Авторизация
 

Мы хварэлі за справу, кажа даярка з калгаса імя Кірава Вера Рамза

 Веры Рамза з калгаса імя Кірава запомніўся 1975 год. Яе прозвішча занеслі на раённую Дошку гонару, прысвоілі званне «Лепшая даярка Міёрскага раёна», а 7 сакавіка за поспехі ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і працоўную доблесць у выкананні народнагаспадарчых планаў і абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве сельгаспрадуктаў ёй і шэрагу іншых перадавікоў у зале пасяджэнняў РК КПБ урачыста ўручылі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Адным з самых яркіх момантаў у працоўным жыцці даяркі быў пераход з абслугоўвання дойнага бура-латвійскага статка на чорна-пярэсты. Першыя 63 цялушкі гэтай пароды гаспадарка закупіла ў Эстоніі ў 1972 годзе. Неўзабаве яны сталі каровамі і двойчы папаўнялі прыплодам гурты. Потым завезлі яшчэ 50 пяршачак. Такім чынам, на пачатак 1975-га чорна-пярэстых ужо налічвалася 315 галоў. Сярэдні надой ад іх па выніках года дасягнуў 3 264 кілаграмы, а Вера Рамза ад кожнай з 21 рагулі сваёй групы надаіла па
3 624 кг малака. Для параўнання: у калгасе за 1974-ы сярэдні надой ад каровы быў 2 505 кілаграмаў, у раёне – 2 325.
працоўны шлях даяркі Вера пачала ў 18 гадоў з сельгасарцелі імя Кірава ва Узмёнах, куды ўвайшлі суседнія Труды, дзе жыла з бацькамі. Першая ферма была прыстасаванай для ўтрымання жывёлы пуняй. Вяскоўцы абагульнялі не лепшых кароў: з 40 даіліся толькі 15. І да тых Вера і яе равесніца Ала Рамза напачатку падыходзілі не з даёнкамі, а з кружачкамі – надой быў мізэрны. Абыходзіцца са статкам вучыла старэйшая Ефрасіння Турзёнак. Аб’ядноўвалі першых калгасніц адказнасць, працавітасць. Яны яшчэ добра памяталі жахі вайны і імкнуліся да лепшага жыцця.


І цяпер прыгадвае Вера Іванаўна, як у грозныя гады маці малілася перад абразамі: «Божухна, застануся ў адной кашульцы, каб толькі дзеткі выжылі, каб нікога не баяцца». Падстаў асцерагацца хапала. Перад вайной, пры савецкай уладзе, бацька быў падатковым агентам, чый абавязак – патрабаваць з бедных вяскоўцаў плаціць падаткі. Каму ж гэта падабалася. Раз служыў уладзе, лічылі камуністам.


Немцы даведаліся пра яго мінулае. Хату абшукалі, гаспадара арыштавалі, яму пагражаў расстрэл. Маці збірала подпісы сяльчан, што муж камуністам не быў і суседзяў не прыцясняў. Потым з торбай кумпякоў пешшу скіравалася ў раённую ўправу. Гэта дапамагло. Затрымалі тады шэсць чалавек. Расстралялі аднаго маладзейшага – у яго дома знайшлі вінтоўку. Бацька вяртаўся з Міёр па палітай крывёю вуліцы, дзе толькі што правялі да ямы ў Крукаўцы местачковых яўрэяў. Такое не забываецца.


Небяспека заўсёды чакала паблізу: днём наведвалася паліцыя, ноччу – партызаны. Пазбегнуць няволі ў Германіі бацьку не ўдалося.
Усё засталося ў мінулым. Паступова наладжвалася калгаснае жыццё, асабістае – таксама. У 1951-м Вера Іванаўна выйшла замуж за брыгадзіра. Напачатку ўласнага жылля не мелі, кватаравалі. Працавала на ферме. Пасля нарадзіла сына – першынца Міхаіла. З часам палепшыліся ўмовы працы, падабралася добрая група кароў. Пакідаць яе не рашылася, калі праз шэсць гадоў нарадзіўся другі сын Іван. Даглядаў яго муж, які толькі што акрыяў пасля аперацыі. Яшчэ праз шэсць гадоў з’явіўся на свет Аляксандр. Няньчылі яго старэйшыя браты. Яны ўсе і па гаспадарцы дапамагалі: выводзілі ў поле раніцай і сустракалі вечарам авечак і карову, а потым дзвюх, набіралі свінням ахрап’е, клапаціліся пра ваду і дровы. Як падрасла малодшая Танечка, дапамагала маці на ферме даглядаць статак. Пакуль не атрымала заданне больш займацца парадкам у хаце і добра вучыцца: Вера Іванаўна жадала ёй іншы лёс.


