Напрыканцы мінулага года адзначыла юбілей вядомая беларуская літаратуразнаўца і літаратурны крытык, наша зямлячка Галіна Тычка.
Яе біяграфія цесна звязаная з Міёршчынай. У вёсцы Сташулі Павяцкага сельсавета яна нарадзілася, тут вучылася – спачатку ў пачатковай школе ў Міжрэччы, затым – у Павяцкай дзесяцігодцы. Сёння ні сядзібы Тычкаў у Сташулях, ні самой вёскі як селішча ўжо, на жаль, няма. Але па-ранейшаму жывуць у родным краі сёстры Галіны Тоня і Міра. І ўсё гэтак жа, як у яе маленстве і юнацтве, бруіцца непадалёку ад колішняга бацькоўскага падворка маляўнічая рэчка Вята. А побач, на узгорку – спачываюць вечным сном дарагія сэрцу людзі.
Працоўны спіс Галіны Казіміраўны ўнушальны – ад карэспандэнта штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» і рэдактара аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя» да прафесара кафедры сацыялогіі журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ і загадчыка кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры БДУ культуры і мастацтваў. Пачынала яна свой працоўны шлях настаўніцай на Шклоўшчыне, а да гэтага, яшчэ падчас вучобы на філфаку Белдзяржуніверсітэта, была гідам-перакладчыкам польскай мовы Бюро міжнароднага моладзевага турызму «Спадарожнік».
Сёння Галіна Тычка – вопытны выкладчык і адметны даследчык літаратуры. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, доктар філалагічных навук. Аўтар кнігі «Старадаўняя беларуская кухня» (у сааўтарстве з Э. Зайкоўскім), кніг і навуковых даследаванняў па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу на Беларусі, шматлікіх публікацый навуковага, навукова-папулярнага і метадычнага характару. Нямала зрабіла на ніве даследавання ўзаемадачыненняў беларускай і польскай літаратур.
Бог і бацькі надзялілі слынную зямлячку адмысловым талентам навукоўцы, і яна ім умела распараджаецца. Пажадаем ёй і надалей так трымаць. Поспехаў у любімай справе, моцы і сіл на новыя адкрыцці і здзяйсненні!
Франц СІЎКО.
Фотаматэрыял з альбома аўтара.