Ярка зорка зіхаціць

Ярка зорка зіхаціць З даўніх часоў людзі верылі, што пры нараджэнні чалавека на небе запальваецца зорачка і суправаджае ўсё жыццё, а асабліва яркай становіцца ў гады найбольшай актыўнасці свайго гаспадара. І я ўпэўнена магу сказаць, што “нябесны маячок” маёй бабулі Святланы Герасімаўны Пачопка ўжо шмат гадоў ззяе ва ўсю моц, бо яна вельмі энергічны, жыццярадасны чалавек, які не можа ні хвілінкі заставацца без справы. Нарадзілася яна 22 жніўня 1951 года ў вясковай сям’і Герасіма і Зінаіды Тарайла і была трэцім дзіцём, якое прыбавіла бацькам нялёгкіх, але прыемных турбот. Быццам светлы праменьчык сонца ў чарговы раз зазірнуў у іх дом і надоўга там пасяліўся. Назвалі яе Святлана, і гэтае імя вельмі дакладна адпавядае характару і паводзінам.

 

З маленства была працалюбівай, стараннай, ласкавай і вясёлай. З адзнакай закончыла школу і акадэмію. Атрымала прафесію эканаміста і працяглы час працавала па гэтай спецыяльнасці ў калгасе.

У маі 1972 года выйшла замуж за хлопца з бліжняй вёскі — за Валерыя Пачопку, які на той час працаваў вадзіцелем, а пазней атрымаў у ВНУ прафесію агранома, хаця не гэта галоўнае, а яго добразычлівасць, тактоўнасць, павага да ішных. У 1975-ым у маладой сям’і нарадзіўся хлопчык Сяргей (мой тата), якога выхавалі сапраўдным мужчынам — закончыў акадэмію МУС і ўжо 14 гадоў працуе ў Міёрскім РАУС.

У 1996-ым у жыцці Святланы Герасімаўны і Валерыя Яўгенавіча адбылася яшчэ адна знамянальная падзея — нарадзілася ўнучка Каця (гэта я), а ў 2004-ым — унук Дзіма.

 

Бабуля і дзядуля шмат гадоў жывуць ва Узмёнах. Святлана Герасімаўна тут пэўны перыяд працавала намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. Кажа, што нялёгка было, але вельмі цікава. Штодзённа ведала чым жыве вялікі працоўны калектыў, якія важныя падзеі адбываюцца на вытворчых аб’ектах. Даводзілася вырашаць і многія праблемныя пытанні.

 

Калі пайшла на заслужаны адпачынак, яшчэ некалькі гадоў загадвала мясцовай бібліятэкай. І цяпер няма часу сумаваць, кожны дзень у клопатах, бо дома вялікая гаспадарка, агарод. Калі прыязджаю да яе падчас канікулаў, то і мяне далучае да хатніх спраў. Захапляецца яна кветкамі, якія радуюць вока на клумбах ля дома з ранняй вясны да позняй восені. Сцылы, цюльпаны, ліліі, хрызантэмы і мноства розных іншых квітнеючых раслін не толькі цешаць гаспадыню і прахожых сваей прыгажосцю, але і патрабуюць догляду, які адымае нямала часу.

— Калі справа па душы, то заўсёды спорыцца і з’яўляецца энергія для яе выканання, — кажа  бабуля.

Хачу заўважыць, што такая ж яркая асоба ў сям’і і дзядуля, Валерый Яўгенавіч. Ён у нас і аграном, і паляўнічы, і вадзіцель, і трактарыст… Кожны раз вяртаецца з палявання з важным “трафеем” — запісамі пра падзеі, якія адбываліся ў лесе — занатоўвае іх, каб затым адлюстроўваць у замалёўках. А яшчэ ён піша вершы. Грае на баяне. На падвор’і ёсць не толькі легкавы аўтамабіль, але і ўласны трактар.

 

У час сямейных юбілеяў, калі збіраюцца госці, не абыходзіцца без песняў. Асабліва кранае душу музычны твор з кінафільма “Вясна на Зарэчнай вуліцы”. “От людей на деревне не спрятаться, не уйти от придирчивых глаз. Тем, кто держит свой камень за пазухой, ох и трудно в деревне у нас…» — спявае бабуля, а вочы свецяцца такой лагодай і цеплынёй. Гляджу і разумею, што вёска для яе — гэта штосьці асаблівае і дарагое, незаменнае.

 

Нядаўна Святлана Герасімаўна адзначыла чарговую юбілейную дату, яшчэ адно дзесяцігоддзе засталося за плячыма, але гэта не падстава сумаваць, трэба заставацца такой жа бадзёрай і вясёлай, жыццярадаснай, здзяйсняць задумы, радавацца новым добрым падзеям, прыгадваць мінулыя. Я вельмі люблю сваю бабулю і дзякую ёй за шчаслівыя моманты, якімі яна напаўняе маё жыццё і ўсёй нашай сям’і. У многім дзякуючы ёй перада мной усё шырэй раскрываецца свет. Яна вельмі важны і аўтарытэтны для мяне чалавек. Шчыра віншую асабіста я і ўсе родныя дарагога нам чалавека з юбілеем.

 

Кацярына ПАЧОПКА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.