Авторизация
 

Ільнозавод - першынец індустрыялізацыі Міёр

 Ільнозавод стаў першым буйным прадпрыемствам райцэнтра, своеасаблівым сімвалам пачатку індустрыялізацыі. Да перапрацоўкі трасты ён прыступіў 1 студзеня 1956 года, гучным гудком пачаў адзначаць пачатак рабочых змен. Дым над высокай выцяжной трубой з’явіўся на некалькі месяцаў раней, бо ўстаноўку і мантаж абсталявання ўжо з восені вялі ў цёплых памяшканнях. Вера СЦЕПУЛЁНАК – у ліку тых, хто ўсё жыццё аддаў заводу.

Пачынала
з будоўлі

– Мне не было і 16 гадоў, калі прыйшла ў 1950-м з вёскі Гоўцы, цяперашняга Янова, на будоўлю льнозавода, што распачыналася ля возера ў Паршалях. Мне напачатку нават не дазвалялі выконваць цяжкія работы, – узгадвае Вера Іосіфаўна. – У былым панскім доме, акружаным садам, размясцілася кантора з бухгалтэрыяй. Працавала рознарабочай пад кіраўніцтвам прараба Рыбакова, яго неўзабаве замяніў Герасім Сальчанка. Разам з іншымі капала траншэю пад падмуркі, потым насіла каменне, раствор. Побач працавалі Аляўціна Пятроўская, Нэля Грыгаровіч, Фаіна Лутохіна, Нэля Навіцкая, Мікалай Лясовіч і многія іншыя. Першы аб’ект – кузня. Тут выраблялі і рамантавалі інструменты, рыхтавалі арматуру. Потым заняліся будынкам запраўкі. А якія незвычайна доўгія траншэі для падмурку былі на галоўным корпусе! Узводзілі жыллё на вуліцы Рабочай, яна тады таксама пачала забудоўвацца, інтэрнат і жыллё на Спартовай, якая пазней атрымала імя капітана Ізварына. Па вечарах я наведвала заняткі за пяты клас вячэрняй школы рабочай моладзі.


Вера Іосіфаўна добра зарэкамендавала сябе на будоўлі, бо з пускам прадпрыемства ёй прапанавалі пасаду брыгадзіра мяльна-трапальнага агрэгата па вытворчасці доўгага валакна. Кіравала гэтым калектывам да выхаду на пенсію, толькі з двума двухмесячнымі водпускамі па доглядзе дзіцяці пры нараджэнні сыноў.
Прадпрыемства працавала ў тры змены, штодзень вырабляла да тоны доўгага валакна. Брыгада была вялікай, з часам лю-дзі ў ёй мяняліся. З таго першага пакалення льноапрацоўшчыкаў запомніліся Марыя Развадоўская, Ангеліна Скрыпко, Паліна Янушкевіч, Яўгенія Сінкевіч, Ганна Дземідзёнак, Марыя Шульга, Францішка Шульга, Лідзія Закрэўская. На сушылцы пачынала Анфіса Казакевіч, потым яна стала брыгадзірам. Сартавальшчыцамі і падвязчыцамі доўгага валакна былі Часлава Жабёнак і Марыя Сцепулёнак. Праца гэта няпростая, бо хутка і на вока патрабавалася размеркаваць у чатырохкілаграмовыя звязкі-куліткі пасмы кудзелі па даўжыні, колеру і іншых паказчыках. Жанчыны стараліся, невыпадкова Марыя Уладзіміраўна узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.


На прэсе валакна быў заняты Пётр Сучанінаў.
Удзельнічаў у будоўлі, а потым стаў электрыкам Альфрэд Радзішэвіч. Пасля службы ў арміі таксама электрыкам прыйшоў Пётр Гугала. Слесарамі абслугоўвалі абсталяванне Пётр Янушкевіч і Віктар Бунта. Машыністамі паравога катла працавалі Генрых Сінкевіч, Іван Лукоўскі, Фёдар Сушко. А цяпла і пары патрабавалася нямала не толькі на ацяпленне будынкаў і сушку трасты: першапачаткова лакаматыў круціў генератар, які забяспечваў усё прадпрыемства электраэнергіяй.
Станаўленне завода і калектыву няпростае. Апрацоўка трасты – вытворчасць вельмі пыльная, а сістэма вентыляцыі – напачатку не надта дасканалая. Многія працэсы былі недастаткова механізаваны. Вось і кастру на першым часе выносілі скрынямі. Пазней устаноўлены ў падвале транспарцёр нярэдка забіваўся. Ачышчалі яго ў па-сапраўднаму пякельных умовах. Здаралася, што абсталяванне ламалася. Але запчастак хапала.


