Яшчэ доўга цвісці
gazeta 12-11-2011, 10:15 1 988 Юбілей
Галоўным сцэнарыстам усіх важных мерапрыемстваў у СШ №3 па сумяшчальніцтву з’яўляецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце В. М. Федуковіч. Гэта па яе прапанове ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя навучальнай установы на сцэне РДК пачалася нестандартна—з танца дзяўчат і песні пра школу. У перапрацаванага на мясцовую тэматыку мультыка “Ну, пачакай!”, які атрымаў назву “Ну, прыходзь!”, стала больш серый. З’явіліся новыя элементы, у прыватнасці, памятныя свечкі.
Але ж і традыцыйны даклад дырэктара В. Г. Атрошка слухаўся з увагай, бо ёсць што сказаць Валянціне Генадзьеўне пра мінулае і пра сённяшні дзень. І сапраўды — дзесяткі ўзнагароджаных настаўнікаў, пераможцы розных конкурсаў, лепшы ў рэспубліцы гісторыка-краязнаўчы музей, ад якога адпачкоўваецца ўжо трэці філіял, мноства таленавітых вучняў... Пра ўсё больш падрабязна — у наступны раз.
На ўрачыстасці вельмі шчымліва ўшанавалі першага дырэктара В. П. Цітовіча, які пачынаў з закладкі фундамента ў прамым і пераносным сэнсе, іншых ветэранаў педагагічнай справы. Тым, хто выпаў з гэтых радоў, прысвяцілі хвіліну маўчання.
Школу і яе калектыў вітаў начальнік аддзела адукацыі В. А. Драба: поспехі не прыходзяць самі па сабе, а СШ №3 лідар у раёне па многіх напрамках; рухавіком гэтага працэсу з’яўляецца дырэктар В. Г. Атрошка. І ў падарунак, пакуль віртуальны, абяцанне выдзеліць камп’ютарны клас.
Старшыня раённага Савета Р. В. Парфёненка агучыла прывітанне райвыканкама і райсавета і дапоўніла яго ўласнымі пажаданнямі.
Выказала нерэалізуемае ў прынцыпе жаданне вярнуцца ў гэтую школу намеснік райвыканкама М. М. Баніфатава, бо тут працуюць і яе настаўнікі. І наогул, нашы педагогі — самыя лепшыя. А з новым камп’ютарам навучальныя справы яшчэ хутчэй пойдуць уверх.
Юбілей гэты назвала сваім святам старшыня райкама галіновага прафсаюза А. Р. Фёдарава. Хто б сумняваўся, бо працавала ў пачатковых класах СШ №3 20 гадоў. Таму ўзнялася на сцэну не з пустымі рукамі.
У школы салідныя шэфы — ААТ “Пад’ельцы”, “Чэрасы”, “Міёрскі мясакамбінат”, “Райаграсервіс”, дзіцячы сад №3, прыёмны пункт малочнага камбіната. З імі ўзаемавыгадныя адносіны. Кожны мае ў пазітыве падтрымку школе камп’ютарнай тэхнікай, мэбляй, будматэрыяламі...
Тут набывалі не толькі педагагічны, але і арганізатарскі, кіраўнічы вопыт цяперашнія дырэктары першай і другой школ райцэнтра У. В. Ханецкі і У. Ч. Кашкур.
На сцэне дасціпна раскрылі “сакрэт” поспеху ў школьнай музейнай справе — гэта “сямейны падрад”. А каб стаць зоркай — варта тэрмінова запісацца ў футбольную каманду, якая дабіваецца ўсё большых перамог.
І вось развітальныя аккорды — апошнія танцы і песні (ну як не замілавацца самай маленькай і такой непасрэднай спявачкай Аляксандрай Мацвеевай), пажаданні ад вядучых школе цэлае стагоддзе яшчэ цвісці.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.