Авторизация
 

Іван Рундо: "У 60 курс не мяняецца"

 Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван РУНДО нядаўна адзначыў 60-годдзе. Ён мясцовы, нарадзіўся ў вёсцы Навінцы Мікалаёўскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Бялянскай васьмігодцы. Потым скончыў Туркоўскую сярэднюю школу. Калі настаў час выбіраць далейшы шлях, паступіў у Магілёўскае ТВ-70 хімікаў. Там ужо вучыўся стрыечны брат, а па пракладзенай сцежцы ісці прасцей. Па спецыяльнасці адпрацаваў год на «Лаўсане» ў Наваполацку, пакуль не атрымаў позву ў армію. Вайскоўцам будаваў чыгунку ў Манголіі. Меў магчымасць замацавацца ў Расіі, але паклікала маці: «Прыязджай дадому, я адна». Як было не адгукнуцца!

Навінцы – гэта тэрыторыя калгаса «Запаветы Леніна», моцнай на той час гаспадаркі, якой умела кіравала былая партызанка Алена Скрабатун. Яна прапанавала стаць напачатку памочнікам камбайнера з перспектывай паўнацэнна ўліцца ў атрад механізатараў сельгасарцелі. Але маладога чалавека прываблівала больш рамантычная будучыня. Таму пасля двух сезонаў жніва апрануў міліцэйскую форму.


Набываў уласны вопыт, вучыўся ў Мінскай вышэйшай школе МУС СССР, уздымаўся па службовай лесвіцы. Прайшоў шлях ад паставога міліцыянера, дзяжурнага спецкамендатуры, участковага ў райцэнтры, следчага і начальніка аддзела аховы да начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў. Службу ў органах дасканала ведае знутры і лічыць яе складанай, адказнай і неабходнай працай, якая патрэбна ў любым грамадстве, у кожнай дзяржаве.


Між тым даводзілася займацца не толькі аховай аб’ектаў, падтрыманнем грамадскага парадку, выяўленнем і раскрыццём злачынстваў, падборам кадраў права- ахоўнікаў, прафілактыкай правапарушэнняў. Калі патрабавалася стварыць належныя ўмовы для падначаленых, станавіўся нават будаўніком. Быў актывістам у грамадскіх справах, не адно скліканне яго выбіралі дэпутатам раённага Савета. Адным словам, увесь час на віду. Таму як зняў пагоны падпалкоўніка, атрымаў прапанову ўзначаліць раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Калі не ўлічваць невялікі перыяд кіраўніцтва раённым вузлом паштовай сувязі, вырашае экалагічныя праблемы Міёршчыны каля 15 гадоў.

Іван Пятровіч, у чым заключаецца цяпер роля інспекцыі?
– Гэта найперш кантрольная дзейнасць. Хаця нас у інспекцыі толькі двое, за мінулы год правялі 215 рэйдаў і праверак, 112 маніторынгаў. Імі ахоплены прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, установы і населеныя пункты, кацельні, майстэрні, фермы, збудаванні водазабеспячэння, прыродныя аб’екты. Выявілі 862 парушэнні, 46 несанкцыянаваных звалак. Па кожным выпадку выпісалі прадпісанні, рэкамендацыі ці інфармацыйныя пісьмы, выпраўленне недахопаў і рэалізацыю прапаноў адсочваем. Устанавілі шэсць выпадкаў нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю. Неахайным кіраўнікам, работнікам ці ўласнікам даводзіцца не толькі выпраўляць парушэнні (па большасці так і робіцца), але і плаціць за шкоду, нанесеную прыродзе.


Мінулай восенню сумесна з вучонымі ВДУ імя П. Машэрава дадаткова абследавалі рассяленне баршчэўніку, выявілі 73 новыя месцы. Агульная плошча пад гэтай шкоднай раслінай на Міёршчыне па апошніх дадзеных складае 255,4 гектара. Для барацьбы з ёй будуць па-ранейшаму выкарыстоўвацца механічныя метады – выкошванне і заворванне. Сёлета значна павялічваюцца фінансавыя асігнаванні на хімічныя сродкі, на закупку патрэбных гербіцыдаў выдзелена 30 тысяч рублёў – у шэсць разоў больш за мінулагодняе. Іх выкарыстаннем магчыма будуць займацца нават пажарныя-выратавальнікі, якія маюць патрэбную апаратуру.