   На прадпрыемстве працавала нямала сапраўдных майстроў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, адказнымі работнікамі можна назваць большасць. Пуск завода забяспечвалі майстар змены Людміла Батрудзінава, механік Марач, галоўны інжынер Ярмошчанка і дырэктар Лонскі. З любымі заданнямі пры невялікіх магчымасцях спраўляліся токары Аляксандр Кандрацкі і Фёдар Дземідзёнак, слесар Вінцэнт Астукевіч, добра разбіраўся ў тэхніцы механік Аляксандр Урбанскі. З майстра да дырэктара прайшоў шлях Анатоль Раманаў.
Новыя магчымасці для завода з’явіліся з электрыфікацыяй раёна ў пачатку 60-х. У прыватнасці, тады абсталявалі пнеўматранспарт для кастры і валакна.


Другое
дыханне

МАБЫЦЬ, другое жыццё прадпрыемству надала рэканструкцыя, якая разгарнулася ў пачатку 70-х. Узведзены новы корпус для дзвюх ліній апрацоўкі трасты, здольных вырабляць 1 100 тон доўгага валакна за год. Палепшаны бытавыя ўмовы. З’явілася магчымасць укладваць сыравіну пад дах у дзвюх шохах на 2,5 тысячы трасты кожная. Да гэтага вялікую тэрыторыю займалі высачэнныя стагі і сцірты.
Сярод тых, хто актыўна ўдзельнічаў у рэканструкцыі льнозавода, быў Уладзімір Кандрацкі, тады электрамантажнік СПМК-108. Калі гэтая спецыялізаваная арганізацыя ўстанавіла і падключыла электраабсталяванне, Уладзімір Аляксандравіч застаўся ў верасні 1973-га слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў, скарочана – КІПаўцам. Адначасова вучыўся ў тэхнікуме ў Оршы, што садзейнічала прафесійнаму росту.


– На льнозаводзе я з дзяцінства, – удакладняе Уладзімір Аляксандравіч. Там токарам працаваў бацька. Ён дазваляў малалетняму сыну наведваць яго ў майстэрні і на будоўлі. Аднойчы сфатаграфаваў яго сярод слесараў, што манціравалі мяльна-трапальны агрэгат.
Кандрацкі-старэйшы напачатку быў сувязістам, займаўся радыёфікацыяй на Міёршчыне, нейкі час працаваў фатографам, гэтай справай потым захапляўся ўсё жыццё. На будоўлі льнозавода стаў электрыкам, слесарам. Як прывёз з Масквы выдатны трафейны нямецкі станок – перакваліфікаваўся ў токара, з лёгкасцю асвойваў новыя спецыяльнасці.


У 1974 годзе Уладзімір Кандрацкі – інжынер парасілавых установак, а практычна начальнік кацельні. Там заўсёды разлічвалі на ўмелы персанал качагараў, сярод якіх вызначаўся ардэнаносец Станіслаў Казакевіч. Прыгадвае, што разам з намеснікам дырэктара па будаўніцтве Леанідам Сцепулёнкам ўзводзіў шохі, устанаўліваў пылаўлаўлівальнікі. Меў дачыненне да многага, што даводзілася рабіць і перарабляць для паляпшэння вытворчых працэсаў: рацыяналізатарства тады было амаль штодзённай неабходнасцю. Надзейнымі памочнікамі сталі слесары Вікенцій Астукевіч, Леанід Дземідзёнак і Мікалай Кліпацкі, токар Сцяпан Будзько, электразваршчыца Ларыса Кукуць. Разам са слесарам-вентыляцыйнікам Анатолем Шаховічам манціраваў вентыляцыю. Пастаянным клопатам быў рамонт абсталявання. Вучыўся гэтаму ў галоўнага механіка Аляксандра Урбанскага, добрага арганізатара і знатака тэхнікі. А потым замяніў ветэрана на пасадзе, 34 гады ўзначальваў службу да выхаду на пенсію ў 2014-м.

