Семье Валевко — 60!

Сям'і Валеўкаў —  60!

Семье Валевко — 60! У вёсачцы Каменполле, што паблізу ад райцэнтра, жыве шчаслівая сям’я Аркадзя Іванавіча і Соф’і Рыгораўны Валеўка. Здавалася б, усё як ва ўсіх — сустрэліся, пажаніліся, нарадзілі і выхавалі дзетак. Зараз для іх вялікай уцехай з’яўляюцца ўнукі і праўнукі.

 

Аднак ёсць у гэтай сям’і і яшчэ адна прыемная адметнасць — 60 гадоў сумеснага жыцця. Сваё брыльянтавае вяселле справяць муж і жонка ў пачатку 2012 года. Важна, што пражылі ў шчасці і паразуменні.

— Не, не тое, каб зусім не пасварыліся, — адзначае Соф’я Рыгораўна, — важна, каб у сям’і была падтрымка, каб уступалі адзін аднаму і давяралі ва ўсім. Галоўным павінен быць мужчына. Так было раней, так і патрэбна цяпер, бо менавіта мужчына выконвае галоўную работу — арэ, сее, косіць, нарыхтоўвае дровы.

 

На маё пытанне пра адносіны да грамадзянскага шлюбу, субяседнікі выказаліся адназначна: “Роспіс, вянчанне — такіх вясельных абрадаў трэба прытрымлівацца. Тады сямейнае жыццё будзе аберагаць Бог. А ў грамадзянскім шлюбе маладыя жывуць бы прыблудныя”.

 

Аркадзь Іванавіч і Соф’я Рыгораўна шчыра вераць у Бога.

— Без Бога — ні за парог, — кажуць яны. — І самім трэба глядзець, і на Бога спадзявацца. Рэгулярна запрашаем святара, каб асвяціў хату, спавядаемся.

А я для сябе з прыемнасцю адзначаю, што гутарка з мудрымі людзьмі ідзе толькі на карысць, бо што ні слова, то навука.

— Як вы лічыце, — пытаюся, — у сям’і патрэбна каханне ці можна і без яго пражыць? Тым больш, калі ёсць добрыя адносіны і ўзаемапавага.

— Кахаць трэба. Як будзеш кахаць, дык і сварка ні па чым, — даводзілі яны.

Рамантычным месцам знаёмства і спатканняў будучых мужа і жонкі Валеўкаў  стала калгаснае поле. Менавіта там штодзень завіхалася старанная дзяўчына. А малады трактарыст Аркадзь Іванавіч не мог не прыкмеціць і ацаніць па вартасці спрытную працаўніцу, якая прывабіла яго яшчэ і дзявочай прыгажосцю.

 

Праз нейкі час згулялі вяселле. У маладой сям’і нарадзіліся дзве дачушкі і сынок.

Цяпер яны ўжо даўно дарослыя, маюць уласныя сем’і. Розныя абралі прафесіі. Так, Алена Аркадзьеўна Радзішэвіч — повар. Ала Аркадзьеўна Дзехцяронак працуе бухгалтарам. А сын Дзмітрый Аркадзьевіч Валеўка жыве ў Браславе. Ён — вадзіцель.

У брыльянтавых юбіляраў — 6 унукаў і столькі ж праўнукаў. Усіх іх Валеўкі-старэйшыя вельмі любяць, заўсёды чакаюць у госці.

 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Іванавіч быў на фронце, ваяваў у Венгрыі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Узгадвае ветэран і пра тое, як рамантаваў зброю. Атрымлівалася.

 

Соф’я Рыгораўна не прамінула прыгадаць галодныя гады, калі не хапала хлеба. Аднак перажылі і ваеннае ліхалецце, і ўсе нягоды.

 

Быў час, калі хлявы поўніліся статкам, калі працавітыя людзі жылі заможна. Прыгожа адзначалі святы. Светлыя ўспаміны пакінуў пра сябе абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Выбіралі “бацьку” і “маці”, а тыя ў сваю чаргу — дзяўчыну і хлопца. У танцы маладых злучалі. Абрад працягваўся цікавымі гульнямі, забавамі, жартамі.

На Вялікдзень хадзілі валачобнікі, спявалі велікодныя песні, не абміналі ніводную хату, ушаноўвалі яе гаспадароў. Зычылі ўсім добрага здароўя, шчаслівай долі.

 

Семье Валевко — 60! — Весела жылося маладым і старым, — дружна ўспамінаюць Валеўкі. Гэта былі гады іх маладосці, а таму ўрэзаліся яны ў памяць як найлепшы перыяд жыцця.

Прыгадвае Соф’я Рыгораўна, як шыла адзенне не толькі сваёй сям’і, але і іншым вяскоўцам. Атрымлівалася ў яе гэта нядрэнна.

 

Маладыя Валеўкі не толькі трымалі падсобную гаспадарку, але на першым часе набылі нават калоду пчол. Не так як дзеля мёду, а больш для душы, бо прыемна ім было назіраць як гудуць-спяваюць пчолкі-працаўніцы. Падобнай стараннасцю вызначаліся і самі гаспадары, якія пастаянна дбалі пра дабрабыт, што стваралі ўласнымі рукамі.

 

На залатое вяселле юбіляраў сабраліся ўсёй вялікай сям’ёй. Шумна і весела было за сталом. Соф’я Рыгораўна і Аркадзь Іванавіч прынялі безліч віншаванняў, цёплых слоў.

 

Не менш шматлюдна будзе і падчас брыльянтавага юбілею, бо ўсім хочацца выказаць самае пяшчотнае, самае душэўнае дарагім бабулі і дзядулю. Вось як адгукаецца пра родных  людзей унучка Марына Віктараўна Радзішэвіч: “Памятаю, як я маленькая прыбягала з марознай вуліцы, а дзядуля грэў ля печы коўдру і клапатліва ўхутваў мяне. Наогул, ён мог дараваць нам любыя свавольствы. Бабуля нас таксама вельмі любіла, хоць і выхоўвала ў паслухмянасці і строгасці. Разумеем, што заўсёды жадалі яны нам самага найлепшага, хацелі, каб выраслі мы годнымі людзьмі”.

 

Бясспрэчна, само жыццё брыльянтавых юбіляраў Валеўкаў — найлепшы ўзор для моладзі, людзей, якія пачынаюць будаваць сваё сямейнае шчасце, гэта — яскравы прыклад і для ўсіх іншых.

 

На здымках: Соф’я Рыгораўна і Аркадзь Іванавіч у маладосці і сёння.

 

Алена БАСІКІРСКАЯ.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.