Юбілей сям'і ДУБЧОНКАЎ з вёскі Вострава
gazeta 30-05-2023, 11:40 1 179 Юбілей27 мая ў сям’і Мечыслава Мечыслававіча і Людмілы Уладзіміраўны ДУБЧОНКАЎ з вёскі Вострава пяцьдзясят гадоў. Паўвека таму далі адзін аднаму абяцанне быць разам у радасці і ў горы. Усе працоўныя клопаты звязаны з родным калгасам, часта партрэты мужа і жонкі віселі побач на Дошцы гонару. У працы выхоўвалі сваіх дзяцей.
У сямейным архіве Мечыслава Мечыслававіча і Людмілы Уладзіміраўны беражліва захоўваецца цэлы стос узнагарод – ганаровых грамат і ўдзячнасцей за ўдарную працу, а яшчэ ордэн працоўнай славы 2-й ступені. Традыцыі прадоўжылі дзеці Сяргей і Таццяна, іх дыпломы за старанную вучобу размешчаны побач.
– Дзеці выраслі добрыя і ўнукі таксама. Хто на акардэоне грае, хто ў футбол, хто ў шахматы. Медалёў мноства маюць. Прывязуць – цэлы дзень разглядаем, – з усмешкай прыгадвае Людміла Уладзіміраўна.
Сямейная гісторыя Дубчонкаў пачалася ў 1973 годзе. Людмілу накіравалі па размеркаванні працаваць электрыкам у вёску Вострава. Мечыслаў быў шафёрам у калгасе «Зара». Пазнаёміліся ў мясцовым клубе, на месцы якога цяпер шуміць бярэзнік. Неўзабаве хлопец адправіўся ў Падсвілле сватаць нявесту. Гэты дзень памятаюць у дэталях.
– Была субота, як і сёння, – заўважае Людміла Уладзіміраўна. – Надвор’е сухое і сонечнае, прыгожа грушы цвілі.
Святкавалі ў цесным сямейным коле – чалавек сем сабралася. Мечыслаў пазычыў у пляменніка белую нейлонавую кашулю, а Людміле пашылі фату. Адзначыўшы вяселле на радзіме ў жонкі, пагрузілі ў машыну пасаг і паехалі ў Вострава. Распісаліся ўжо тут і пасяліліся разам з маці.
Пяцьдзясят тры гады быў заняты вадзіцелем Мечыслаў Мечыслававіч. Людміла Уладзіміраўна загадвала фермай, затым пайшла ў даяркі. Абодва былі на добрым рахунку ў калгасе «Зара», а пасля аб’яднання – і ў «Перамозе». Як перадавікі змаглі купіць «Масквіч», а вось грошы, што захоўвалі на зберкніжцы, як і ў многіх тады, згарэлі.
Ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш. Атрымаўшы спадчыну ад дзядзькі з Канады, узвялі новую хату побач з бацькоўскай. Разам з татам нароўні клаў зруб і накрываў дах сын. Ужо трэці дзясятак гадоў жывуць у сваім жыллі.
– Я вам скажу: век жыць – не мех шыць, усяго бывала, – заўважае Мечыслаў Мечыслававіч. – У маладосці давялося стаць удзельнікам першага раённага злёту маладых энтузіястаў. Збіралі ўсіх, хто застаўся працаваць у сельскай гаспадарцы. З калгаса ездзіла чалавек дзесяць, а праз некаторы час усе паразбягаліся па гарадах. Я ж застаўся верным свайму калгасу. Трыццаць гадоў на адной машыне адпрацаваў і пасля выхаду на пенсію яшчэ трынаццаць заставаўся ў страі, неяк заняў трэцяе месца ў раёне сярод вадзіцеляў ГАЗ-53.
Мечыслаў Мечыслававіч жыў без бацькі, таму з маленства на яго плячах была ўся мужчынская работа. Не адставала ад мужа і Людміла Уладзіміраўна. Сёння сын Сяргей заўважае, што іх з сястрой бацькі выхоўвалі працай. Разам палолі буракі ў калгасе, калолі дровы, вырошчвалі гародніну і даглядалі жывёлу. І сёння ў бацькоўскім доме частыя госці, дапамагаюць па гаспадарцы. Дубчонкі крыху скарацілі пасяўныя плошчы, але не адмовіліся ад каровы.
Гаспадар заўважае, што пенсія добрая, атрымліваюць яе рэгулярна. А вось за малако грошы затрымліваюць. Няма імпэту здаваць лішкі.
Гледзячы на гэту слаўную пару, здзіўляемся. Гаспадар гаваркі і вясёлы, гаспадыня – сціплая і нешматслоўная. Па словах сына, яны цудоўна дапаўняюць адзін аднаго. Наконт сакрэту дружнага сямейнага жыцця Мечыслаў Дубчонак заўважае:
– Трэба паважаць адзін аднаго і дара-
ваць памылкі. Маладыя цяпер ледзь з першымі праблемамі сутыкнуцца – і разбягаюцца. Трэба думаць не толькі пра сябе. Усё лепшае аддаём дзецям. Гэта мы пасля вайны беднавата жылі, а яны хай парадуюцца.
Залаты юбілей Мечыслаў Мечыслававіч і Людміла Уладзіміраўна адсвяткуюць невялікім саставам, у коле родных людзей, як і пяцьдзясят гадоў таму. І так жа, як тады, паабяцаюць адзін аднаму быць разам у горы і ў радасці. Мараць пра тое, каб яшчэ пажыць, пабачыць свой працяг у дзецях і ўнуках.
Алена ВАРОНІНА.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям'і ДУБЧОНКАЎ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.