 Аповяд пра тагачаснае жыццё жанчыны-калгасніцы просты: дома трэба з гаспадаркай разабрацца і дзяцей дагледзець, на ферме клопатныя абавязкі выканаць. «І ў думках не было, што на працу ў калгас не пайду», – сцвярджае цяпер Вера Іванаўна. Там яна таксама з усім паспявала, хаця нагрузка была вялікая. Даяркі не толькі кароў даілі. Самі кармы падвозілі, абсталяванне мылі і памяшканні чысцілі, цяленні прымалі. З’явіўся малакаправод – нібы палягчэла, затое групы кароў да 50 галоў павялічыліся, кожны чацвёрты дзень дзяжурылі па яго абслугоўванні. Статак патрабавалася амаль штотыднёва сартаваць. Спраўляліся, бо дапамагалі адна адной, падтрымлівалі.


Прыгадвае Вера Іванаўна, як мянялася сітуацыя ў жывёлагадоўлі пры старшынях Кастрове, Шубіне, Пятрове, Крушы, Шаркелі. Сама імкнулася да высокіх паказчыкаў. Напачатку поспехі адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, у 1966 годзе – медалём «За працоўную доблесць», у 1970-м – юбілейным ленінскім медалём «За доблесную працу». Потым будзе бронзавы медаль ВДНГ «За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР» у 1979-м, юбілейныя медалі.


15 гадоў узначальваў гаспадарку Альгерд Станіслававіч Шаркель і нямала зрабіў для развіцця вытворчасці. Пры ім адбыўся памятны перавод малочнага пагалоўя на статак чорна-пярэстай пароды. Тую першую групу ў 50 цялушак даручылі Веры Іванаўне. Разам з мужам Расціславам іх даглядалі, да восені ўсіх пакрылі. Як ацяліліся, даілі па тры разы на дзень, пра чысціню малака клапаціліся. Было дзеля чаго: чорна-пярэстыя каровы не надта пераборлівыя ў кармах і больш прадукцыйныя. Рэкардсменкай была Майда-172 з надоем у 5 370 кілаграмаў.


У такім напружаным рытме Вера Іванаўна працавала да 1980 года, потым перайшла ў цялятніцы. Даглядала групу ў 50 галоў маладняку на дарошчванні. Узгадвае, што побач працавалі Рэня Лецкая, Ганна Рогач, Ефрасіння Тамашэвіч, Марыя Барэйка.
Вера Іванаўна даўно на пенсіі. Адна ў невялікай вясковай дагледжанай хаце з вокнамі на цэнтральную вуліцу Узмён. Трымае казу і курэй. Цешыцца надта жваваму кацяняці Асі. Летам займаецца агародам і любіць даглядаць кветкі.


Увагай дзяцей не абдзелена. Старэйшыя сыны Міхаіл і Іван, былыя механізатары, ужо на пенсіі, жывуць непадалёку. Малодшы Аляксандр працуе слесарам у ААТ «Узмёнскі край». Падарылі маці сем унукаў і шэсць праўнукаў. Асаблівая гордасць – малодшая дачушка. Таццяна – доктар філалагічных навук, прафесар БДУ.
Веры Іванаўне 88 гадоў. Як адолела доўгі шлях? Жыла працай, сумленна, нікому не зайздросціла і не жадала дрэннага, вучыла гэтаму дзяцей.

Фотаматэрыял аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 976
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 83 398
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 74 756
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 834
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 40 315
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 352
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 501
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 28 января 2020
Вениамин, Гавриил, Герасим, Иван, Михаил, Павел, Прохор, Елена

Именины 27 января 2020
Адам, Андрей, Аристарх, Вениамин, Давид, Иван, Илья, Иосиф, Макар, Марк, Моисей, Павел, Сергей, Степан, Агния, Нина

Госці краін

free counters
Партнеры сайта