Игоря Швеца поздравили с 60-летием

 Нядаўна святкаваў 60-годдзе начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ігар ШВЕЦ. Ураджэнец Гродзеншчыны пасля школы быў заняты слесарам. Калі закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава, назаўсёды звязаў лёс з нашай Міёршчынай.

У калгасе «Праўда» быў галоўным эканамістам. Затым займаў такую ж пасаду ў раённым аграпрамысловым аб’яднанні, дзе ўзначальваў групу па планаванні і міжгаліновых сувязях. Пасля выпрабавання арганізатарскіх здольнасцей інструктарам РК КПБ абраны старшынёй Перабродскага сельскага Савета. Гэтую пасаду займаў амаль столькі, колькі ўсе папярэднія разам узятыя, каб затым узначаліць аддзел эканомікі, што тады спалучалася з пасадай намесніка старшыні райвыканкама. З верасня 2004-га ў сферы сацыяльнага забеспячэння – дырэктар цэнтра занятасці, начальнік аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.


– Да Ігара Міхайлавіча найбольш часта звяртаюцца людзі, якіх выпрабоўвае жыццё: патрэбны дапамога ў пошуках работы ці матэрыяльная падтрымка, беспрацоўныя спадзяюцца набыць новую прафесію або перасяліцца ў сельскую мясцовасць, – тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення Ірына Іванова. – Ён граматны спецыяліст у галіне працы і занятасці. Ведае сітуацыю з вакансіямі і рухам кадраў, стварэннем новых рабочых месц, перспектывамі ў гэтым напрамку. Заўсёды гатовы даць параду, прыйсці на дапамогу. Чулы і ўважлівы да калег.


Адзінаццаць гадоў Ігар Міхайлавіч працаваў у адной звязцы ці ў падпарадкаванні нядаўняга начальніка ўпраўлення Таццяны Рымша.
– Ігар Міхайлавіч умее працаваць з наведвальнікамі і падтрымліваць узае- маадносіны з суседзямі па кабінетах. Ведае сваю справу, а таму заўсёды дасць параду, дапаможа, падтрымае, – сведчыць Таццяна Мікалаеўна. – Мы з ім Дзевы па гараскопе. Таму ведаю, што паважае бацькоў, у курсе агародна-парніковых і кулінарных спраў, любіць кветкі і пячэ бліны. Не разумею, як гэта яму ўдавалася, аднак у яго кабінеце заўсёды цвілі калы. Сярод захапленняў калісь было паляванне.


Даўно знаёма з Ігарам Міхайлавічам начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Раіса Лакотка.
– Ведаю яго з часу прыезду ў былы калгас «Праўда», – сцвярджае Раіса Мікалаеўна. – Малады, граматны спецыяліст хутка вырас да адказнага работніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі, а затым і райвыканкама. Стаў для Міёршчыны сваім, родным, прырос каранямі да нашага азёрна-балотнага краю.


На ўсіх пасадах праяўляў кампетэнтнасць, вытрымку, настойлівасць, даводзіў да канца пачатыя справы. Валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі і высокай працаздольнасцю. Ветлівы і тактычны, іншым яго і не бачыла. Працаваць з Ігарам Міхайлавічам лёгка, хаця даводзілася вырашаць няпростыя пытанні: ён умее зразумела і канкрэтна выказваць свае думкі.
Жадаю юбіляру моцнага здароўя, менш праблем і далейшай плённай працы. Няхай радуюць яго сын і ўнукі.


Самую разгорнутую характарыстыку юбіляру даў Іван Паплаўскі, тагачасны старшыня калгаса «Праўда», пад кіраўніцтвам якога Ігар Міхайлавіч пачынаў працоўную дзейнасць на Міёршчыне.
– Ігар Швец быў граматным і ініцыятыўным галоўным эканамістам, – пацвярджае Іван Уладзіміравіч, – разам з Антонам Дундарам, Францам Вішнеўскім і іншымі спецыялістамі ён быў членам каманды, якая шмат зрабіла па адраджэнні гаспадаркі. Лічу, што галоўны бухгалтар і галоўны эканаміст – найважнейшыя людзі калектыву пасля кіраўніка. У Ігара Міхайлавіча было шмат ідэй па развіцці вытворчасці. Мы пашырылі пасевы лёну да 100 гектараў, што для невялікай гаспадаркі шмат. Галоўны эканаміст даказаў выгаднасць займацца такой справай, прапанаваў укараніць механізацыю на ўборцы даўгунцу. Мы першымі ў раёне прымянілі абарочвальнікі і прэсы для трасты. Ігар Міхайлавіч падказваў, якія крэдыты браць выгадна. І з іх падтрымкай абнавілі ўсе фермы, будавалі жыллё.
Запомнілася, як на наш справаздачны сход прыехаў старшыня калгаса «Кастрычнік» Васіль Дзегіль і адзначыў станоўчыя зрухі ў развіцці. Па яго прагнозе «Праўда» магла здагнаць па паказчыках «Кастрычнік» гадоў праз пяць. Мы ж гэта зрабілі за адзін. І ў тым ёсць несумненны ўклад Ігара Міхайлавіча.


Сярод яго ідэй было адраджэнне старажытнай сядзібы ў Камянполлі. Дзеля гэтага разам ездзілі да праектантаў нават у Маскву. Шкада, што няпросты час не дазволіў давесці справу да канца, ажыццявіць і некаторыя іншыя праекты. Тым не менш гэта быў перыяд творчай працы, які ўспамінаецца з задавальненнем.


Выдзелю і яшчэ адну рысу Ігара Міхайлавіча – яго ўважлівасць да людзей.
– Ігар Міхайлавіч быў у маім падпарадкаванні, як з’яўлялася загадчыкам аддзела райкама партыі, – сведчыць ветэран партыйнай і савецкай работы Раіса Парфёненка, былы старшыня раённага Савета дэпутатаў. – Як на інструктара на яго заўсёды можна было разлічваць: у любой сітуацыі не падвядзе. Як чалавек – камунікабельны, эрудыраваны, а таму цікавы субяседнік. Умеў наладжваць узаемаадносіны з людзьмі. Добры арганізатар, але не жорсткі адміністратар, чалавек каманды – дабіваецца поспеху побач з такімі ж адказнымі работнікамі.


Я жыхарка Перабродскага сельсавета, на маіх вачах ён пачынаў працоўную дзейнасць у калгасе «Праўда». Добра разбіраўся ў пытаннях эканомікі, быў гаспадарлівым дома, у сям’і. Здаралася, здароўе яго падводзіла, аднак хваробы адольваў без скарг.
Калі стаў старшынёй сельскага Савета, да яго пацягнуліся людзі, бо ў ім насельніцтва бачыла кіраўніка, які шчыра жадае вырашыць праблемы кожнага.


– Так, Ігар Міхайлавіч умеў наладжваць і падтрымліваць кантакт з насельніцтвам у якасці кіраўніка мясцовай улады, – пацвярджае былы старшыня раённага Савета, а цяпер лідар ветэранскага руху на Міёршчыне Часлаў Кашкур.


Юбілей – гэта свята, якое дае падставы падвесці вынікі жыццёвага шляху. Мае субяседнікі засведчылі: Ігар Міхайлавіч Швец прыйшоў да 60-годдзя паважаным спецыялістам, кіраўніком, працаўніком, сем’янінам, чалавечным чалавекам.
Наша агульнае пажаданне: здароўя, дабрабыту, даўгалецця!

Фота прадастаўлена Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.