Николай Каландо 25 лет возглавлял звено по выращиванию картофеля на Миорщине

 Еду ў Шарагі. Не ў тыя, праз якія праходзіць асфальтаваны бальшак Полацк – Браслаў. Навігатар сцвярджае, што да пункта прызначэння з Іста 2,6 кіламетра. Але па гравійцы, на якой не прыкметны сляды грэйдара, на легкавіку не разгонішся. Таму нібы блізкі шлях здаецца доўгім.

Шарагі Язненскага сельсавета – маленькая вёсачка, у якой пяць хат і столькі ж пастаянных жыхароў. У іх ліку Мікалай Сяргеевіч і Ніна Якаўлеўна Каланды. У жніўні яны адзначылі 54-ю гадавіну сумеснага жыцця. У верасні гаспадару споўніцца 80. Вядзе ціхае пенсіянерскае жыццё, а калісьці яго імя гучала на ўвесь раён і за яго межамі. Кніга «Памяць» нагадвае, што трактарыст саўгаса «Дзісенскі» ўзнагароджаны ардэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Адзначаны ён і ленінскім юбілейным медалём.


– 25 гадоў узначальваў звяно па вырошчванні бульбы, – апавядае ветэран. – Мы штогод садзілі клубні на 200 гектарах і накопвалі на кожным па 220 цэнтнераў, калі ў сярэднім па раёне было 130 – 140. Палі невялікія, у якасці папярэднікаў падбіралі канюшыну ці зерневыя. Уносілі шмат арганікі, торфу, дабаўлялі мінеральныя тукі, аміячку. Садзілі «Беларускую раннюю», «Тэмп» і іншыя гатункі, старанна даглядалі пасадкі.


Мы – гэта члены звяна: механізатары Васіль Альхімовіч, Мікалай Пальцаў і Арсень Свірко на колавых трактарах, а Пётр Дуброўскі на гусенічным ДТ-75 звычайна займаўся ворывам. Альхімовіч і Каланда працавалі на саджалках СН-4, ім дапамагалі Ганна Бельская і Марыя Басянок. Збіралі ўраджай польскімі капалкамі.


 Падчас службы ў арміі Мікалай Сяргеевіч атрымаў спецыяльнасць «Дызеліст- электрык». Калі вярнуўся дадому, прайшоў курсы ў райцэнтры. Потым працаваў на МТЗ-2, развітаўся пры выхадзе на пенсію з МТЗ-82. Усяго кіраваў чатырма трактарамі. Неаднаразова павышаў кваліфікацыю, знаёміўся з новымі тэхналогіямі вырошчвання бульбы, з сучаснай тэхнікай, асаблівасцямі пасадкі, апрацоўкі, іншымі тонкасцямі атрымання высокіх ураджаяў. Прадстаўляў раён на розных афіцыйных мерапрыемствах. Не падлічыць колькі разоў узнагароджаны нагруднымі знакамі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва і ўдарніка пяцігодкі, толькі захаваліся не ўсе. Ардэнаносец, дэпутат раённага і абласнога Саветаў. Запрашалі на рэспубліканскія святы, юбілейныя пасяджэнні.


У асабістым жыцці таксама ўсё складвалася. Жонкай стала Ніна Якаўлеўна з недалёкага Забор’я, пазнаёміліся на саўгаснай працы. Яна пачынала паляводам, потым была брыгадзірам. Хату ўзводзілі сваімі сіламі ў Шарагах, у ёй жывуць і цяпер. Будынкі і агарод дагледжаныя. Выгадавалі двух сыноў, маюць трох дарослых унукаў.


Спраўляцца з гектарным участкам і агародам дазваляе трактар Т-40, калісьці купілі яго ў меліяратараў. Як і раней, садзяць бульбу, сеюць пшаніцу. Трымаць жывёлу ўжо не хапае моцы.


Гаспадыня Ніна Якаўлеўна па праваслаўных святах служыць у Істаўскай царкве. Радуецца ўраджаю ў парнічку. Там поўна жоўтых, надта смачных памідораў. Усім прапануе спелыя плады на насенне. Гаспадар скасіў бульбоўнік і разлічвае на добры ўраджай клубняў.


Вечары бавяць ля тэлевізара, з перадач самыя запатрабаваныя навіны, «Поле цудаў».
Язненскія Шарагі – аддаленая ціхая вёсачка ў прыгожых мясцінах. Летам сюды рэгулярна наведваюцца хіба што паштальён, дачнікі ды аўтамагазін. Калі што спатрэбіцца купіць тэрмінова, сядае Мікалай Сяргеевіч на мапед, кіруе ў Іст ці Язна.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.