Авторизация
 

Анатоль Матэленак з "Узменскага края" адзначыў 65-годдзе

 Анатоль МАТЭЛЕНАК мае самы вялікі кіраўніцкі стаж у сельскай гаспадарцы раёна, і ўвесь напрацаваў у адным сельгаспрадпрыемстве. Калгас імя Кірава, які затым стаў ААТ «Узмёнскі край», узначальваў 35 гадоў. Пайшоў на заслужаны адпачынак адразу як дазволіў узрост. Нядаўна ва Узмёнах прымаў віншаванні з 65-годдзем. 

– Мы не забываем вынікі Вашай працы, а гэта ўраджай зерневых да 45 цэнтнераў з гектара, вялікія аб’ёмы высоканумарнай трасты, тысячатонныя намалоты алейнага насення рапсу, будаўніцтва аграгарадка, – гаварыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Шокель і аб’явіў падзяку ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта.


– Вырасціў пакаленні працавітых людзей, – адзначыў галоўнае, на яго думку, дасягненне Анатоля Мікалаевіча былы начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Бялько. Потым абодва будуць успамінаць пра працу ў калгасе «Гігант», дзе пазнавалі школу жыцця, вучыліся дабівацца належных вынікаў на палях. Запомнілася, як дыпламатычна галоўны аграном Яўген Дабрадзеенка знаёміў тагачаснага сакратара партарганізацыі і іншых спецыялістаў з азамі вырошчвання вялікага ўраджаю. Перадаваў навыкі вырошчвання даўгунцу Гілярый Талкач, старшыня калгаса, а затым галоўны аграном райсельгасхарчу, вялікі майстар ільнаводства.


Прафсаюзную ўзнагароду і падарунак уручыў юбіляру старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Хахель. Нагадаў, што сапраўдную загартоўку Анатоль Мікалаевіч атрымаў у спорце. Пажадаў, каб яна і далей дазваляла захоўваць працаздольнасць і аптымізм.


Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур удзячны былому старшыні за падтрымку ветэранскага руху. Таму прыехаў з віншавальным адрасам і сувенірам. Пажадаў, каб падтрымлівалі і радавалі дзеці і ўнукі.


Нашчадкі для кожнага – асобная тэма. Сваіх дзяцей, сцвярджае Анатоль Мікалаевіч, ён не выхоўваў: штодзень ад цямна да цямна займаўся калгаснымі справамі. Два сыны і дачка раслі пад наглядам маці. Самі выхоўваліся на прыкладзе бацькоў – у працы. Былі надзейнымі памочнікамі на агародзе і падворку, на калгасным полі. Разам з маці Вольгай Іосіфаўнай за дзень уздымалі і адгружалі машыну трасты на льнозавод. Потым хлопцы асвоілі камбайн і некалькі сезонаў вялі жніво. Такога прыкладу, каб сыны старшыні сталі камбайнерамі, у раёне больш не было.


Анатоль Мікалаевіч, чым запомніліся 35 гадоў і 45 дзён старшынёўства?
– Штодзённай працай без выхадных і водпускаў, калі рабочы дзень мог працягвацца цэлыя суткі. У калгас імя Кірава ў снежні 1980 года мяне прывёз старшыня райвыканкама Мікалай Шкляр. Да Узмён ледзь даехалі на УАЗіку – такой разбітай была дарога. Калгаснікі недаверліва сустрэлі 26-гадовага кіраўніка, настаўніка фізкультуры з невялікай практыкай сакратара партарганізацыі ў «Гіганце». І гэта зразумела: кармоў мелі мала, зябліва не ўзарана, арганізацыя працы кульгала, а трэба было выжываць.
Затое былі залатыя людзі. З імі навазілі саломы з Казахстана, усю зіму нарыхтоўвалі галінкавы корм на балоце ля Ліпавак. За тону хваі атрымлівалі столькі ж камбікорму. Так перажылі першую зіму.


Потым заняліся будаўніцтвам. Без праектаў, з улікам чужога вопыту, гаспадарчым спосабам. Узводзілі майстэрню, васьмігадовую школу, што потым стала сярэдняй, дзіцячы сад, для якога праз райвыканкам атрымалі два зрубы, ФАП. Узяліся за жыллё, а гэта каля 130 кватэр. Многія і цяпер радуюць вока дагледжанасцю пабудоў, агародаў і садоў.


У калгас пачалі вяртацца людзі, з’явіліся працоўныя дынастыі. 
Пабудавалі новыя склады, тры зернесушылкі. Некаторыя фермы перабудоўвалі па некалькі разоў, як мянялася тэхналогія ўтрымання статка. Вырашылі праблему кармоў для жывёлагадоўлі. Пачалі стабільна надойваць па 3300 – 3600 кілаграмаў малака. Чатыры гады запар калгас намалочваў па 1000 – 1200 тон рапсу , ураджайнасць зерневых дасягала 43 – 45 цэнтнераў на круг. Па 400 т пастаўлялі на перапрацоўку льносаломкі нумарамі 2.50 – 2.75. Цяпер гэта мара…


Людзі падтрымлівалі пераўтварэнні. Калі выставіў сваю кандыдатуру ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, мяне падтрымала 95 % тутэйшых выбаршчыкаў.