Агульная задача – навядзенне парадку на зямлі, азеляненне і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Але гэта пазней, з веснавым пацяпленнем. Цяпер у полі зроку майстэрні, фермы, жывёлагадоўчыя комплексы і ачысныя збудаванні ля іх, каб не дапусціць забруджванне сцёкамі вадаёмаў пры разводдзі.


На новы ўзровень узнімаецца работа з заменай пластыкавай упакоўкі экалагічна бяспечнай, з паасобным зборам і сарціроўкай цвёрдых камунальных і бытавых адходаў. Будзем клапаціцца, каб міні-палігонаў менела, а другасныя матэрыяльныя рэсурсы па максімуме перапрацоўваліся, не закопваліся ў зямлю. На станцыі дасарціроўкі 37,2 % цвёрдых камунальных адходаў становяцца другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, толькі не ўсе яны пакуль туды трапляюць.


Па-новаму на праблему пашырэння выкарыстання экалагічнай упакоўкі нам дазволіў паглядзець нядаўні візіт міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка: наш металапракатны завод будзе выпускаць сыравіну для вырабу экалагічна бяспечнай тары, якую затым можна неаднаразова перапрацоўваць. Міёры стануць эфектыўна дзейнічаць на экалогію ў краіне і ўсім еўрапейскім рэгіёне.


У час візіту ў Павяцкую СШ Андрэй Паўлавіч падкрэсліў, што тутэйшая «Зялёная школа» закладвае ў свядомасці дзяцей ра- зуменне сваёй адказнасці за стан прыроды, рацыянальнае выкарыстанне яе рэсурсаў, захаванне разнастайнасці навакольнага асяроддзя. Гэта абавязкова праявіцца ў будучым.


Разуменне адказнасці за будучыню планеты цяпер набывае глабальныя маштабы. Як гэта павінна адгукнуцца на мясцовым узроўні?
– Вяртаюся да вядомага лозунга: мыслі глабальна – дзейнічай лакальна. Клопат пра планету для канкрэтнага чалавека азначае навядзенне парадку ў тым асяроддзі, дзе ён жыве: не засмечвай уласнае жыллё, свае двор, сядзібу, вуліцу. Рабі іх утульнымі і прыгожымі, кожны кавалачак зямлі павінен прыносіць карысць ці радаваць вока.
Не ўсё можаш зрабіць сам? Падумай, як праблему вырашыць на мясцовым узроўні. Напрыклад, адзін адказны работнік з раёна адрасаваў абласной інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя просьбу абсталяваць у вёсцы кантэйнерную пляцоўку для збору смецця. Пісьмо вярнулася ў раённую інспекцыю. Аднак гэтыя органы такія пытанні не вырашаюць, трэба было звяртацца ва УП ЖКГ.

Кажуць, што з дасягненнем рубежнага ўзросту пачынаецца новае жыццё. Што для Вас 60-годдзе?
– Не лічу юбілейную дату нечым асаблівым. Так, было прыемна сустрэцца з сябрамі і роднымі людзьмі, прыняць іх віншаванні. Аднак у любым узросце трэба працаваць, быць карысным сям’і і грамадству. Для мяне асабіста гэта азначае ісці ранейшым шляхам і быць аптымістам.

Шчырыя пажаданні поспеху!

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 179
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 85 643
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 80 106
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 336
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 41 121
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 439
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 584
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 апреля 2020
Александр, Иван, Макар, Павел, Ефрем

Именины 8 апреля 2020
Авраам, Василий, Гавриил, Степан, Алла, Анна, Лариса, Прасковья

Госці краін

free counters
Партнеры сайта