Значительный её вклад

Значны яе ўклад

Значительный её вклад 29 лістапада на рабочым стале галоўнага аграхіміка раёна Зофіі Уладзіміраўны Гагалінскай з’явіўся стосік Ганаровых грамат, якімі адзначылі яе за шматгадовую працу ў аграхімслужбе, добрасумленныя адносіны да выканання абавязкаў. Дзве з іх —  адну ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама, другую ад КУВП “Віцебская праектна-вышукальная станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі”, уручыў дырэктар станцыі Васіль Барысавіч Лявонцьеў. Дарэчы, павіншаваць галоўнага аграхіміка прыехалі таксама выконваючая абавязкі намесніка дырэктара КУВП Вольга Мікалаеўна Каваленка і старшыня прафкама прадпрыемства Васіль Ягоравіч Петравецкі. У гэты ж дзень Зофія Уладзіміраўна атрымала з рук начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслава Анатольевіча Бялько Ганаровую грамату райвыканкама за асабісты значны ўклад ў развіццё аграпрамысловага комплексу раёна.

 

У далёкім мінулым, калі Зофія Батура (цяпер Гагалінская) заканчвала Міёрскую СШ №2, настаўнікі рэкамендавалі ёй паступаць на філалагічны факультэт. Аднак ні настаўленні педагогаў, ні асабістая любоў да беларускай мовы і літаратуры не сталі вызначальнымі пры выбары жыццёвага шляху. Дапамаглі дзяўчыне з’арыентавацца з выбарам будучай прафесіі аднакласнікі Надзея Мацкевіч і Леанід Лясовіч, якія паступілі ў сельгасакадэмію. Гледзячы на іх і Зоя (так звалі яе сябры) вырашыла стаць студэнткай агранамічнага факультэта. Закончыла ВНУ ў 1980-ым і ўжо больш трыццаці гадоў працуе ў Міёрскім аграхімаддзеле, які падпарадкоўваецца КУВП “Віцебская праектна-вышукальная станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі”. Па службовых прыступках узнялася да пасады галоўнага аграхіміка. Кажа, што яе работа, як і кожнага агранома, патрэбная і важная — турбавацца пра сілкаванне глебы, якая, багата запраўленая ўгнаеннямі, прыме зярняткі і дасць ім моц для росту, парадуе высокім ураджаем.

 

— Каб зямля не губляла сілу, трэба ўносіць азот, фосфар, калій, мікраэлементы, — зазначае З. У. Гагалінская. — Сёлета, дарэчы, палеткі сельгасарганізацый раёна атрымалі асабліва багатую запраўку — пад культуры амаль усе гаспадаркі ўнеслі мінеральныя тукі пад поўную патрэбу. Дзякуючы гэтаму сельгасвытворцам удалося  мінімізаваць наступствы летняй засухі і атрымаць нядрэнны ўраджай. Аднак высокі кошт мінеральных угнаенняў і цяжкае фінансавае становішча гаспадарак прымушаюць больш сур’ёзна заняцца нарыхтоўкай і ўнясеннем арганікі. Гэта самае карыснае і, што не менш важна, экалагічна чыстае ўгнаенне. Новыя тэхналогіі ўтрымання статка на фермах дазваляюць атрымліваць яго ў вялікіх аб’ёмах і добрай якасці. Прыемна радуе, што за апошнія гады машынна-трактарныя паркі гаспадарак папоўніліся гноераскідвальнікамі, пагрузчыкамі. Больш магутнай стала транспартная тэхніка. Усё гэта спрыяе выкананню заданняў па сілкаванню ворыва арганікай. Шырока практыкуюць вяскоўцы і заворванне здробненай саломы. Высокі эфект ад гэтай тэхналогіі атрымліваюць там, дзе з пажніўнымі рэшткамі заворваецца азотнае ўгнаенне. Дарэчы, абагачэнне глебы арганікай павышае і эфектыўнасць дзеяння мінеральных угнаенняў.

 

Зофія Уладзіміраўна з цікавасцю расказвала мне пра сваю работу, пазнаёміла са шматлікай рабочай дакументацыяй. На Міёршчыне 18 гаспадарак (рэкордная колькасць у параўнанні з іншымі раёнамі вобласці), што павялічвае аб’ём клопатаў аграхіміка. Сярод  шматлікіх “папер” на рабочым стале мяне найбольш зацікавілі картаграмы палеткаў.

 

— Гэта галоўны “пуцевадзіцель” спецыялістаў раслінаводчай галіны, які дае падрабязную характарыстыку ворнага кліна. Па картах складаюцца планы ўнясення ўгнаенняў пад кожную культуру, — зазначае субяседніца. — Даследаванне глебы на гумус, кіслотнасць, мікраэлементы і па некаторых іншых паказчыках праводзіцца ў гаспадарках праз кожных 5 гадоў. Па яго выніках можна меркаваць наколькі ўмела раслінаводы гаспадарылі на палетках: у адных таварыствах за гэты перыяд глеба спустошылася, а ў другіх стала больш урадлівай. Чаму, напрыклад, ААТ “Туркова” заўсёды ў лідарах па вытворчасці збожжа? А ў многім дзякуючы штогадоваму добраму сілкаванню ворнага кліна арганікай і мінеральнымі тукамі. Руплівасць у рабоце па гэтаму напрамку праяўляюць дырэктар Віктар Іванавіч Сташкевіч, аграном Святлана Габдулаўна Сосік. Над павышэннем аддачы палеткаў старанна працуюць і многія іншыя спецыялісты гаспадарак раёна.  Гэта Міхаіл Вікенцьевіч Іваноў з ААТ “Гвардзейскі”, Галіна Вацлаваўна Адамовіч з “Мерыцы”, Марыя Мікалаеўна Бічаніна з “Папшулёў”, Аляксей Леанідавіч Лаўрыновіч з “Цітова”, Ала Васільеўна Конах з “Узмёнскага краю”, Жанна Вадзімаўна Лабкова з КУП “Язна”. І пералік можна прадоўжыць, бо ўсе разумеюць (толькі, на жаль, не ўсе робяць!): зямля не родзіць, калі яе не сілкаваць.

 

З. У. Гагалінская заўважыла, што на Міёршчыне сустракаюцца глебы розныя па механічнаму і хімічнаму складу. Патлумачыла, што шмат участкаў мае павышаную кіслотнасць — 15 275 гектараў, а таму іх даводзіцца вапнаваць. Раней такую работу выконвала райсельгасхімія, апрацоўваючы па 4-5 тысяч га глебы за сезон. Гэтае аб’яднанне “злілося” з райсельгастэхнікай (ААТ “Міёрскі райаграсервіс”),  якая ўзяла на сябе і клопаты па ўнясенню вапны. На жаль, па фінансавых прычынах апрацоўваемыя плошчы  цяпер зменшыліся да 1,5 — 1,6 тысячы гектараў.

 

Аграхімік падкрэсліла, што дэфіцыт грашовых сродкаў прымушае сельскіх спецыялістаў шукаць шляхі ўдасканалення вытворчасці, вучыцца беражлівасці і гаспадарлівасці.

— У кожнай галіне аграпрамысловага комплексу ўкараняюцца новыя прагрэсіўныя тэхналогіі, у тым ліку і ў раённым аграхімаддзеле. Цяпер тут працуе толькі адзін аграном, а раней такі ж аб’ём работы выконвалі ажно чатыры спецыялісты. Нагрузка, канешне, высокая, але аблегчыла работу камп’ютарная тэхніка — пры афармленні шматлікай дакументацыі, правядзенні падлікаў яна незаменная, — заўважыла З. У. Гагалінская. А яшчэ Зофія Уладзіміраўна шчыра падзякавала за разуменне, садзеянне ў рабоце спецыялістам агранамічных служб сельгасарганізацый раёна, падкрэсліўшы, што аграхімаддзел разам з імі працуе над агульнай задачай — павышэннем ураджайнасці сельгаскультур.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.