Авторизация
 

Міёрская аўтабаза пераступіла 50-гадовы рубеж

 – Раскажыце ў газеце пра Міёрскую аўтабазу № 15, ёй 1 верасня споўнілася 50 гадоў, – патэлефанаваў у рэдакцыю віцябчанін Мар’ян Даргель. – Самастойны статус транспартнае прадпрыемства набыло ў 1969 годзе, я тады на ім працаваў загадчыкам гаражоў. Памятаю, што ў нас было шмат аўтобусаў і грузавых машын – бартавых і самазвалаў, па некалькі рэфрыжэратараў і «Калхід». Транспарт забяспечваў пасажырскія перавозкі, патрэбы райспажыўсаюза, дарожнікаў, мясакамбіната. Выдатна працавалі вадзіцелі Павел Лагуноў, Павел Бушуноў, Дзмітрый Кіслы, Цімафееў, Бароўскі, Карніцкі, Грыгор’еў, на грузавым УАЗіку – адзіная жанчына-вадзіцель Ліда Арол. Зваршчыкамі былі Лабунька і Аніська, токарам – Мікалай Шчавінскі. На запраўцы гаспадарыла Часлава Гірылюк, а яе муж Іосіф слясарыў. Службай эксплуатацыі камандаваў Іван Кудраўцаў, у яго падпарадкаванні знаходзіліся Ніна Бондарава і Марыя Залатуха. Механік па выпуску – Пётр Гарноўскі.

Мар’ян Міхайлавіч даслаў па электроннай пошце здымак часткі калектыву транспартнікаў, зроблены ў час турыстычнай паездкі.
Праверыў юбілейную дату па раённай газеце. Тады «Сцяг працы» пра змяненне статусу аўтапрадпрыемства не паведамляла. Але ў канцы ліпеня 1969-га змясціла нататку пра выдатнага касіра аўтастанцыі філіяла Браслаўскай аўтабазы ў Міёрах Зіну Казлову за подпісам шафёра Паўла Бушунова – актыўнага няштатнага ка- рэспандэнта. У нумары за 9 верасня пра адкрыццё новага аўтобуснага маршрута на Дворнае Сяло паведамляе дыспетчар ужо Міёрскай аўтабазы № 15 Іван Кудраўцаў.


Прасцей за ўсё было б удакладніць не толькі час падзеі, але і многае іншае ў шматгадовага кіраўніка аўтабазы Часлава Пальчаха. На жаль, яго цяжкая хвароба пазбавіла такой магчымасці. Між тым раёнка ў тым жа 1969-м неўзабаве змяшчае нататку Паўла Бушунова «Чалавек дапытлівай думкі» пра токара Мікалая Шчавінскага. Наватар, рацыяналізатар, найлепшы рабочы, якога толькі што абралі членам мясцкама. Яшчэ праз колькі нумароў вестка, што адкрыты аўтобусныя маршруты на Павяцце і Наўгароды. Затым паведамленне ад Івана Кудраўцава, які таксама актыўна супрацоўнічаў з газетай, – аўтабаза пашыраецца: заканчваецца будаўніцтва фінскага доміка для ІТР і дыспетчарскай службы, помпавай станцыі для падачы вады, закладзены фундамент пад душавую.
Відавочцам тых падзей быў механік Пётр Гарноўскі.


– У Міёрскім філіяле Браслаўскай аўтабазы я пачаў працаваць 9 верасня 1965 года, – нагадвае Пётр Вікенцьевіч. – Ён размяшчаўся на месцы сенабазы і ўяўляў агароджаную пляцоўку з «Кунгам» (будкай-кузавам ад вялікагрузнай машыны) ля варот і закапанай пяцікубовай бочкай для бензіну ў супрацьлеглым кутку. Гэтай гаспадаркай непрацяглы перыяд камандавалі на маёй памяці Мікалай Барысовіч і Мікалай Варзопін. Пасля іх застаўся бадай што толькі пост зваркі, у якім месціўся невялікі такарны станочак для расточкі тармазных калодак. З прыходам Часлава Пальчаха пачаліся перамены: атрымана гаспадарчая самастойнасць – сталі аўтабазай № 15, разгарнулі вялікае будаўніцтва гаспадарчым спосабам. Спачатку атрымалі два фінскія зборна-шчытавыя дамы для канторы і клуба. Памятаю, як архітэктар Слава Дзяменцьева забіла калочкі дзе іх паставіць.


Потым узяліся за прафілакторый для тэхнічнага абслугоўвання аўтамашын з такарным, слясарна-механічным, электратэхнічным аддзяленнямі. Абсталявалі кацельню з двума катламі. Цяпло паступала не толькі ў будынкі. Забяспечылі паветраны падагрэў у зімовы час для 32 машына-месц. З’явілася сталовая на 24 пасадачныя месцы, яна дзейнічала 12 гадоў. Работнікі грамадскага харчавання смачна гатавалі. На месцы сілкаваліся многія нашы работнікі, і я на абед дадому не хадзіў, наведваліся супрацоўнікі з камбікормавага завода.


