мікалаёўскай сельскай бібліятэкі ў прамым сэнсе заўсёды адчынены. Для чытачоў, для сяльчан, што прыходзяць па справах у сельсавет ці да кіраўніцтва гаспадаркі, для пакупнікоў, якія чакаюць тавары ў магазін праз дарогу, для кожнага, каму не хапае простых стасункаў. Яшчэ не было таго дня, каб хтосьці не зазірнуў у кніжны дом, дзе прыемная атмасфера, цікавая літаратура і шмат жывых кветак, без якіх гаспадыня ўстановы таксама не ўяўляе сябе.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий