Нядаўна юбілей адзначыў паэт і празаік з Шаркаўшчыны Міледзій КУКУЦЬ
gazeta 9-08-2023, 11:16 2 574 Юбілей
Нядаўна юбілей – 70-годдзе з дня нараджэння – адзначыў паэт і празаік з Шаркаўшчыны Міледзій КУКУЦЬ. Яго як члена Саюза пісьменнікаў Беларусі вітала дэлегацыя літаратараў са сталіцы пад кіраўніцтвам паэта Навума Гальпяровіча.
Доўга гучалі ў чытальнай зале раённай дзіцячай бібліятэкі празаічныя і паэтычныя віншаванні ад мясцовых калег па пяру: ён жа яшчэ ўдзельнік тутэйшага літаб’яднання «Світанак». Актыўна вяла сябе дэлегацыя міёрскіх бібліятэчных работнікаў пад кіраўніцтвам кіраўніка нашай раёнай бібліятэчнай сістэмы Таццяны Цыцылінай: павіншавала, уручыла падарункі і нават правяла конкурс. Асабіста я падрыхтаваў для юбіляра паэтычны віншавальны адрас. Справа ў тым, што Міледзій Мікалаевіч пачаў займацца літаратурнай творчасцю ў 1992 годзе і з таго часу падтрымлівае трывалыя сувязі з нашай раённай бібліятэкай, друкуецца на старонках раённай газеты. Міярчане рэгулярна знаёмяцца не толькі з яго вершамі, але і са шматлікімі кнігамі земляка, якія выходзяць рэгулярна. «Міёрскія навіны» калісь надрукавалі нават аповесць Міледзія Кукуця «Аднавяскоўцы» пра трагічныя падзеі ў вёсцы Вусаўцы ў ваенны час.
Так, Міледзій Мікалаевіч – наш зямляк. Нарадзіўся ў Вусаўцах, вучыўся ў Наўгародскай васьмігодцы, пакуль сям’я не пераехала ў суседні раён. Там пасля атрымання спецыяльнай адукацыі і пачаўся яго працоўны шлях. Набіраўся жыццёвага вопыту інжынерам-электрыкам, намеснікам старшыні і старшынёй калгаса, спецыялістам раённага звяна. Але ніколі не парываў сувязі са сваёй малой Радзімай – Міёршчынай.
Крэда паэта:
Я роднай нівы каласок,
Я прабіваўся праз пясок,
Я прабіваўся праз жарству
І злу насуперак жыву.
Я кожнаму малюся дню,
Я слаўлю хлеб і дабрыню.
З кнігамі Міледзія Кукуця знаёмяць паліцы раённай бібліятэкі, з новымі яго творамі – літаратурная старонка «Ручаёк» у «Міёрскіх навінах».
Леанід МАТЭЛЕНАК, былы рэдактар раённай газеты.
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.