Ветеран органов внутренних дел Геннадий СУШКО отметил свое 80-летие!

 Генадзь Пятровіч жвава бярэ сваю рыбалоўную скрыню, неабходны інвентар для зімовай лоўлі і шпарка ідзе на возера. Яму не страшны мароз і сцюжа. І гэтак у васьмідзясятую пару жыцця. Сын Аляксандр, калі мае выхадны, яго суправаджае. Удваіх і улоў на два памнажаецца. Жартаўлівы і сур’ёзны, разам з тым дакладны і энергічны, бачыў многае ў сваім жыцці ветэран органаў унутраных спраў Генадзь СУШКО. На святочнай сустрэчы ахвотна дзяліўся ўспамінамі.

 

У дзень нараджэння завіталі яго павіншаваць самыя родныя людзі, сваякі, сябры-суседзі – сям’я Тронькіных, а таксама супрацоўнікі Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы.

 
– Генадзь Пятровіч падае нам прыклад актыўнага жыцця, добрай службы, і няспынны наш дарадца на заслужаным адпачынку. У юбілей жадаем моцнага здароўя і яшчэ шмат гадоў жыцця! – прывітаў імянінніка начальнік Міёрскага аддзялення Міхаіл Пракопчык.
27 гадоў жыцця прысвяціў Генадзь Пятровіч службе міліцыянерам: напачатку вадзіцелем у РАУС – 14 гадоў, а другую палову стажу – паставым у ААТ «Белаграпрамбанк».

 
– Наколькі ўсё ж шляхі чалавечыя нязведаныя. Пасля арміі нават і думкі такой не дапускаў, што буду насіць пагоны, – прызнаецца Генадзь Сушко. – Пасля заканчэння сямігодкі падаўся ажно ў Карэлію вучыцца на матарыста-рулявога ў школу плаўсаставу. Вучоба неадрыўна з практыкай, таму два гады цягаў на буксіры баржы на Беламор-Балтыйскім канале. У арміі служыў вадзіцелем. Маршруты па Савецкім Саюзе былі розныя, ездзіў па Расіі, Эстоніі, адтуль перавялі ў Казахстан. Пустыня Каракум. Бярэш пясок рыдлёўкай, а ён назад сыплецца. Як трапіў пасля арміі на працу ў міліцыю? За кампанію. Сябра пайшоў участковым, і я туды падаўся, узялі вадзіцелем. Калясіў па ўсіх дарогах раёна. У Друю, Дзісну, Язна – часты маршрут на месцы здарэнняў. Але дабірацца даводзілася ў два разы даўжэй, чым цяпер. Такія былі дарогі. У 1986-м пабываў у Чарнобылі. На забруджанай тэрыторыі знаходзіліся для аховы правапарадку. Вялі барацьбу з марадзёрамі. Пакінутую заражаную радыенуклідамі маёмасць яны маглі прадаць і нанесці шкоду камусьці.

 
– Чаму вырашылі перайсці на працу ахоўнікам?
– Каб часцей быць з сям’ёй. Жонка таксама працавала ў РАУС у аддзеле выдачы пашпартоў. Хацелася ёй дапамагаць з хатнімі клопатамі. Яшчэ вабілі сваімі справамі нашы навакольныя лясы і вадаёмы: паляванне, збор грыбоў, рыбалка. Новая пасада давала крыху больш вольнага часу для ўсяго гэтага.

 
Лёс звёў Генадзя Пятровіча з Алінай Нікадзімаўнай у адной кампаніі з агульнымі знаёмымі. І вось хутка будзе 50 гадоў як разам. З дзяцінства абодва прывучаныя да працы. Калі гаспадар займаўся раней «ціхім» і актыўным паляваннем, то гаспадыня вольную хвілінку бавіла за рукадзеллем: вязала цёплыя рэчы, вышывала карціны. Прыгадвалі, што ў маладыя гады трымалі і хатнюю гаспадарку. Цяпер тэмпы збавілі. Аднак у планах застаюцца невыводна бройлеры ўласнай гадоўлі. Бацькам у сталым узросте дапамагае сын Аляксандр. Наведваюць сваякоў пляменніца Жана, якая жыве таксама ў райцэнтры, і яе сын Сяргей з сям’ёй з Наваполацка.

 
Муж і жонка Сушко дзякуюць лёсу за ўсё, што маюць. Галоўнае, кажуць, каб здароўе было. Пражытыя гады прыгадваюць з гумарам. Жарт даўно і назаўсёды прапісаўся і ў іх сяброўстве з сям’ёй Тронькіных. Аб’ядноўвае абодвух гаспадароў не толькі праца некалькі гадоў разам у аддзяленні аховы, але і дапамога адны адным у розных жыццёвых пытаннях. Душэўнае віншаванне зачытаў Сяргей Паўлавіч Тронькін Генадзю Пятровічу:
Тебе сегодня 80 лет,
И восхищенья мы скрыть уже не в силах,
Ведь сколько за спиной твоей побед,
И жизнь твоя ни разу не сломилась.
С таким упорством ты идешь вперед,
Где сил берешь, известно только Богу.
Здоровье пусть вовек не подведет,
И будет легкою судьбы твоей дорога.
Семья надежная пусть рядышком всегда:
Покой хранит, заботой одаряет!
И мудрость принесут тебе года,
А все плохое память растворяет!

  

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.