Центру —10!
gazeta 10-01-2012, 12:01 2 240 Юбілей
Цэнтру — 10!
10 студзеня, ДУСА “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міёрскага раёна” адзначае свой першы 10-гадовы юбілей. Пройдзены шлях фарміравання і станаўлення. Цяпер тут заняты 103 супрацоўнікі, адкрыты 4 аддзяленні — дапамогі на даму, тэрміновага абслугоўвання, адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання маладых інвалідаў, аддзяленне кругласутачнага знаходжання.
У студзені 2002 года базай для стварэння ТЦСАН стала аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. У той час яно налічвала 58 сацыяльных работнікаў, якія аказвалі дапамогу 388 падапечным. Сёння ў падначаленні загадчыцы Ксеніі Маскаленка 70 чалавек, якія абслугоўваюць 420 пажылых грамадзян.
Праца сацыяльнага работніка нялёгкая, яна па плячы толькі людзям, якія валодаюць чулай душой і чалавечнасцю, здольны на міласэрнасць і прымаюць чужы боль як свой, а яшчэ — штодзённа робяць дабро і служаць іншым.
Разавыя паслугі аказваюць работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання (загадчыца Людміла Астукевіч). Яшчэ тут малазабяспечаныя грамадзяне могуць атрымаць гуманітарную дапамогу. Акрамя стандартнага пераліку аказваемых паслуг са студзеня мінулага года намі ўкаранёны новыя віды, у тым ліку паслугі цырульніка. У снежні за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны створана спецыялізаванае рабочае месца для інваліда — мыццё і рамонт бялізны. Жыхары Дзісны могуць звяртацца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання, каб памыць бялізну. Тэлефоны для даведак 3-73-53; 4-21-44.
Цэнтр мае ліцэнзію на грузапасажырскія перавозкі для насельніцтва.
Не сакрэт, што з узростам людзі баяцца адзінокай старасці. Менавіта для такіх і створана ў Дзісне аддзяленне кругласутачнага знаходжання, але ў нас яго прынята называць “дом без адзіноцтва”. Загадчык яго — Віктар Мільяновіч. Тут ён сапраўдны гаспадар, які клапоціцца пра падапечных, імкнецца стварыць па-хатняму ўтульныя ўмовы для жыцця сваіх 30 пастаяльцаў. У аддзяленні рэгулярна праводзяцца рамонты, добраўпарадкаванне тэрыторыі. У хуткім часе яно пераязджае ў будынак Дзісенскага дома-інтэрната. Там праведзены цякучы рамонт, на што затрачана 112049,4 тысячы рублёў.
Самым маладым у структуры цэнтра з’яўляецца аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання маладых інвалідаў (загадчыца Таццяна Шульга). Яго стварэнне абумоўлена неабходнасцю дапамогі і падтрымкі ўсім неабароненым катэгорыям грамадзян і ў першую чаргу сем’ям: шматдзетным, няпоўным, малазабяспечаным і тым, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Для дзяцей тут створаны калейдаскоп творчых аб’яднанняў, для бацькоў — клубы па інтарэсах. Арганізавана работа псіхалагічнай дапамогі, у тым ліку па “тэлефоне даверу”.
Для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця аддзяленне дзённага знаходжання не толькі месца для правядзення вольнага часу, але і магчымасць самарэалізацыі праз працоўную дзейнасць. Такім чынам, па ініцыятыве спецыялістаў цэнтра на працягу трох гадоў чатыры інваліды другой групы ў суправаджэнні спецыяліста былі працаўладкаваны на грамадска-значымыя работы па добраўпарадкаванні горада.
Цэнтр працуе ў стылі дзелавога супрацоўніцтва і партнёрскіх адносін з грамадскімі арганізацыямі і дабрачыннымі аб’яднаннямі. Для работы з дзецьмі-інвалідамі ад міжнароднага дабрачыннага аб’яднання “Сафія” атрыманы грант, дзякуючы якому абсталявана сацыяльная кухня, аснашчаны пакой лячэбнай фізкультуры, набыты персанальны камп’ютар, швейная машына.
У рамках супрацоўніцтва з дабрачыннай каталіцкай арганізацыяй “Карытас” рэалізаваны праект “Вырасцім сваю мару”. У саюзе са спонсарамі ўстаноўлена і абсталявана сельгасінвентаром цяпліца для вырошчвання гародніны. Дзякуючы праекту трое маладых людзей з асаблівасцямі ў развіцці з мая па лістапад 2011 года былі працаўладкаваны ў ТЦСАН у якасці рабочых зялёнага будаўніцтва.
Сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Чырвоны крыж” рэалізаваны праект “Жыццё новых магчымасцей”, накіраваны на аказанне сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі маладым інвалідам.
Мы часта звяртаемся за дапамогай ва ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы горада, да індывідуальных прадпрымальнікаў і дабрачынных аб’яднанняў. Просьбы не застаюцца без увагі, знаходзяць водгукі ў сэрцах людзей.
Работа ў сацыяльнай сферы патрабуе адданых справе, нераўнадушных людзей з адкрытай душой і чулымі сэрцамі. Асаблівую ўдзячнасць за прафесіяналізм, кампетэнтнасць, адказнасць выказваю ўсім загадчыкам аддзяленняў і спецыялістам цэнтра, у першую чаргу работнікам аддзялення кругласутачнага знаходжання за іх цярпенне, клопат пра састарэлых, уменне ствараць цёплыя і ўтульныя ўмовы для жыцця гэтых людзей.
З душой адносяцца да сваёй справы і атрымліваюць шмат удзячнасцей ад падапечных работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццяна Пальчэўская, Валянціна Астукевіч, Любоў Глебка, Алена Далгова, Марына Казлоўская, Таццяна Малыш, Дзіна Парадня, Таццяна Нарэйка, Таццяна Шчарбіцкая і іншыя.
Нядаўна працуюць у аддзяленні, але ўжо паспелі заслужыць любоў і павагу падапечных Таццяна Сачыўка, Зоя Балабан, Валянціна Плоская, Наталля Януць.
Ужо на заслужаным адпачынку, але працягваюць дапамагаць людзям Марыя Унучак, Ірына Санько, Тамара Мятліцкая, Зінаіда Салаўёва, Міхаіл Рымдзёнак, Ія Яленская, Вольга Шчарбіцкая, Рэня Сядлоўская, Лівія Окунь.
Цэнтр крочыць у нагу з часам, удасканальваецца і развіваецца, упісвае новыя падзеі і факты ў сацыяльнае жыццё раёна.
Сёння на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным юбілею ТЦСАН, лепшыя работнікі будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі, многія адзначаны ўдзячнасцямі, а ў адрас усіх прагучаць цёплыя словы і віншаванні.
А. ШАМЁНАК,
дырэктар ТЦСАН.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.