Комбайнер Павел Исакович из колхоза имени Гастело всегда был в работе и с песней

 Камбайнер калгаса імя Гастэлы Павел Якаўлевіч ІСАКОВІЧ узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Стваральнік вялікай працавітай сям’і, у якой цяпер дзесяць дзяцей, 18 унукаў і восем праўнукаў. Працяглы час – удзельнік мастацкай сама- дзейнасці. Калісьці ўнучка Іна, тады адзінаццацікласніца, пад кіраўніцтвам маці – настаўніцы Ірыны Генадзьеўны – напісала даследчую працу пра свайго дзядулю. Вось яе скарочаны варыянт.

«Глыбокія карані
на гэтай зямлі»

У вёсцы да майго дзядулі ўсе звяртаюцца па імені і імені па бацьку. Равеснікі клічуць ласкава Паўлушам. Такія адносіны няпроста заслужыць.
Нарадзіўся Павел Якаўлевіч у 1941 годзе ў вёсцы Папшулі ў сялянскай сям’і з зямельным надзелам у пяць гектараў. Маці Любоў Ульянаўна рана памерла.


Далёкая радня маці, пан і пані Мішуты, па кнізе выкармілі малога сумесямі, акрэплага перадалі бацьку. Ён прывёў у дом другую жонку. Еўдакія вырасціла двух дзяцей мужа, потым нарадзілі яшчэ семярых. Яе Якаў адолеў франтавыя дарогі і вярнуўся ў 1945-м з медалём «За адвагу».


У 1948-м Паўлуша пайшоў у Курляндзікаўскую пачатковую школу. Прадоўжыў вучобу ў Ліпаўскай. Пасля сямігодкі працаваў у калгасе. Пасвіў цялят, быў прыцэпшчыкам на плугах. Паступіў на трактарыста ў Глыбоцкае ПТВ. Вучылішча прываблівала і тым, што там добра кармілі, давалі спецадзенне і абутак, а яшчэ дзесяць рублёў стыпендыі.


У 1963 годзе ў Паўла Якаўлевіча пачаўся механізатарскі стаж. Працаваў на «Беларусу», а падчас жніва 1964 года стаў асвойваць першы і адзіны ў калгасе збожжаўборачны камбайн СК-3. Не змог адмовіць старшыні. Усё атрымалася, бо рэгулярна ачышчаў і даглядаў складаны агрэгат, змазваў мноства падшыпнікаў. Выціскаў усё магчымае з рухавіка магутнасцю толькі 60 конскіх сіл.
Такі камбайн не мог убраць усе збожжавыя нават у невялікім калгасе. Значныя плошчы касілі коннымі жняяркамі і жалі сярпамі. Потым стагі і сцірты малацілі амаль усю зіму. Давялося папрацаваць на малацілцы «Дунав-1100».


Паступова ў калгасе імя Гастэлы збожжавых камбайнаў болела. Кіраўніцтва імкнулася выканаць патрабаванне райкама партыі давесці ўборачную плошчу да 100 гектараў на кожны. Ды і машыны выпускалі больш дасканалымі – СК-4, «Ніва», «Дон». На «Доне» працаваў 12 гадоў перад пенсіяй. Сцвярджае, што самы вялікі намалот атрымаў менавіта на СК-4 у 1974 годзе – 960 тон. Гэта і цяпер салідны вынік, а тады – асабісты рэкорд, паставіць які дапамог выпадак. Пры ўраджаі 15 – 20 цэнтнераў з гектара на невялікіх палях сваёй сельгасарцелі дасягнуць яго было нерэальна. Іх пры добрым надвор’і абмалацілі за дзесяць дзён. Тады старшыня Мікалай Хмельнік накіраваў Паўла Ісаковіча і Аляксея Кухцінскага дапамагчы са жнівом калгасу імя Кутузава. Праз некалькі дзён ударнай працы новы загад – на Пскоўшчыну. Сваім ходам дабраліся ў Полацк, далей на чыгуначных платформах – у Пустошку. Там за дзесяць дзён на ўласны рахунак дабавіў яшчэ 200 тон зерня. І быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.


Высокай выпрацоўкай потым заслужыў ордэн Леніна. У міжсезонне звычайна працаваў на гусенічным трактары Т-74, а гэта ворыва па сутачных зменах. Потым перасеў на Т-75 з пагрузчыкам. Зімой штодзень напаўняў кузавы і прычэпы тарфакрошкай на балотных участках ля Юндзялова, Асавоў, Чэрасаў, Сяргейчыкаў, на балоце Жада. Вясной развозіў кампост па палях.


Выдатным працаўніком ганарыліся калгас, раён. Паўла Ісаковіча выбіралі дэпутатам раённага і абласнога Саветаў, членам райкама партыі. Яго партрэт неаднаразова заносілі на раённую Дошку гонару. У 1988-м прадстаўляў хлебаробаў Віцебшчыны на 4-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў у Маскве. Прывёз памятны гадзіннік з гравіроўкай.

Дзень сённяшні

Паўлу Якаўлевічу 78, даўно на заслужаным адпачынку. Перажыў гора: пайшла з жыцця любая жонка, калі ёй было толькі 54. Ставіў на ногі дзяцей адзін. Потым яму стала дапамагаць мудрая жанчына і свацця Серафіма Пятроўна. Ужо з ёй ладзіў вяселлі сваім чатыром дзецям.


Серафіма Пятроўна таксама была механізатарам. Пры Дзісенскай МТС скончыла курсы трактарыстаў і пяцігоддзе працавала на гусенічным ДТ-54, дабівалася высокіх паказчыкаў, была абрана дэпутатам раённага Савета. Потым стала даяркай.
Цяпер у хаце Ісаковічаў на ўскрайку Папшулёў ціха. Меншай стала гаспадарка. Дзеці даўно са сваімі сем’ямі. Хто застаўся ў Папшулях, хто ў Дзісне, Браславе, іншых населеных пунктах. Але ўсе руплівыя працаўнікі, добрыя сем’яніны. Для іх прыкладам застаецца бацька. Да святочнага стала ў роднай хаце збіраюцца разам з нявесткамі, зяцямі, унукамі і праўнукамі не надта часта. Тады зноў гучаць усім вядомыя песні.


Павел Якаўлевіч перанёс дзве аперацыі на суставах. Але не забывае грыбныя і журавінавыя сцежкі ў наваколі. Па-ранейшаму прытрымліваецца прынцыпу заўсёды працаваць і ніколі не сумаваць. Даглядае агарод, абнаўляе сад, па ўзбярэжжы зразае гонкі лазняк для кошыкаў, якія ледзь не самі плятуцца ва ўмелых руках для дзяцей, унукаў і суседзяў. Побач вяжа цёплыя і прыгожыя шкарпэткі і світары Серафіма Пятроўна.

Фота аўтара.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

Поўнасцю чытайце ў № 104 раённай газеты, электронны варыянт тут.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.