Чаму тады, як дазволіў узрост, адразу здалі кіраўніцкі пост?
– Прычын некалькі. Па-першае, фізічна і псіхалагічна стаміўся. Не ведаю, хто з кіраўнікоў гаспадарак майго пакалення ў раёне вытрымаў бы столькі гадоў бесперапыннай работы.


Па-другое, памяняліся ўмовы гаспадарання. Выраслі патрабаванні да захавання тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, выканання законаў і нарматыўных актаў, колькасць якіх пастаянна павялічваецца, пры адначасовым узмацненні кантролю за ўсім гэтым сілавых органаў. У аграрным сектары фінансавае становішча пакуль складанае, з матэрыяльнымі рэсурсамі не лепш, а гаспадарчыя, фінансавыя і матэрыяльныя рашэнні кожнаму кіраўніку даводзіцца прымаць хутка і практычна штодзень. Я не гавару пра злоўжыванні. Нават несвоечасовае ці некваліфікаванае афармленне можа мець негатыўныя вынікі. Гэты пастаянны прэс выбівае з каляіны, пазбаўляе ініцыятывы.


За перыяд кіраўніцтва сельгаспрадпрыемствам зроблена шмат, але я не перабольшваю свае заслугі і дасягненні. «Узмёнскі край» быў сярэдняй гаспадаркай з развітым раслінаводствам, але асноўныя грашовыя паступленні забяспечвала жывёлагадоўля. Патрабавалася змена курсу, важак павінен быў прапанаваць новы напрамак развіцця, сучасны шлях, па якім весці за сабой людзей. Гэта яшчэ адна прычына адстаўкі.


Нарэшце, немалаважны і матэрыяльны бок справы: заробак дырэктара акцыянернага таварыства быў на ўзроўні сярэдняй пенсіі.
Апошнім часам нямала сказана пра неабходнасць дыктату тэхналогій у сельгасвытворчасці.


– Правільна, толькі ён павінен падмацоўвацца адпаведнымі рэсурсамі. Гэта тэхніка, якая адпавядае патрабаванням тэхналогій. Падрыхтаваныя кадры. Умовы для нарыхтоўкі і захоўвання якасных кармоў для жывёлы. Фінансы для набыцця паліва, элітнага насення, гербіцыдаў і фунгіцыдаў, абсталявання і многае іншае. Таму дыктат тэхналогій у нашых умовах – не неадкладная мэта, а больш паступовы працэс.


Многія лічаць, што сітуацыя ў аграрным сектары зменіцца, калі туды прыйдзе ўласнік.
– Пэўны час і я так лічыў. І сапраўды: сусветны вопыт сведчыць, што прыватнік здольны хутка надаць вытворчасці дзейснасць. Дзяржаўны сектар можа таксама працаваць эфектыўна. Цяпер прытрымліваюся той думкі, што справа не ў форме ўласнасці, а ва ўмовах гаспадарання. Дзяржава не павінна абмяжоўваць ініцыятыву вытворцы, асабліва на рынку, у выбары спажыўца сваёй прадукцыі, у многіх іншых пытаннях. Поспех у зацікаўленасці не толькі прадпрыемства, але і работніка ў канчатковым выніку. Тады кантралёры не спатрэбяцца.


Праца на грамадскай ніве ў мінулым. Чым напоўнена пенсіянерскае жыццё?
– Клопатамі пра дом, гаспадарку, асабістае поле, а яно займае паўтара гектара. Забяспечваю на ім севазварот з бульбы, азімых і яравых зерневых. Надзейны памочнік у справах невялікі трактарок МТЗ-132. Ураджай дазваляе трымаць свіней і птушак. На карову сіл ужо няма. Ля дома агарод з парнічком і сад.


Захапляюся тым, на што раней не хапала часу: гляджу па тэлевізары спартыўныя перадачы, сачу за спаборніцтвамі. Палюбіў інтэрнэт. Часта наведваюцца сыны і дачка з сем’ямі. Не забываюць былыя кіраўнікі і падначаленыя, з якімі захаваў сяброўскія адносіны. Таму ў юбілей было шмат віншаванняў. Галоўнае, што жыву сярод людзей, з якімі столькі гадоў разам працаваў на карысць роднага краю.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 448
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 81 479
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 62 118
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 947
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 625
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 131
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 200
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 сентября 2019
Александр, Алексей, Глеб, Давид, Ефим, Захар, Максим, Федор, Елизавета, Ираида, Раиса, Афанасий

Именины 17 сентября 2019
Александр, Василий, Григорий, Иван, Митрофан, Михаил, Моисей, Николай, Павел, Петр, Степан, Федор, Юлиан, Елена

Госці краін

free counters
Партнеры сайта