Усё гэта ўзводзілася гаспадарчым спосабам. Значыць, без афіцыйных праектаў, пад выглядам капітальнага рамонту: нешта разбіралі і рабілі новае або дабудоўвалі. Вялікая заслуга ва ўсім Георгія Іваноўскага. Ён у нас пачынаў токарам, потым стаў будаўніком. Меў талент наладжваць сувязі, як тады казалі – даставаць. Знайшоў і прывёз нямала абсталявання, станкоў з таго, што недзе было ў выкарыстанні.
«Планам новай тэхнікі» (быў такі дакумент) прадугледжвалася ўзвядзенне на аўтабазе прафілакторыя для аўтатэхнікі. Гэта высокі будынак з чатырма падымальнікамі машын, зварачным, электратэхнічным і іншымі аддзяленнямі – у яго маглі ўмясціцца ў халодную пару ўсе нашы аўтобусы. Будаўнічыя работы закончылі, абсталяванне заказалі. Ішоў 1990-ы, не хапіла года аб’ект запусціць…
Напачатку аўтобусаў на аўтабазе было мала. Каб па-максімуме перакрыць маршруты, на кожны садзілі двух вадзіцеляў. Памятаю, што Віталь Зінкевіч працаваў з Паўлам Бушуновым. Як запатрабавалася вазіць па вёсках хлеб, атрымалі з Браслава шэсць новых спецыяльных машын. На іх высокіх паказчыкаў дабіваліся Дзмітрый Рачыцкі, Пётр Яроменак, Мікалай Унучак, Генадзь Жураўскі, Генадзь Турзёнак і Казімір Федаровіч.


Папаўняўся тэхнічны парк хутка: за тры гады атрымалі каля 30 новых адзінак рухомага саставу. Упор быў на аўтобусы, хлебавозы, рэфрыжэратары і бартавыя машыны.


На выпуску мне, Людміле Занковіч і іншым механікам спраў хапала. Рух транспарта пачынаўся з пяці гадзін, а то і раней.
На аўтабазе дзейнічала партгрупа, у якую ўваходзілі дырэктар Часлаў Пальчэх, самы вядомы вадзіцель Віталь Зінкевіч і дыспетчар Іван Кудраўцаў. Напачатку кандыдатамі ў члены КПСС сталі тэхнік па ўліку Ніна Бондарава, інжынер па бяспецы руху Вікенцій Кукуць і я, утварылася пярвічная арганізацыя. Яна папаўнялася. Партгрупоргам, а затым і першым сакратаром пярвічкі быў Віталь Зінкевіч, потым яго замяніў Баляслаў Сівіцкі. Калі ён перайшоў на працу інструктарам райвыканкама, на гэтую пасаду абралі Мар’яна Даргеля.


– Больш за сотні аўтамашын накіроўваюцца кожны дзень з нашай аўтабазы ў далёкія і блізкія рэйсы, – так пачынаў артыкул у раёнцы да Дня работнікаў аўтатранспарта ў 1979 годзе Часлаў Пальчэх. Дырэктар адзначае рост прадукцыйнасці працы, выкананне планаў, павелічэнне каэфіцыента выхаду на лінію, павышэнне кваліфікацыі работнікаў. Сярод найлепшых называе вадзіцеля аўтобуса Валерыя Цярэшку, медалём «За доблесную працу» адзначаны шафёр грузавой машыны Станіслаў Баравік. Ядро калектыву – гэта яшчэ кіроўцы Іван Грыгор’еў (яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару), Дзмітрый Матэленак, Станіслаў Бабіч, Іван Радзішэвіч, Генадзь Васільеў, Мікалай Унучак, Уладзімір Снапок, каваль Часлаў Чарняўскі, токар Мікалай Лакотка, слесар Станіслаў Кравель, дыспетчар Наталля Суравец…


Гэта толькі кароткі экскурс у гісторыю калісь вялікага калектыву, ён не ўкладваецца ў юбілейныя 50, многія з выдатных працаўнікоў у ім не названы. Спадзяюся на працяг.

Даведка
Пётр Гарноўскі нарадзіўся ў Кацілаве. Пасля арміі працаваў інструктарам райкама камсамола. На гэтай пасадзе не затрымаўся: другі сакратар райкама партыі Алег Мартынаў прапанаваў яму працу механікам у тады яшчэ Міёрскім філіяле Браслаўскай аўтабазы. Ёй аддаў 42 гады, да выхаду на пенсію з’яўляўся інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела. Жыве ў Міёрах.

Фота з архіва аўтабазы.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 712
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 82 272
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 67 787
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 188
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 770
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 243
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 316
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 ноября 2019
Александр, Богдан, Василий, Викентий, Владимир, Иван, Илья, Иосиф, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Сергей, Федор, Федот, Анна, Евдокия, Семен

Именины 15 ноября 2019
Константин

Госці краін

free counters
Партнеры сайта