Памятны
час

Мікалай Каранкевіч працаваў на льнозаводзе з 1986 па 2004-ы намеснікам дырэктара і дырэктарам.
– На заводзе ўсе былі патрыётамі прадпрыемства, яго калектыў налічваў 150 – 160 чалавек, – сведчыць Мікалай Мікалаевіч. – Працавалі сем’ямі. Напрыклад, Мікалай Кліпацкі быў начальнікам кацельні, яго брат Пётр Кліпацкі – электрыкам, а жонка Таццяна Аляксандраўна, якая пачынала лабарантам, узнялася да майстра. На месца бацькоў прыходзілі дзеці. Стварылася шмат дынастый: Цвячкоўскія, Асетнікі, Букісы, Кліпацкія, Сучанінавы, Ратоклі… Пералічыць усіх няпроста.


Усё жыццё аддала заводу Валянціна Карначова – спачатку майстар, на працягу доўгага часу галоўны інжынер. Добры след пакінула загадчыца лабараторыі, грамадскі актывіст Валянціна Сіняўская. Адказна ставіліся да справы старшы кантрольны майстар Антаніна Маркевіч, кантрольны майстар Марыя Кухаронак. Заслужаным работнікам была Любоў Цвячкоўская. Леакадзія Томка звычайна выконвала абавязкі падвязчыцы доўгага валакна, а ў сезон нарыхтоўкі станавілася ўкладчыцай трасты. Ніхто не ўмеў так акуратна размяркоўваць снапкі і вяршыць сцірты. А гэта не такая простая справа, як можа здацца на першы погляд.


 Дарэчы, пра сыравіну. Даўгунец да 1996 года вырошчвалі 19 з 23 калгасаў і два саўгасы. Кожная гаспадарка мела па 150 – 200 гектараў пасеваў. Культура працаёмкая, убіралі ўручную. Таму церабіць, рассцілаць і ўздымаць трасту дапамагалі шэфы з прадпрыемстваў і арганізацый, нават самых маленькіх. Калі клапаціліся пра ўраджай, якасную ўборку і вылежку, лён забяспечваў добры грашовы прыбытак. Таму чарга загружаных машын перад нашымі варотамі восенню штодзень расцягвалася на кіламетр, калі не больш. Невыпадкова сярод радавых работніц Міёршчыны Героем Сацыялістычнай Працы стала звеннявая льнаводчага звяна з калгаса імя Чапаева Леакадзія Зімнік.


Завод на сезон перапрацоўкі для пастаяннай работы ў тры змены на дзвюх лініях нарыхтоўваў ад 6 да 12 тысяч тон трасты нумарам два і вышэй. Калі сыравіны пры неўраджаі не хапала, шукалі яе ў Прыбалтыцы і Украіне. Затое з мясцовых снапкоў выхад доўгага валакна атрымліваўся максімальны – 35 – 40 %. Яго экспартавалі ў Бельгію і Галандыю.
Адпаведна заробак мелі вялікі, нават утварылася чарга жадаючых у нас працаваць сярод людзей сталага ўзросту, каб выйсці на заслужаны адпачынак з добрай пенсіяй (тады яе вылічвалі па заробку за два апошнія гады).


Дзень
сённяшні

У 2019 годзе сярэдняспіскавая коль- касць персаналу на Міёрскім ільнозаводзе – 79 чалавек. Сярэдні заробак – 550 рублёў за месяц. З кастрычніка працуюць дзве поўныя змены. За студзень – кастрычнік прадпрыемства самаакупнае. На сезон перапрацоўкі нарыхтаваны 1 973 тоны ўласнай сыравіны і 604 т давальніцкай. Дастаткова да новага ўраджаю.

Фотаматэрыял з асабістых альбомаў герояў публікацыі.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 070
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 84 229
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 76 820
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 168
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 40 630
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 393
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 532
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 февраля 2020
Василий, Геннадий, Иван, Иннокентий, Петр, Тихон

Именины 21 февраля 2020
Александр, Андрей, Захар, Макар, Петр, Сергей, Степан, Федор, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта