Авторизация
 

Самы першы юбіляр Міёршчыны-2021 - Уладзімір МАРКЕВІЧ!

 Бясспрэчна, Уладзімір МАРКЕВІЧ не толькі самы першы сёлетні юбіляр, бо нарадзіўся 1 студзеня, але і адзін з самых заслужаных – узнагароджаны ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, адзначаны юбілейным ленінскім і шматлікімі медалямі ВДНГ. 

 

Да Уладзіміра Маркевіча першага ў раёне скіраваўся з Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта намеснік старшыні Валерый ДРАБА. Прэзенты ад ветэранскай арганізацыі прывёз Часлаў КАШКУР. Яшчэ нядаўна Уладзімір Пятровіч дапамагаў весці фермерскую гаспадарку сыну і ўнуку на хутары за вёскай Лыска, што ў Завуццеўскім сельсавеце. Але ж за плячыма 90, цяпер ён жыхар Завуцця, знаходзіцца пад апекай дачкі Соф’і і яе сям’і.

 
Юбіляр нарадзіўся ў 1931-м увёсцы Усце, што знаходзілася непадалёку ад Лыскі, аднак яе ўжо даўно няма на картах, не ўзгадваецца яна і ў даведніках. У бацькоў зямлі было мала, таму яшчэ за польскім часам сям’я перабралася за Празарокі, набыла там значныя ўгоддзі. Ды разбагацець не паспелі: спачатку сітуацыю памяняў прыход Чырвонай Арміі, потым невыносны «новы парадак» прынеслі акупанты. Як пачаўся партызанскі рух, у хаце Маркевічаў два гады размяшчаліся байцы атрада імя Суворава. Калі ранняй вясной 1944-га пачалася блакада, разам з ляснымі салдатамі пайшоў і 13-гадовы Уладзімір. Зброі яшчэ не меў і ў баях не ўдзельнічаў, аднак нават памочнікам на кухні зведаў холад і голад.

 

Партызанскія злучэнні з вялікімі стратамі, але змаглі прабіцца праз кальцо карнікаў і прыпыніліся на балоце Жада. Адсюль пайшоў у разведку бацька – партызанскі сувязны – і знік назаўсёды, а камісар атрада прапанаваў падлетку перачакаць грозны час у родных, што заставаліся ў гэтых мясцінах. Неўзабаве маці прывяла сюды малодшых дзяцей, бо хату спалілі карнікі. Уладзімір стаў самым старэйшым мужчынам у сям’і з васьмі чалавек. На яго плечы ляглі ўсе гаспадарчыя клопаты. Ужо пасля вайны дзядзя-франтавік дапамог перавезці з Падзвіння хату, з’явіўся ў Маркевічаў уласны хутар. Адсюль Уладзімір пайшоў служыць у войска, пасля вярнуўся з далёкага Сахаліна яфрэйтарам-мінамётчыкам.

 
 Калгаснае жыццё для Уладзіміра Пятровіча пачалося ў паляводстве ў 1954 годзе. Неўзабаве стварыў сям’ю, яго спадарожніцай стала ўчотчыца Вольга з недалёкіх Чарапоў. У 33 гады быў прызначаны брыгадзірам 4-й брыгады калгаса «Сцяг Перамогі», якая ахоплівала абшары каля Малькавіч і Шатравак. На гэтай пасадзе найбольш ярка праявілася сялянская закваска, перададзеная бацькам і набытая за гады безбацькоўства, уменне працаваць на зямлі. На раённую Дошку гонару яго партрэт быў занесены ў 1970 годзе, калі забяспечыў намалот збожжавых у 29 цэнтнераў з гектара, а ўраджай бульбы ў 184 ц/га. І з кармамі ўмеў працаваць. Нагадваў ветэран, што і большыя паказчыкі забяспечвала брыгада пад яго кіраўніцтвам. Таму напачатку адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а вясной 1970-га заахвочаны юбілейным ленінскім медалём «За доблесную працу…»

 
Калгаснікі пастаянна выбіралі Ула-дзіміра Пятровіча членам праўлення. Як уступіў у партыю, на партканферэнцыі быў вылучаны кандыдатам у члены РК КПБ. Пасля рэарганізацыі сельгасарцелі стаў начальнікам вытворчага ўчастка, у якім толькі ворыва было 1,3 тысячы гектараў, а яшчэ жывёлагадоўчыя фермы.

 
Зорным часам для Уладзіміра Маркевіча стаў 1971 год. У красавіку ўзнагароджаны ордэнам Леніна, пасля жніва ездзіў у Маскву на ВДНГ. Адтуль вярнуўся з бронзавым медалём «За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР», які суправаджалі грашовая прэмія, падарункавы гадзіннік і шалік. Потым былі яшчэ сярэбраны і тры бронзавыя медалі. Навагоднім падарункам да 1977-га стаў ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
Начальнікам вытворчага ўчастка Уладзімір Пятровіч працаваў да 1988 года, потым да выхаду на пенсію даглядаў бычкоў-кормнікаў. Як з’явілася магчымасць, узяў у арэнду тры гектары зямлі. Потым сын Уладзімір пашырыў гэтыя ўгоддзі да 18 га, а ўнук Алег – да 48. Пакуль хапала сіл, працаваў побач з імі, дапамагаў ва ўсіх справах. Радаваўся, што перадаў дзецям і ўнукам любоў да зямлі і гаспадарлівасць.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Именины 19 января 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта