Авторизация
 

Былы бібліятэкар з Дрыгуч Анастасія Сінькевіч: дарылі радасць сустрэчы з кнігамі і людзьмі

 Цесна пераплецены з міёрскім краем лёс Анастасіі Васільеўны СІНЬКЕВІЧ. Нарадзілася ў вёсцы Карандашы, што ва Узмёнскім сельсавеце. Працоўныя дні прайшлі ў Дрыгучах. Была першай старэйшынай месцейка. Дарогу да яе дома на ўскрайку вёскі ведаюць не толькі мясцовыя жыхары. 

– Нават француз гасцяваў. Унучка свайго замежнага сябра вырашыла пазнаёміць з беларускай сельскай экзотыкай, – усміхаецца субяседніца. – Цікава было яму ў нашай цішы, прыродай любаваўся. На сняданак бліны мае палюбіў. Моўны бар’ер не перашкаджаў разуменню. Вось фота засталося. Паглядзіце.


Здымкаў шмат. І чорна-белых, што хаваюць успаміны пра вясёлую пару маладосці, і каляровых, на якіх адлюстраваны замежныя вандроўкі і сустрэчы ў коле сям’і. На некаторых Анастасія Васільеўна выступае як фотамадэль. Здымкай захапляецца ўнучка Вольга, што жыве і працуе эканамістам у сталіцы. Любімая бабуля часам трапляе ў аб’ектыў яе фотаапарата.


Калі аб’яднаць фота ў калаж, то фонам для яго паслужылі б маляўнічыя дрыгуцкія мясціны, дзе Анастасія Васільеўна знайшла сямейнае шчасце і сцвердзілася ў прафесіі.
– Працаваць у Дрыгучы я прыехала ў 1961 годзе пасля вучобы ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, – распавядае яна. – Бібліятэка размяшчалася ў будынку, што знаходзіўся побач з былой панскай сядзібай. Электрычнасці не было, памяшканні асвятляла керасінавая лямпа. Кніжны фонд складаў 12 тысяч асобнікаў. Чытачы прыходзілі штодня. І дзеці, і дарослыя. Некаторыя бралі літаратуру на польскай мове.

«Амаль сорак гадоў у Дрыгуцкай сельскай бібліятэцы адпрацавала, – гаворыць Анастасія Васільеўна. – Людзі цягнуліся
да кніг. Асабліва цікавіла тэма вайны».


Тагачасная сельская бібліятэка была не толькі кніжным домам. Вяскоўцы збіраліся тут пагуляць у шахматы, шашкі, лато. Бібліятэкар дапамагала ладзіць розныя мерапрыемствы.


Пакрысе месцейка развівалася. З’явіліся клуб, магазін, пошта. Расла колькасць жыхароў. Анастасія Васільеўна назірала за добрымі пераменамі і хацела занатаваць далёкае мінулае. Гэтае жаданне вылілася ў радкі «Летапісу вёскі Дрыгучы», які і цяпер беражліва захоўвае. На шырокіх шчыльных кардонных лістах напісана ад рукі гісторыя вёскі, змешчаны фотаздымкі яе адметнасцей: капліцы на старых могілках, калодзежу, што захаваўся на месцы даўняга паселішча. Узгадваецца пані Каржанеўская, якая ў першай палове мінулага стагоддзя пабудавала ў Дрыгучах сядзібу.


Зацікаўленая гісторыяй і спадчынай вёскі бібліятэкар дзялілася ведамі з іншымі. Дапамагала збіраць фальклор студэнтам акадэміі музыкі імя Гнесіных. Са сваімі «арганаўтамі» наведваўся да яе краязнаўца Вітольд Ермалёнак.


– Я любіла сваю работу. Утульна было сярод кніг і цікава з людзьмі. Прыемна, што маю дзейнасць ацэньвала вышэйшае кіраўніцтва, берагу атрыманыя калісьці ўзнагароды, – гаворыць Анастасія Васільеўна. – У 2000 годзе пайшла на адпачынак. Спачатку сумавала. Паціху прывыкла.


 Дарогу ў бібліятэку, якая цяпер знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку мясцовай гаспадаркі, былы работнік не забылася. Прыходзіць за навінкамі. Кнігі пачытаць часу хапае.


Жыве Анастасія Васільеўна адна. Няпроста было змірыцца са стратай мужа. Мікалай Сямёнавіч працаваў інжынерам, 50 гадоў аддаў гаспадарцы. Шчаслівыя ўспаміны пакінула сямейнае жыццё. Разам пабудавалі дом, пасадзілі сад, выгадавалі траіх дзяцей. Сын і дочкі атрымалі надзейную пуцёўку ў свет з бацькоўскага парога, скончылі ўніверсітэты. Радуюць бабулю пяцёра ўнучак. Родныя стараюцца бываць у Дрыгучах часцей, штодня тэлефануюць.


– Іх увагу і на адлегласці адчуваю, – заўважае субяседніца. – Калі тэрмінова якая дапамога патрэбна, выручаюць суседзі Генадзь і Алена Чалала. Удзячна ім за гэта. Гадаванцаў у мяне няшмат цяпер: куры да сабака. Кветкі вырошчваю, вельмі люблю іх. Цёплай парой абавязкова ў лес хаджу. На прыродзе адпачываю душой і нібы целам мацнею.


У распарадку дня Анастасіі Васільеўны асобнае месца адведзена перыёдыцы. Прыходзяць па пошце рэспубліканскія, абласныя газеты і, канешне, раённая. Пастаянная падпісчыца заўважае, што менавіта з «Міёрскіх навін» пачынае чытаць свежую прэсу. Асабліва цікавяць матэрыялы пра людзей працы, пра дбайных гаспадароў, на чыіх падворках утульна, чыста і прыгожа. Прыхільніца літаратурнай старонкі «Ручаёк», дзе можна пазнаёміцца з творчасцю мясцовых аўтараў. Ды і ўвогуле цікава ўсё, што звязана з роднай Міёршчынай.

Фотаматэрыял з архіва Анастасіі СІНЬКЕВІЧ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 287
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 87 519
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 84 670
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 465
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 41 711
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 535
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 660
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 31 мая 2020
Андрей, Богдан, Василий, Давид, Денис, Ираклий, Лев, Макар, Михаил, Павел, Петр, Федор, Федот, Юлиан, Александра, Клавдия, Кристина, Фаина, Юлия, Семен

Именины 30 мая 2020
Адриан, Степан, Евдокия, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта