90 лет исполнилось Дворносельской ясли-сад - средней школе

 Суботнім лютаўскім вечарам Дворнасельская дзіцячы яслі-сад – базавая школа адсвяткавала юбілей.

Шматлікія дарослыя госці на фотастэндах убачылі сябе яшчэ вучнямі. Вялікую праграму «В детство обратный билет» распрацавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Закрэўская. Рэалізоўвалі яе вядучыя – настаўнікі Эдгар Лаздзінь, Людміла Ліхач і вучні – трэцякласнік Аляксей Корсак і шасцікласніца Вікторыя Цвячкоўская. Напачатку паказалі, як у школе сустракаюць сяброў: моцным поціскам рук, абдымкамі, прыемнымі ўспамінамі, дасціпным гумарам. І песняй у выкананні Веранікі Жылевіч.


 Пасля знаёмства з гасцямі вітала ўсіх дырэктар Антаніна Кляшчонак. Нагадала пра традыцыі навучальнай установы і яе выдатных выхаванцаў, што працуюць ва ўсіх сферах дзейнасці і не толькі ў нашай краіне. А як выпускнікі іншы раз сустракаюцца, засведчыла сцэнка, якую падрыхтавалі Аляксандр Іваноў і Вераніка Жылевіч.


На працягу ўсяго вечара пра школу апавядаў віртуальны музей. Узведзена ўстанова мясцовым насельніцтвам з перавезеных на Лысую гару ля вёскі Марозькі гаспадарчых пабудоў, адчыніла дзверы для вучняў у 1930 годзе. Прымала дзяцей з усяго наваколля. Першым дырэктарам стаў пан Кавальскі, працавалі тры настаўнікі. Клопатаў хапала, бо ў класах было па 50 – 60 вучняў. Вывучалі польскую мову, арыфметыку, геаграфію і іншыя прадметы па невялікіх падручніках у мяккіх вокладках. Пісалі ў сшытках чарнільнымі ручкамі, карысталіся драўлянымі скрыначкамі-партфелямі. Усё гэта цяпер можна пабачыць у краязнаўчым кутку.


 У 1939 годзе школа стала сямігодкай з выкладаннем на беларускай мове. Дзейнічала, хаця і нерэгулярна, у ваенны час. Працяглы перыяд ацяплялася кафельнымі печамі і асвятлялася газавымі лямпамі.
У пасляваенны час дырэктарамі працавалі Галіна Коласава, Іван Лакотка, Вольга Чобат, Леанід Брыцікаў, Клаўдзія Смірнова. Пры Уладзіміры Казачонку (узначальваў самы працяглы перыяд: з 1954 года па 1977-ы) школа стала васьмігадовай, а потым сярэдняй.
У 1969 годзе ў Дворным Сяле пачалі ўзво- дзіць новую тыпавую школу на 320 месцаў, у канцы 1970-га яна гасцінна прыняла вучняў. Радавала афармленнем і абсталяваннем вучэбных кабінетаў, мноствам нагляднасці. Навучальным працэсам творча кіравалі Аляксей Мятла, Слава Туча, Ефрасіння Гарбачонак. З 2003-га іх справу працягвае нястомная і таленавітая Антаніна Кляшчонак.


У 2009-м школа прыняла дзіцячы сад, у 2012-м абсталявана камп’ютарамі з выхадам у інтэрнэт, у 2017-м стала базавай.
 – Школа – гэта намолены храм, у якім пануе аўра дабрыні, а непасрэдна Дворнасельская заўсёды знаходзілася на перадавых рубяжах сістэмы адукацыі, – сцвярджаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. Ведае гэта з уласнага вопыту, бо таксама хадзіў калісь у звычайную вясковую школу, потым настаўнічаў, узначальваў адукацыйную ўстанову і ўсю сістэму адукацыі раёна.
Валерый Анатольевіч прыпаднёс школе прывітальны адрас раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама завучу Жанне Закрэўскай і настаўніцы Ніне Лабунька.


Віншаванні з юбілеем прадоўжыў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Жук. Ад свайго аддзела ён уручыў Ганаровыя граматы настаўніку Валянціну Кодзісу, выхавацелю Святлане Шаўлюга, бібліятэкару Ніне Матэленак. Ад райвыканкама – сертыфікат на набыццё музычнага абсталявання.


Да віншаванняў і пажаданняў старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Фёдарава далучыла прафсаюзную ўзнагароду дырэктару і падарунак школе.
Што педкалектыў выхоўвае сапраўдныя таленты, засвечылі між наступных старонак віртуальнага школьнага музея выступленне дуэта «Вяснушкі» (Валерыя Калеснік і Уладзіслаў Чынікайла), сцэнка Сяргея Юхно і Аляксандра Іванова пра цяжкасці вучобы, выкананне санаты Моцарта Аляксандрам Івановым, танец харэаграфічнага гурта дзяўчат.


 Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць настаўнікаў, якіх ужо няма сярод нас. Пазнаёміліся з прэзентацыяй вопыту ветэранаў педагагічнай працы па даўніх відэаздымках. Пачыналася яна з урока фізікі, які вёў Віктар Цітовіч. Цяпер ён сядзеў на першым, ветэранскім радзе ўдзельнікаў урачыстасці. Потым ішлі кадры з заняткаў па геаграфіі Анатоля Пракоф’ева, мерапрыемствы, што арганізоўвалі для вучняў Святлана Маханькова, Анжэліка Банькоўская, Галіна Цітовіч, Марына Кашкур. Дапоўніла сказанае на экране Ефрасіння Гарбачонак: «Прыемна, што ўпісала сваю старонку ў гісторыю школы. Працавала з вопытнымі педагогамі і выдатнымі людзьмі. Адной сям’ёй жылі і ўсё вырашалі, выпусцілі ў свет шмат спецыялістаў. Нас яшчэ памятаюць…»


Запомняць і цяперашніх настаўнікаў. Не толькі выкладае музыку і інфарматыку – грае на баяне і спявае Дзмітрый Радзіка, саліруе і грае на гітары настаўнік фізікі Валянцін Кодзіс.
Навошта гаварыць пра памяць у мінулым ці будучым часе. І цяпер не забываюць школу яе выпускнікі. Пра тое адзначаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Шокель. І падарунак прыгатаваў. Не з пустымі рукамі наведаліся нават з розных краін выпускнікі 1974, 2002 гадоў. Кожны хацеў пабачыць сябе на старых фотаздымках, зайсці ў свой клас, сфатаграфавацца ў школьным інтэр’еры. Зала дружна спявала традыцыйнае: «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались».
Развітальны школьны званок абяцаў новыя юбілеі.

Фотаматэрыял аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.