Семья Альхимович из деревни Мельница отметили 70-летний юбилей совместной жизни
gazeta 14-02-2023, 10:39 3 481 Юбілей
Рэдкі юбілей – 70 гадоў сумеснага жыцця – зарэгістравалі работнікі Перабродскага сельвыканкама ў мінулыя выхадныя.
Кацярыне Пятроўне было 23. Ва ўраджэнкі Смаленскай вобласці на чужыне нікога роднага побач. Ужо ў мірны час не стала маці, не вярнуўся з фронту малодшы брат. Іх траіх на Міёршчыну ў 1942 годзе прывезла на цягніку вайна. Пра бацьку яшчэ на малой радзіме было вядома, што загінуў у баі. Пазней высветліцца, што і старэйшы брат таксама ніколі не вернецца з ваеннага пекла.
Альберту Станіслававічу 25. Прыгожы статны юнак паходзіў з вёскі Томкі. Маладыя людзі сустрэліся аднойчы на вечарыне і больш не раставаліся. Альберт стаў усім для Кацярыны ў няпросты час яе жыцця.
Шлюб зарэгістравалі ў райбюро загса ў Міёрах 13 лютага 1953 года. Запіс акта № 17 і цяпер захоўваецца ў архіве аддзела загса райвыканкама. Тады маладыя пакляліся ў радасці і горы не пакідаць адно аднаго. Так дажылі да вясельнага 70-гадовага юбілею, што выпадае не многім.
Да акуратнага дагледжанага доміка Альхімовічаў у вёсцы Мельніца паціху з’язджаюцца аўтамабілі. Работнікі Перабродскага сельвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведаліся, каб выказаць сваю павагу і пашану сямейнай пары і пацікавіцца сакрэтам доўгага сумеснага жыцця. Тым часам нібы галубкі, тулячыся адзін да аднаго, чакалі на канапе гасцей пачэсныя юбіляры. Раз-пораз абменьваліся цёплымі позіркамі, нешта какетліва высвятлялі.
– Глядзіце, мілата якая, – захаплялася карцінкай сацыяльны работнік Іна Гурло. – Я не магла пакінуць без увагі такую знамянальную дату ў жыцці гэтых цёплых, добрых людзей. Пра такіх трэба ведаць і маладым у прыклад ставіць. Таму выступіла ініцыятарам сямейнага свята.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Кацярына Пятроўна не страціла жаночай прывабнасці. Ва ўсім – у адзенні, прычосцы адчуваюцца густ і пачуццё меры. Зранку ў яе пабывала цырульнік ТЦСАН Ірына Вальтэр і ўсе пажаданні прыгожа выглядаць выканала. Наогул, у свае 90 з хвосцікам жанчына з энтузіязмам сочыць за сабой.
Пад стаць жонцы і Альберт Станіслававіч – падцягнуты, па-мужчынску стрыманы. Словам, інтэлігент.
– Тата і мама для нас заўсёды былі прыкладам ва ўсім, – расказвалі сын і дачка. – Акуратныя, гаспадарлівыя, сумленныя, шчырыя. Вучылі працаваць, быць адказнымі, разлічваць на свае сілы, дапамагаць іншым.
Як сапраўдны мужчына, Альберт Станіслававіч заўсёды ўмеў абыходзіцца з будаўнічымі інструментамі. Чатыры хаты пабудаваў, заўважыў сын. Умела трымаў у руках і больш далікатную рэч – гармонік. Сумаваць не ўмеў, хаця быў строгі. Усё працоўнае жыццё прысвяціў мясакамбінату. Надзвычай адказным, шчырым работнікам лічыўся, пра што сведчаць тытулы: пачэсны ветэран працы, пераможца пяці пяцігодак.
Кацярына Пятроўна – берагіня дамашняга ачага, клапатлівая матуля. Працоўную дзейнасць пачынала на цагельным заводзе. Пасля ўладкавалася ў гасцініцу камунальнай гаспадаркі. 27 гадоў старшым адміністратарам адпрацавала, таксама безліч узнагарод у запасе мае.
Паважаныя людзі. А тут яшчэ рэдкі юбілей – 70 гадоў разам. У народзе гэту дату называюць жыватворнае вяселле, заўважылі госці. Такі сямейны саюз – сапраўдны цуд. Бог даў сілу і мудрасць Кацярыне Пятроўне і Альберту Станіслававічу разам пераадольваць цяжкасці на жыццё-
вым шляху. Сапраўдны ўзор для пераймання, сімвал вернасці і пастаянства. Пачэсныя сведкі трывалай сям’і – дачка Галіна, сын Анатоль, унукі Аляксандр, Віталь, Мікалай, унучка Кацярына.
Паставілі подпісы ў кнізе пачэсных юбіляраў. Пасведчанне аб заключэнні шлюбу ўручыў старшыня Перабродскага сельвыканкама Віктар Дзеравянчык. Ён адзначыў унікальнасць мерапрыемства. Шчыра павіншаваў пару, пажадаў здароўя і звярнуўся за парадай, як сумесна пражыць доўгае, шчаслівае сямейнае жыццё.
Альберт Станіслававіч ужо не надта добрае чуе, Кацярына Пятроўна нядаўна перанесла інсульт, але і без іх красамоўных выказванняў не цяжка было здагадацца, што сакрэт шчасця ў простым уменні быць побач, не зважаючы на характар, настрой, стан і ўсё астатняе.
Наталія СТАНКНЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.